Рыгор Шырма апрацаваў для хору больш за 2 тысячы мелодый

Гісторыя адной песнi

Сёлета споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння народнага артыста СССР і БССР Рыгора Шырмы, вядомага харавога дырыжора, фалькларыста, музычнага і грамадскага дзеяча, мастацкага кіраўніка Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы, з якой яму давялося аб’ездзіць з канцэртамі ўвесь свет. Наша народная песня прагучала на ўсіх кантынентах, у розных кутках Беларусі і былога СССР. Мне як педагогу музычнай школы, кіраўніку мастацкай самадзейнасці неаднаразова даводзілася сустракацца і гутарыць з паважаным Рыгорам Раманавічам. І сёння я, ужо 79-гадовы пенсіянер, часта праслухоўваю ў грамзапісе творы ў выкананні яго капэлы, захоўваю фотаздымкі пра канцэрты гэтага творчага калектыву.

Запісы выступленняў Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы і сёння радуюць калекцыянераў-меламанаў.

Справа жыцця


«Песня — душа народа» — такія словы можна было пачуць і на рэпетыцыях, і ў бяседзе з Рыгорам Шырмай. 18-гадовым юнаком ён пачаў запісваць фальклор ад вясковых пяюх і займаўся гэтай любімай і вельмі карыснай творчасцю да канца свайго жыцця. Адкрываю яго чатырохтомны зборнік народных песень. Якія таленавітыя апрацоўкі! Рыгор Шырма апрацаваў для хору больш за 2 тысячы народных мелодый. Адна з іх — «Пасеяла агурочкі» — любімая мной з дзяцінства.

У пасляваенныя гады я на слых навучыўся іграць на гармоніку нямецкага строю Hohner. Яго мне падарыў ваенны музыкант — мой сусед, дэмабілізаваны пасля цяжкай кантузіі, гармонік быў яго франтавым спадарожнікам. Мне для азнаямлення паказаў толькі, як іграецца гама, і аддаў тоўсты рукапісны зборнік ваенных і народных песень, папулярных у тыя часы: «Смуглянка», «Цёмная ноч», «Сямёнаўна»... Далей я самастойна навучыўся падбіраць любімыя мелодыі, і ўжо ў юнацкім узросце іграў на вясковых вечарынках з маім аднагодкам Колем Анацкавым, ён быў у ролі барабаншчыка, меў добры голас і пачуццё рытму.

Любімая мелодыя


У тыя цяжкія часы нот у нас не было і ў паміне. Словы «радыё», «телевізар», «магнітафон» мы нават і не чулі. Жылі пры свеце ад лучыны, а хто багацейшы — пры лямпе-газоўцы. На вечарынках танчылі на земляной падлозе, бо не ва ўсіх хатах яшчэ былі пасланы драўляныя. Але вечарынка была самай што ні ёсць культурнай з’явай-мерапрыемствам у вёсцы. У перапынку паміж танцамі ладзіўся імправізаваны канцэрт: спявалі папулярныя і самабытныя песні, выступалі салісты і дуэты. Нас з Міколам-барабаншчыкам часта прасілі праспяваць «Пасеяла агурочкі».

Пявуха з Бялавічаў


Пра гісторыю нараджэння гэтай песні хацелася б распавесці. Яна была надрукавана ў 1959 годзе. А запісаў яе Рыгор Шырма ў фальклорнай вандроўцы ў 1930-м ад таленавітай вясковай пявухі з вёскі Бялавічы, што ў цяперашнім Івацэвіцкім раёне. Яе звалі Вольгай Іванаўнай, яна была жонкай аднаго з дзеячаў рэвалюцыйна-дэмакратычнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі Івана Мікалаевіча Грэцкага, з якім сябраваў Шырма.

...Дзесяць гадоў адпакутавала жонка рэвалюцыянера ў Карагандзінскім сельскагаспадарчым лагеры, нічога не ведаючы пра лёс мужа і дзяцей. Памёр муж у 40-гадовым узросце ў ваколіцах Магадана. Дажывала свой адзінокі век Вольга Грэцкая ўдалечыні ад радзімы, у горадзе Шахцінску Карагандзінскай вобласці.

Я і сёння часта праслухоўваю сваю любімую песню «Пасеяла агурочкі» ў грамзапісе, часта ўключаю яе ў канцэртны рэпертуар мастацкай самадзейнасці, бо яна вельмі хутка развучваецца і запамінаецца. Ужо апошні куплет, чутно, як у глядзельнай зале падпяваюць. Любяць на сяле фальклорныя песні.

Яўген ЛАПЦЕЎ, г. Навагрудак

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter