АТН сняло новый ролик к Году малой родины

Гісторыя адной навагодняй цацкі

Белтэлерадыёкампанія падрыхтавала чарговы, ужо чацвёрты ролік з серыі «Малая радзіма». Апош­ні, зімовы, ён падорыць не толькі пераднавагодні настрой, але крышачку суму, для некага — настальгіі.

У двуххвілінным роліку 30-гадовая гісторыя адной сям’і.
Фота Дзіяны Слінко-Сіговай

Памятаеце гісторыю, што працяглы час з’яўлялася на «Беларусь 1» паміж рознымі перадачамі, пра мужчыну, які вярнуўся ў дом свайго дзяцінства, убачыў запусценне і вырашыў яго аднавіць? Новы сюжэт будзе на гэтую ж тэму.

— Для мяне лейтматывам усяго праекта ідзе настальгічны настрой, — гаворыць рэжысёр Марыя Жукава. — Такія эмоцыі вельмі часта ўзнікаюць менавіта напярэдадні Новага года. Вядома ж, бывае сумна. У нас заўсёды аптымістычныя ноткі, але не без светлага суму. Падарожжа ў часе — гэта тое, што аб’ядноўвае ўсе ролікі. Яшчэ — вёска. Як гэта ні сумна, яна памірае, але мы хочам, каб людзі ўзгадалі сваіх бацькоў, продкаў і зрабілі свой уклад у яе адраджэнне. Неабавязкова будаваць дом. Часам дастаткова проста адрамантаваць плот, які пакрывіўся, — і гэта ўжо вялікая справа.

І новы ролік якраз пра гэта. Прадзюсар і адзін з аўтараў праекта Руслан Туркоў расказаў, што новая гісторыя ўмоўна падзелена на тры часавыя прамежкі. Пачынаецца яна недзе ў 1985-м, калі адна вясковая сям’я ўпрыгожвае ёлку і маленькі хлопчык неспадзявана разбівае навагоднюю цацку — домік. Праходзіць крыху больш за дзесяць гадоў, той хопец ужо студэнт. Аднакурснікі весела адзначаюць Новы год, а наш герой думае пра бацькоў, адшуквае жэтон і ідзе на вахту, каб патэлефанаваць ім і павіншаваць са святам. І вось ужо наш час. Той маленькі хлопчык — салідны мужчына, які працуе ў офісе. Час позні, калегі разышліся па дамах, але ён над нечым задуменна сядзіць. Апошняя сцэна: ужо дарослы сын з’яўляецца на парозе старэнькай бацькоўскай хаты з жывой ёлкай у руках. Разам сям’я пачынае ўпрыгожваць лясную прыгажуню, маці дастае старую шкатулку, дзе ляжаць розныя рэчы: крыжык сына, камсамольскі білет і… той самы склеены домік, які хлопчык разбіў у далёкім 1985-м. Тут і становіцца зразумела, чаму мужчына заседжваўся дапазна на рабоце: ён адкрывае ноўтбук, а там — праект аднаўлення бацькоўскага дома… 

Сюжэт сапраўды шчымлівы. Гледзячы гэтую гісторыю, многія ўзгадаюць сябе дваццаць-трыццаць гадоў таму і бацькоў яшчэ маладых і рухавых. Стваральнікі роліка наўмысна не мянялі сваіх герояў у розных узростах: ролі выконваюць адны і тыя ж людзі. І дзякуючы прафесійнаму грыму выглядаюць арганічна і ў 1980-я, і сёння. 

Словы захаплення трэба выказаць і касцюмерам. Дзіяна Слінко-Сігова шмат чаго з адзення і абутку 1980-х і 1990-х знайшла ў сваіх «засеках». Але не адзін дзень прыйшлося ёй пашукаць і на сайтах, дзе прадаюцца рэчы, якія былі ва ўжытку. Урэшце за сімвалічныя грошы набылі модныя тады світар-«бойз», кіслотнага колеру ласіны, джынсы-варонкі і яшчэ шмат адзення з тых гадоў. А каб вы бачылі салатавыя туфлі на абцасах! Усё гэта ўборы для моладзі, якая адзначае Новы год у інтэрнаце ў 1990-я. Дарэчы, гэтыя ролі выконвалі сённяшнія студэнты Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. У іх жа інтэрнаце здымалі адну са сцэн. На сцяну ў холе павесілі стары таксафон, які для гісторыі беражліва захоўвае «Белтэлекам», зрабілі іншыя адмысловыя дэкарацыі — атрымалася адзін у адзін, як было дваццаць гадоў таму. 

Руслан Туркоў настальгіруе: гэта часы яго юнацтва, ён тады якраз быў студэнтам. Яму ўсё гэта вельмі блізка і добра знаёма. А вось у рэжысёра Белдзяржфілармоніі Івана Давыдзенкі, якому выпала шчасце выконваць ролю галоўнага героя, будучага архітэктара, іншыя адчуванні. Студэнтам ён быў зусім нядаўна: таксафонаў з жэтонамі не памятае, адзенне той пары, вядома ж, не насіў. Затое дом яго бацькоў знаходзіцца ў вёсцы. І…

— Калі прачытаў сцэнарый роліка, адразу зразумеў, што гэта гісторыя мне вельмі блізкая, — расказвае Іван. — Вёска, бацькі і разбітая навагодняя цацка… У мяне ў дзяцінстве таксама быў такі выпадак. І чамусьці гэтая цацка дагэтуль у маёй памяці. Ролік усіх нас вяртае ў дзяцінства і нагадвае пра родны дом. У такія моманты сапраўды хочацца рабіць нешта для бацькоў. На жаль, у адрозненне ад свайго героя-архітэктара наўрад ці змагу зрабіць такі шыкоўны падарунак, але я як рэжысёр свят абавязкова прысвячу ім які-небудзь канцэрт. 

Галоўнае — увага, памяць. Гэта тое, да чаго схілялі ўсе чатыры ролікі праекта АТН «Малая радзіма». Бацькі і малая радзіма павінны заўсёды быць у нашым сэрцы.

stepuro@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter