В Слуцкий музей уже почти 30 лет не могут попасть артефакты XII-XIII веков

Гiсторыя да запатрабавання

Вядомы археолаг — у прафесіі больш за 40 гадоў, кандыдат гістарычных навук Леанід Калядзінскі б`е ў званы. У лісце ў рэдакцыю паведамляе: у Слуцкім края знаўчым музеі імкнуцца пазбавіцца ад атрыманых амаль 30 гадоў таму каштоўных прадметаў матэрыяльнай культуры XII—XIII стагоддзяў. На такі сігнал нельга не зрэагаваць. Што ж адбываецца?

Галоўны захавальнік фондаў Людміла ШКУРСКАЯ з фрагментамі знаходак — рэшткамі костак жывёл.

Спачатку крыху перадгісторыі. У 1985—1986 гадах Леанід Калядзінскі праводзіў у Слуцку ахоўныя раскопкі ў зоне будаўніцтва Дома культуры. Яго ўзяліся ўзводзіць у самым цэнтры горада — на старажытным дзядзінцы, помніку археалогіі. 

Раскопкі былі багатымі на знаходкі — сотні артэфактаў XII—XIII стагоддзяў: прадметы з чорнага металу, дрэва, шкла, вырабы са скуры, косці, кераміка. У тым ліку рэчы ўнікальныя, як чатыры шахматныя фігуркі, адной з якіх — выразанаму з косці каралю — няма аналагаў на тэрыторыі Усходняй Еўропы.

Самыя каштоўныя і рарытэтныя прадметы слуцкі музей прыняў у свой фонд адразу ж. Усяго па выніках тых раскопак яго калекцыя папоўнілася 797 артэфактамі. Масавыя ж археалагічныя знаходкі — фрагменты глінянага посуду, кафлі, косткі на ўлік музеем ня ўзятыя і сёння.

Леанід Калядзінскі распавядае:

— У 2005 годзе я прывёз у Слуцк студэнтаў педуніверсітэта на археалагічную практыку. І што бачым: у падвалах музея, дзе знаходзілася калекцыя, вады — амаль па шчыкалатку. У вільгаці — драўляныя прадметы. Вырабы з жалеза, расчышчаныя мной пасля раскопак да металічнага бляску, пакрыліся бурай іржой.

Археолаг Леанід КАЛЯДЗІНСКІ ў раскопе.

Тады са студэнтамі мы паднялі ўсю археалагічную калекцыю наверх. Прасушвалі, складалі ў новыя пакуначкі і скрынкі. Скуру прамывалі ў гарачай вадзе, сушылі, прамазвалі гліцэрынай. Яе я тады забраў у Мінск. Выратаваў. Засталася — згніла б несумненна.

Так было ў 2005-м. Што ж цяпер? За адказам адна дарога — у Слуцк.

Будынак Слуцкага края-    знаўчага музея гістарычны — былы Дом дваранскага сходу, размешчаны ў самым цэнтры горада. З мінулага года музей зачынены на капітальны рамонт. Частка калекцыі знаходзіцца ў школе № 8, частка — у абсталяваным па ўсіх патрабаваннях сховішчы філіяла музея — галерэі мастацтваў. Прадметы з раскопак Калядзінскага — таксама там.

Глядзіце: адкрывае дзверы галоўны захавальнік фондаў Людміла Шкурская і прапускае нас з Наталляй Серык, дырэктарам музея, унутр памяшкання.

На падлозе прама ля ўваходу дзясяткі два складзеных кардонных і драўляных скрынак, запоўненых пакуначкамі з глінянымі чарапкамі. Побач — ёмістасць з фрагментамі костак жывёл. Гэта ўсё, што засталося з выратаванага ў 2005-м.

Чаму ж да гэтага часу не патрапілі гэтыя прадметы ў музей на захоўванне? Наталля Серык запэўнівае: прыняць іх немагчыма. Па законе для гэтага патрэбен акт перадачы прадметаў музею ад археолага, а скласці яго можна, толькі маючы яго вопісы кожнай са знаходак і археалагічныя справаздачы.


У гэтых вопісах і справаздачах уся загвоздка. Спадар Калядзінскі сцвярджае, што ў музеі ўсе неабходныя дакументы ёсць. Абвінавачвае супрацоўнікаў у бяздзейнасці, маўляў, за столькі гадоў у тыдзень па чарапку — усё можна было б перапісаць і на захоўванне афіцыйна прыняць. Музей-    шчыкі заяўляюць: вопісаў, якія маюцца, недастаткова, нават па раскопках 1985 года. А ў скрынках Калядзінскага, як іх тут называюць, ёсць неапрацаваныя прадметы і з раскопак 1986, 1987, 1988 і 1999 гадоў. 

— Вось, калі ласка, фрагмент керамікі, — Наталля Серык адкрывае адзін з пакуначкаў. — Частка ці то куфля, ці то тыгля. Мы можам толькі меркаваць. На прадмеце шыфр. Часткова зразумела: 318 — нумар па калекцыі. СЦК, 1999 — Слуцк, 1999 год. Далей — неразборліва. І — пласт 5-ы, квадрат 12-ы. Менавіта той 5-ы пласт на тых раскопках да якога перыяду адносіцца? Самі мы не можам разабрацца, на жаль. 

Пытанні захаванасці гісторыка-культурных каштоўнасцяў уваходзяць у сферу клопатаў спецыялістаў Міністэрства культуры, Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама і іх калегаў у Слуцку. З сітуацыяй усе знаёмыя. Меркаванне аднолькавае: захоўванне ў музеі прадметаў музейнага значэння без адпаведнай дакументацыі забаронена. Археолагу прапаноўвалі перавезці знаходкі для далейшых даследаванняў у Акадэмію навук, пры неабходнасці гатовыя і з транспартам дапамагчы. Але не забірае. Абураецца: у краіне не было ніводнага выпадку вяртання музеем прадметаў з раскопак археолагу або навуковай установе.

Дарэчы, нядаўна прадстаўнікі Акадэміі навук прыязджалі ў Слуцк. Па словах Наталлі Серык, знаходкі неўлічоныя агледзелі, сказалі, фрагменты разбіраць трэба, рэкамендавалі пакінуць калекцыю непадзельнай і з`ехалі.

З якога стагоддзя і якой жывёлы гэтая сківіца, — пытанне для музейшчыкаў без адказу


А праблема засталася. Дырэктар музея разводзіць рукамі:

— Як гэтыя фрагменты разбіраць? Рабіць гэта трэба разам з археолагам. Ён у Слуцку бывае. Свае знаходкі праведваў і сёлета: паглядзеў і пайшоў. Яго пазіцыя: сядайце і пішыце самі, я вам усё аддаў.

Да таго ж, настойвае Наталля Серык, нідзе ў музейным заканадаўстве не агаворваецца, што калекцыя археалогіі павінна быць прынятая ў музей да самага драбнюткага фрагмента. Кажа: пакажыце дакумент, які гэта пацвярджае. І заўважае, што каля тысячы такіх жа масавых знаходак, афіцыйна перададзеных з тых жа раскопак 1985 года, у фондах музея ўжо маюцца.

І ўсё ж пытанне з артэфактамі трэба неяк вырашаць.

— Пачнем з таго, што перагледзім усе скрынкі па гадах, — кажа Наталля Серык. — Накіруем запыт у Інстытут гісторыі Акадэміі навук, каб з архіву нам далі справаздачы па матэрыялах раскопак, якіх не стае, і паспрабуем самі складаць вопісы наяўных прадметаў.

Леанід Калядзінскі ў гэтыя лістападаўскія дні зноў у Слуцку. Надвор`е яўна не для раскопак. Але працуе. Побач з тым жа Домам культуры. Будынак вырашана рэканструіраваць пад Палац шлюбаў. Да яго павінны пракласці інжынерныя камунікацыі. Але перш у адпаведнасці з законам — даследаванне культурнага пласта. Фінансаванне, як часта бывае, затрымалася, вось і прыходзіцца наганяць такой неспрыяльнай парой. Леанід Калядзінскі наракае: на гэтыя раскопкі выдаткаваў ужо і адпускныя, і заробак, і пенсію, грошай пазычыў. Але працягвае капаць. Кажа: паступіць інакш не дазваляюць прафесійны абавязак і адказнасць. Відавочна, сваёй справе ён адданы бясконца і такога ж стаўлення патрабуе ад іншых.

Гутарым на глыбіні без малога     4 метры. Недаравальна было б: ехаць за 100 кіламетраў у Слуцк і не зірнуць на адкапаную частку ювелірнай майстэрні XII стагоддзя!

Дырэктар музея Наталля СЕРЫК: «Прыняць на захоўванне прадметы без вопісаў нельга».

— Уздымаў пытанне, каб пашырыць раскоп, але мясцовая адміністрацыя з заказчыкам сталі сцяной: нельга, маўляў, абрынецца будынак. Так што другая палова гэтай майстэрні можа застацца ляжаць у зямлі на доўгія-доўгія гады. Праўда, наколькі што захаваецца — вялікае пытанне, таму што паветра ўжо трапіла ў глебу, дрэва і скура будуць разбурацца, метал пакрывацца ржой. Такое тут стаўленне да помнікаў археалогіі, — у словах археолага боль і крыўда.

Цікаўлюся новымі знаходкамі. Яны ёсць, ды якія! Толькі сярэбраных прадметаў амаль 25 адзінак, у тым ліку такіх унікальных, як тры пазалочаныя жаночыя ўпрыгожванні — колты. Пасля такіх знаходак, упэўнены Леанід Уладзіміравіч, да тэмы працягу раскопак пасля зімы мясцовым уладам вярнуцца проста неабходна, будзе зноў на гэтым настойваць.

Пытаюся: куды збіраецца знойдзенае аддаваць? Адказвае: быў бы ўпэўнены ў забеспячэнні высокай ступені захаванасці, пакінуў бы ў Слуцку. Але, на жаль... Да таго ж, разважае, з улікам капрамонту музея тут доўга яшчэ не будзе. Таму знаходкі вырашыў адправіць у адну з гістарычных экспазіцый Акадэміі навук.

Якім бачыцца яму выхад у сітуацыі з захаванасцю ранейшых знаходак? Тут Леанід Уладзіміравіч таксама катэгарычны. Радыкальны варыянт — мяняць кіраўніцтва музея, умераны — прымусіць музейшчыкаў працаваць і на працягу бягучай восені, зімы і вясны прывесці калекцыю ў парадак. Калі патрэбна кансультацыя, калі ласка. А далей няхай працуюць самастойна.

Падобна на тое, каб пайсці насустрач адзін аднаму і паставіць, нарэшце, кропку ў гэтай справе, музейшчыкам і археолагу трэба папярэдне выкурыць, як кажуць, «трубку міру». А затым разам узяцца за працу. Інакш хто паклапоціцца пра гэтыя складзеныя ў скрынкі фрагменты гісторыі? 

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter