З пачатку года нелегальныя гандляры заплацiлi ўжо амаль 82000 рублёў штрафаў. Чаму пустуюць спецыяльна выдзеленыя месцы на гарадскiх рынках?

Гіпермаркет на асфальце

Палявыя кветкі, саленні, бульбу, клубніцы, чарэшню і зеляніну - чаго толькі не прадаюць у горадзе з асфальту. З нелегальным гандлем адпаведныя службы змагаюцца не першы год, але праблема па-ранейшаму існуе. Асабліва шмат парушальнікаў у дачны сезон. З пачатку года іх ужо аштрафавалі амаль на 82 000 рублёў. Карэспандэнт “Рэспублікі” даведалася, чаму прадаўцы не ідуць працаваць на легальны рынак.

У Мінску дзясяткі стыхійных кропак. Адна з упадабаных — тэрыторыя вакол папулярнага Камароўскага рынку. «Кірмаш» ладзяць ужо ля выхаду са станцыі метро «Плошча Якуба Коласа». Усе, хто там бываў, скажуць: з-за нелегальных прылаўкаў па пераходзе не прайсці.

Падключаюся да чарговага рэйду рабочай групы: гэта супрацоўнік аддзела гандлю адміністрацыі раёна і прадстаўнікі міліцыі. Спускаемся ў пераход — на здзіўленне тут гандляроў няма. Мне тлумачаць: з-за штодзённых праверак нелегалы пастаянна мяняюць лакацыі. І сапраўды, дачнікаў з гароднінай і прадаўцоў шырспажыву заўважаем крыху далей ад метро. Убачыўшы супрацоўнікаў міліцыі патрульна-паставой службы Савецкага РУУС Мінска, гандляры бягуць урассыпную: адны хапаюць тавар, іншыя кідаюць «прылавак». Але ўдаецца гэта не ўсім.

— Ой, не карайце мяне, — жаласна просіць прадавец-нелегал. Сутаргава згортвае лавачку. Пазней прызнаецца: гандляваць на вуліцы — справа прыбытковая, але абяцае больш з законам не жартаваць.

Іншыя «прылаўкі» таксама імгненна зніклі: правяраючых ведаюць у твар. Як толькі бачаць, уцякаюць. Але шмат хто вяртаецца. Як паказвае практыка, самых злосных парушальнікаў ніякія штрафы не палохаюць. Ірына Арцёменка, галоўны спецыяліст аддзела гандлю і паслуг адміністрацыі Савецкага раёна, у які ўжо раз тлумачыць нелегалу, што гандляваць з асфальту нельга. Але тая супраціўляецца: нікому дрэннага нічога не робіць — галоўны яе аргумент. Пакуе тавар у сумку, збірае раскладныя сталы і галосіць: калі ўжо яе пакінуць у спакоі...

— З пачатку года толькі ў нашым раёне на нелегальных гандляроў склалі больш за 380 пратаколаў. Ільвіная доля прыпадае якраз на гэтага «прадаўца». Бачымся з ёй ледзь ці не кожны дзень — яна атрымлівае штрафы і працягвае парушаць, — тлумачыць Ірына Арцёменка.

Праходзім далей — у пераходзе ля Камароўкі таксама ідзе гандаль. Заўважаюць нас і пачынаюць хаваць тавар: робяць выгляд, што апынуліся тут выпадкова. Калі бачаць, што іх фатаграфуюць, паводзяць сябе, мякка кажучы, не надта прыязна. Члены рабочых груп штодня вытрымліваюць шквал нападак: прадаўцы-нелегалы па-рознаму рэагуюць на просьбу сабраць тавар і пакінуць пераход. 

Нелегалаў штрафуюць, але тыя не здаюцца: у пік сезону працягваюць гандляваць

Барацьба з нелегальным гандлем у горадзе ўзмоцнена. На такіх прадаўцоў складаюць пратаколы, якія разглядаюць суды і вырашаюць, якую суму штрафу парушальнік павінен заплаціць. Гандляроў харчаваннем прыцягваюць па частцы 8 артыкула 12.17 КаАП — гэта штраф да 3 базавых велічынь. Але ёсць яшчэ частка 10 гэтага ж артыкула — яна рэгламентуе санкцыі ў адносінах да людзей, што гандлююць набытай прадукцыяй. Ім пагражае штраф ад 5 да 50 базавых велічынь. Сумы, пагадзіцеся, немаленькія.

У Галоўным упраўленні гандлю і паслуг Мінгарвыканкама падлічылі: з пачатку года рабочыя групы пры адміністрацыях раёнаў правялі 419 рэйдаў і склалі 966 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях за несанкцыянаваны гандаль. Агульная сума штрафаў — 81 614 рублёў. 

Асноўная маса нелегалаў трапляецца ў дачны сезон. Прадаўцы клубніц, чарэшань, агуркоў, зеляніны з уласнай градкі выстройваюцца ля прыпынкаў транспарту, вакол харчовых рынкаў. І завабліваюць пакупнікоў: «Не праходзьце міма, купіце дамашняе!» Чаму не ідуць гандляваць за афіцыйныя прылаўкі? Адказваюць усе як адзін: месцы дарагія, прадаваць там ягады і гародніну нявыгадна. Праўда ці не? 

Вольныя месцы на гарадскіх рынках ёсць заўсёды
Фота аўтара

Улетку на сезонным Камароўскім рынку аншлаг і раніцай, і ўвечары. Прадаўцы наперабой прапануюць паспрабаваць іх ягады і гародніну. Цікаўлюся ў прадаўца клубніц, ці выгадна гандляваць на афіцыйнай кропцы. Тая ўсміхаецца:

— Думаеце, стаяла б я тут сабе ў страту? Выгадна! Для мяне ніякай складанасці гандляваць на рынку няма: сабрала клубніцы з агарода, атрымала даведку ў сельсавеце, здала ягады на аналіз — усё, прадавай. Тым больш што пенсіянерам плаціць за месца не трэба.

Прадаўцы прызнаюцца: выдаткі на афіцыйны гандаль мізэрныя, акупляюцца за паўгадзіны. Але нелегалы прагнуць больш зарабіць: на стыхійных рынках цэны моцна завышаюць. Разважаюць так: на вуліцах людзей шмат, усё роўна тавар возьмуць.

У адміністрацыі Камароўскага рынку пацвердзілі «Р»: пенсіянерам пры рэалізацыі сваёй садавіннаагародніннай прадукцыі вагой да 20 кг плаціць за месца на рынку не трэба. Варта толькі дакументальна пацвердзіць, што ёсць свой сад ці агарод. Аргумент нелегалаў аб тым, што гандляваць на рынках дорага, — простая адгаворка. Напрыклад, месца для продажу клубніц абыдзецца дачніку (акрамя пенсіянераў) усяго ў 3 рублі 77 капеек у дзень. Аналіз прадукцыі таксама не каштуе вялікіх грошай, праводзіцца ў мясцовай лабараторыі, прычым досыць хутка. Калі прыйсці на рынак з самай раніцы, то з усімі працэдурамі можна справіцца ўжо да прыходу першых пакупнікоў.

Яшчэ адно папулярнае апраўданне нелегалаў: «На рынках няма месцаў». У адміністрацыі Камароўкі запэўніваюць — гэта не так:

— На сезоннай частцы рынку для гандлю гароднінай, садавінай і зелянінай з прыватных агародаў штодня выдзелена каля 100 месцаў. Калі неабходна, на тэрыторыі могуць размясціць яшчэ каля 60 дадатковых вынасных сталоў для гандлю. Яшчэ не было сітуацыі, калі камусьці не хапала афіцыйнага прылаўка, — вольныя месцы ёсць заўсёды.

Тэлефаную на іншыя гарадскія харчовыя рынкі. Іх, дарэчы, у Мінску каля 20. Дзесьці прадстаўляюся фермерам, дзесьці дачнікам. Адміністрацыя ветлівая: запрашаюць прыехаць гандляваць, месцы для гэтага там таксама ёсць. З веданнем справы зноў вяртаюся на нелегальны «кірмаш». Расказваю аб афіцыйных прылаўках, агітую. Адказ дзівіць:

— Туды мы не пойдзем! Нават не ўгаворвайце.

Аказалася, што з маіх суразмоўцаў, хто сёння гандлюе на вуліцы, на афіцыйны рынак не звяртаўся ніхто. Але многія бабулі прызналіся: аб бясплатных прылаўках нават не ведалі.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter