Гiмн жыццю на параненай зямлi

Дзякуючы былым жыхарам вёскi Жалезнiкi тут адрадзiўся храм Мiнаюць гады, а не сцiраюцца з памяцi тыя ўражаннi, якiя iнакш як кароткiм словам “гора” не назавеш. Да драбнiц, напрыклад, узгадваю той адчай, якi ахапiў людзей на пахаваннi вёскi Лiпы, што была калiсь у Буда-Кашалёўскiм раёне. У вялiзны катлаван магутная тэхнiка пакрысе ссоўвала хаты. Тыя, хто там нарадзiўся i жыў да чарнобыльскай навалы, глядзелi на ўсё, што адбывалася, са скамянелымi тварамi. Мурашкi бегалi па скуры ад той жалобы, якую яны не маглi схаваць ад чужых вачэй. Здавалася (ды так было i на самай справе), што яны не проста хаваюць сваю вёску... А ўсё тое, што было звязана з мiлай бацькаўшчынай.

Усё гэта ўспомнiлася, ажыло ў душы, калi надарылася нядаўна пабываць у Веткаўскiм раёне. Колькi ж iх, гэтых вёсак-нябожчыц, трапiлася на шляху майго невялiчкага падарожжа! Пабужжа, Чырвоны Кут, Сiвенка, Барталамееўка, Петухоўка, Грамыкi, Рудня Стаўбунская... I вось Жалезнiкi, вёска, таксама шчодра пасыпаная чарнобыльскiм попелам, але яшчэ не цалкам пакiнутая людзьмi. Сюды я iмкнулася, каб паглядзець на новенькую царкву.
У першы момант захапiла дух. У непагадзь, у пахмурны слотны дзень царква, здавалася, асвятляла ўсё наваколле. I мiжволi не хацелася глядзець па баках, натыкаючыся позiркам на паўразбураныя сядзiбы, рэшткi некалi дагледжаных садовых дрэў, удзірванелыя агароды. Уверх, у блакiт неба, быў скiраваны мой позiрк. I ззяў там купал з дзевяццю унiкальнымi званамi. Мясцовыя жыхары казалi, што галоўны, самы вялiкi з iх, важыць 640 кiлаграмаў.
Нi кропелькi не перабольшу, калi скажу, што царква гэтая — сапраўдны гiмн жыццю на засыпанай чарнобыльскiм попелам зямлi. Адкуль жа такi цуд? Але ж мы ведаем, што цуды бываюць толькi ў казках. А царква гэтая — увасабленне мары людзей, якiя нарадзiлiся i выраслi тут, у некалi вельмi маляўнiчым куточку Гомельшчыны. Браты Сяргей i Пётр Караткевiчы, паспяховыя маскоўскiя бiзнесмены i даўно ўжо грамадзяне Расii, за ўласныя сродкi вырашылi заняцца адраджэннем роднай вёскi.

bog2.jpgbog1.gif
Паклiкала маленькая радзiма
Сяргея i Пятра радзiма дзяцiнства заўсёды прыцягвала быццам магнiтам. Нягледзячы на тое што ў апошнiя гады iх бацькi — Таццяна Макараўна i Рыгор Сяргеевiч (зараз нябожчыкi) — жылi ў Гомелi, хлопцы кожнае лета разам цi паасобку прыязджалi ў родную вёску. Сядзелi з вудамi на беразе любай з маленства Беседзi, сустракалiся з землякамi. Але пасля кожнага наведвання вёскi маленькая зарубка заставалася на сэрцы — балюча было ўсведамляць, што пакрысе разбураецца iх маленькая радзiма. Яшчэ праз два гады пасля катастрофы на ЧАЭС у ёй заставалася 127 двароў i 1263 жыхары. Хоць Жалезнiкi i не ўваходзiлi ў спiс населеных пунктаў, якiя падлягалi абавязковаму адсяленню, вёска ўсё ж апынулася на мяжы iснавання. У ёй засталося толькi дзесяць двароў. I аднойчы, у час чарговага наведвання Жалезнiкаў, Караткевiчы аб’явiлi землякам, што маюць намер адраджаць малую радзiму. Браты вырашылi, што галоўная справа — рэстаўрацыя царквы. Стрыечны брат Дзмiтрый Саўчанка спачатку не зразумеў сваiх родзiчаў.
— Хiба ў вас грошай куры не дзяўбуць? — такiмi словамi ён адрэагаваў на пачутую навiну.
— Грошы лiчыць — апошняя справа, лепш падумай, каго ўзяць сабе ў памочнiкi — будзеш нашым прадстаўнiком на будоўлi, — адказалi браты.
З 1 кастрычнiка 2004 года ў Жалезнiках з’явiлiся рабочыя, якiя распачалi неабходныя работы. Усе будаўнiчыя матэрыялы пастаўлялiся з Расii.
Дакладна невядома, але кажуць, што царква Святога Мiкалая Цудатворцы была ўзведзена ў Жалезнiках у XVIII стагоддзi. Пры выняццi грунту з-пад падлогi была знойдзена цаглiна з лiчбай 1777. Усё на свеце старэе i разбураецца. Даўно закрылi царкву. Пэўны час яна служыла збожжасховiшчам, складам мiнеральных угнаенняў, а яе навакольная тэрыторыя — месцам выпасу жывёлы, побач была ферма саўгаса “Свяцiлавiчы”.
Сёння царква, па меркаванню тых, хто помнiць яе дзеючай, набыла звонку амаль першапачатковы выгляд. Унутры падлога i сцены да вокнаў укладзены мармуровымi плiтамi. Дарэчы, памяшканне падаграваецца з падлогi. Спецыялiсты з Сергiева Пасада аздобiлi сцены мастацкiм роспiсам (узоры ранейшага насценнага жывапiсу не захавалiся). Афiцыйнае адкрыццё храма вырашылi прымеркаваць да дваццацiгоддзя чарнобыльскай катастрофы.
Маюць намер Караткевiчы працягнуць ад суседняй вёскi Свяцiлавiчы газаправодную нiтку. На ўзвышшы, паводле iх планаў, з’явiцца воданапорная вежа, шчылiна для якой ужо прасвiдравана. А на крутым беразе звiлiстай сiнявокай Беседзi выкапаны ўжо катлаван пад будучую дачу братоў. I сапраўды, не прасiцца ж iм на начлег да людзей, яны жадаюць быць не гасцямi ў вёсцы, а гаспадарамi.
Знаходзiлiся скептыкi: маўляў, хто пойдзе ў тыя Жалезнiкi, у паўразбураную вёску. Але ж, па-першае, трэба сказаць, што зараз пры абласным упраўленнi Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях створана спецыяльнае падраздзяленне, якое прыводзiць у парадак занядбаныя вёскi, збаўляе iх ад старых будынкаў, якiя даўно страцiлi гаспадароў. Па-другое, у суседнiх Свяцiлавiчах, дзе неўзабаве з’явiцца аграгарадок, царква пасля закрыцця не аднаўлялася. Увесь праваслаўны люд збiраецца ў каплiчцы на могiлках. Там цесна, нязручна. Такiм чынам, i выходзiць, што не будзе пуставаць царква Святога Мiкалая Цудатворцы. Абавязкова пойдуць i паедуць туды людзi.
Многiя землякi братоў Караткевiчаў з павагай аднеслiся да iх намеру адраджэння вёскi. Даводзiлася чуць такiя разважаннi: iншыя паклалi б грошы ў банкi цi вывезлi за мяжу. Яны ж — малайцы. Памяць пасля сябе пакiдаюць не там, дзе жывуць, а дзе нарадзiлiся i пуцёўку ў жыццё атрымалi.
Мне ж здаецца, што не столькi Караткевiчы думаюць пра тое, якую памяць пакiнуць пасля сябе, колькi пра родны кут, якi стаў зусiм не падобны на iх маленькую радзiму. I хаця кажуць, што ў адну раку двойчы нельга ступiць, Пётр i Сяргей хочуць, каб бруiлася жыццё ў гэтым маляўнiчым куточку Веткаўшчыны. Яны проста ведаюць, як гэта балюча, калi памiрае вёска. Вось i iмкнуцца не дапусцiць гэтага. А яшчэ аддзячыць роднай зямлi за дадзенае iм жыццё.

Фота Сяргея ХАЛАДЗIЛIНА, БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter