Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Навучальны год у Беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільнюсе пачаўся з традыцыйнай лінейкі ды новых будаўнічых планаў

Гімназія вокнамі ў заўтра

Сёлета ў гімназіі празвінеў першы званок для 21 першакласніка. Усяго ж больш за 200 вучняў селі там за парты, і 14  дзяцей набраны ў падрыхтоўчы клас. Як напісала ў рэдакцыю дырэктарка гімназіі Дзіяна Стахновіч, большасць навучэнцаў, зразумела, дзеці з беларускіх ды змешаных сем’яў. Ёсць і з літоўскіх. Ідуць у гімназію мэтанакіравана, бо ўзровень адукацыі — высокі. Выпускнікі становяцца студэнтамі многіх еўрапейскіх вну, а ў вучняў з беларускімі родавымі каранямі ёсць і магчымасць паступіць на льготных умовах ва ўніверсітэты Беларусі. Дарэчы, адна з выпускніц нядаўна стала студэнткай Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы.

Дырэктарка Беларускай гімназіі ў Вільнюсе Дзіяна Стахновіч вітае першакласнікаў

На святочнай лінейцы 1 верасня ў гімназіі сустракалі ганаровых гасцей. Амбасадар Беларусі ў Літве Аляксандр Кароль павіншаваў вучняў і настаўнікаў з пачаткам навучальнага года, пажадаў добрага настрою, новых адкрыццяў і поспехаў у вучобе. Амбасадар уручыў ранцы першакласнікам, унутры якіх — школьнае канцылярскае начынне і падарунак ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі: спецыяльнае выданне “Беларусь — наша Радзіма”. На свяце былі прадстаўнікі Дэпартамента нацменшасцяў пры Урадзе Літвы і мясцовых органаў самакіравання. З Беларусі прыехалі кіраўнікі будаўнічых кампаній “Мапід” і “Алвора” Мікалай Мілашэўскі і Мікалай Калеснік.

У інтэрв’ю карэспандэнту Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Кароль адзначыў: у адпаведнасці з дагаворам аб трансгранічным супрацоўніцтве ў Беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны з’явіцца вялікая прыбудова ў два паверхі — там будуць сталовая і спартзала. Адказнай бударганізацыяй стане кампанія “Мапід”. Дарэчы, яе дырэктар Мікалай Мілашэўскі абяцаў: “Бярэм доўгатэрміновае шэфства над гімназіяй. Гатовы прымаць дзяцей з яе і летам у сваім летніку, каб яны на беларускай зямлі адчулі сябе як на Радзіме”.

А ў Беларусі гімназісты бываюць даволі часта: на экскурсіях, у гасцях у сяброў-аднагодкаў з беларускіх школ, адпачываюць у дзіцячым летніку “Зубраня”.

Навучальны год у Віленскай гімназіі пачаўся з падарункаў

На пачатку лета, напрыклад, група навучэнцаў і педагогаў пабывала ў Мінску. Паколькі сёлета 135-я ўгодкі Янкі Купалы і Якуба Коласа, то знаёмства з горадам пачалося для гасцей з наведвання літаратурных музеяў Песняроў. Гімназісты паўдзельнічалі ў адукацыйнай праграме “Янка Купала ў дыялогу культур”. Вялікае ўражанне пакінула і Нацыянальная бібліятэка з яе Музеем рэдкай кнігі. Экскурсанты гулялі па мінскіх парках, плошчах, знаёміліся з архітэктурнымі помнікамі.

Навучальны год толькі пачаўся, а ў гімназіі ўжо рыхтуюцца да навукова-практычнай вучнёўскай канферэнцыі, прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Як вядома, з Вільняй звязаны цікавыя старонкі жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны. А ў канцы кастрычніка будзе і экскурсія на радзіму першадрукара — у старажытны Полацк.

Віруе жыццё ў Беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільнюсе. Упэўнена крочаць яе выхаванцы ўверх па прыступках ведаў, разам з педагогамі падтрымліваюць у беларускім раней горадзе Вільні жыццё-бытаванне беларускай мовы, культуры, традыцый.

Даведка ГР. Віленская беларуская гімназія была афіцыйна адкрыта 4 студзеня 1919 года i стала адной з першых беларускіх сярэдніх школ у Літве. Цяпер Беларуская гімназія імя Францыска Скарыны ў Вільнюсе — адзіная беларускамоўная навучальная ўстанова за межамі Беларусі, якая дае поўную сярэднюю адукацыю. Выпускнікі маюць льготы пры паступленні ў вну Беларусі. У гімназіі працуе больш за 30 высокакваліфікаваных педагогаў, дзейнічае Музей беларускай літаратуры і мастацтва.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 35 (3539), чацвер, 14 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter