Віншаванні з юбілеем прымае вядомы паэт-песеннік Уладзімір Карызна

Гiмн паэзii i песнi

25 мая віншаванні з 80-годдзем прымае Уладзімір Карызна — адзін з самых заслужаных і вядомых паэтаў, аўтар слоў дзяржаўнага гімна Беларусі і шматлікіх зборнікаў вершаў для дарослых і дзяцей. На яго тэксты напісана каля 200 песень. Іх выконвалі Валянціна Пархоменка, Тамара Раеўская, Якаў Навуменка, яны ўваходзяць у рэпертуар ансамбляў «Песняры», «Сябры», «Верасы», «Бяседа», народнага хору імя Г. Цітовіча. На яго словы пісалі музыку лепшыя нашы кампазітары: Семяняка, Глебаў, Смольскі, Лучанок, Ханок, Захлеўны. Многія з яго песень даўно любімыя ў народзе, увайшлі ў залаты фонд нацыянальнай культуры, сталі класікай: «Беларусь мая сінявокая», «Люблю цябе, Белая Русь», «Азёры дабрыні», «Хаджу сунічнымі барамі», «Зорачка мая», «Салавей спявае», «Дні прыгожыя», «Паверце, дзеванькі»…

Менавіта як да паэта-песенніка прыйшло прызнанне да Уладзіміра Карызны. Пра песню і наша размова.

— Уладзімір Іванавіч, ці любы верш можа стаць песняй?

— Не, нават калі ён самы лепшы. Песня — сур’ёзная рэч, асаблівы жанр, свая спецыфіка. У песні свая душа, у яе словах павінна быць чутна музыка, а радкі, бы клавішы, іграць. 

— Адкуль пачатак вашага шляху да песні?

— Мае бацька і мама песню вельмі любілі. Калі ў сяле якое свята, іх абавязкова звалі за стол, бо яны шмат і добра спявалі. І я таксама слухаў, запамінаў. Песня, асабліва пасля вайны, давала людзям сілы жыць, ратавала. Як без сякеры ці рыдлёўкі ў гаспадарцы, так было і без песні. 

Мая родная вёска Закружка на Міншчыне была спалена немцамі, наш дом таксама згарэў, доўга я, сястра і брат жылі з мамай у лесе. Пасля вайны таксама цяжкае жыццё, беднае. У мяне ў дзяцінстве не было ніякага музычнага інструмента, але я, здаецца, усюды чуў музыку — у песнях лесу, крынічкі, саду, гарачай летняй нівы. Песня для мяне як хлеб, без яе няма жыцця. Адчуванне яе сілы з малых гадоў лягло мне на душу і сэрца. Яшчэ ў школе пачаў мелодыі сам прыдумваць. А калі паступіў ва ўніверсітэт, паехаў на цаліну пасля першага курса і зарабіў грошай, то купіў сабе не касцюм, якога ў мяне тады не было, а акардэон. Вельмі любіў на ім іграць, і няблага атрымлівалася.

— Можа, нямногія ведаюць: акрамя таго, што паэт, вы яшчэ і аўтар музыкі звыш паўсотні песень, у свой час у музвучылішчы займаліся.

— Пахадзіў трошкі, але не закончыў, не атрымалася з мяне прафесійнага музыканта. Месяцы паўтара-два пазаймаўся і зразумеў — цяжка. Я ж музыцы раней не вучыўся, а там дысцыпліны спецыяльныя, якія патрабуюць працы сур’ёзнай. Часу на гэта не хапала, бо адначасова быў і студэнтам філфака ва ўніверсітэце. Так што ад вучылішча адмовіўся, хаця без песень не мог, працягваў сачыняць, наведваў курсы для самадзейных аўтараў, якія арганізавалі пры Саюзе кампазітараў. Займаліся з пачаткоўцамі вядомыя беларускія майстры Генрых Вагнер, Рыгор Пукст. Мае спробы ўхвалялі. У той час нарадзілася адна з маіх першых і лепшых песень — «Беларусь мая сінявокая», напісаў яе на трэцім курсе ўніверсітэта.

— Песні на вашы тэксты вельмі лірычныя. А ці складана было працаваць над дзяржаўным гімнам? 

— Неймаверна складана. Гімн — гэтым усё сказана. Тут жа не проста сеў, зрыфмаваў словы, і гатова. Доўга думаў, вагаўся, перш чым узяцца за працу. А калі адважыўся, паўстала пытанне — хто напіша музыку? Шчыра кажучы, не бачыў сярод кампазітараў таго, хто мог бы гімн напісаць. Вырашыў пакінуць мелодыю папярэдняга аўтара — Нестара Сакалоўскага, яна мне і падабалася. Верш мог бы напісаць цалкам свой, але што скажаш новага? Тым больш у старым тэксце Міхася Клімковіча ёсць шэраг цудоўных радкоў, якія не хацелася проста адкінуць. Навошта шукаць іншыя словы, калі лепш не скажаш? Таму перапрацаваў верш з улікам новых рэалій жыцця. А прозвішча Клімковіча як стваральніка тэксту гімна стаіць перад маім. Лічу, інакш было б няправільна, несправядліва, не па-чалавечы. Словам, цяжка працавалася: велізарная адказнасць, шмат высілкаў псіхалагічных, фізічных. Але я зрабіў усё, што мог.

— Каля 20 гадоў вы працавалі ў рэдакцыі музычнага вяшчання Беларускага радыё. Што думаеце пра нашы сучасныя песні?

— Я лічу класічна: песня — гэта душа народа. Але, на жаль, часцяком у мелодыях, якія сёння чую, няма зярнятка нацыянальнага, традыцыі, сувязі з нашай багатай песеннай класікай, у іх не адчуваецца нашага меласу, а песні ж кожнага народа адрозніваюцца самабытнасцю. Яшчэ вялікі Глінка казаў: не кампазітар стварае музыку, а народ, кампазітар яе толькі аранжыруе.

Але цяпер ёсць фармат. Што гэта і хто яго прыдумаў? Гучаць тры акорды, аўтары, відаць, і нот не ведаюць. Галоўнае ж — у мелодыях няма нічога свайго родненькага, натуральнага, беларускага. А таленавітыя прафесіяналы тым часам са сваімі творамі не могуць да слухача прабіцца. Мяне гэта, мякка кажучы, здзіўляе. Прафесійнае, нацыянальнае павінна гучаць і быць галоўным, а не нейкі фармат. Трэба захоўваць і памнажаць сапраўдную культуру. У савецкі перыяд да прафесійнай песні ставіліся інакш, таму і быў яе росквіт. 

— Вы — пачынальнік знакамітай творчай дынастыі. Раскажыце пра яе. 

— З музыкай звязаны ўжо тры пакаленні нашай сям’і. Мой сын Уладзімір Карызна-малодшы — прафесійны кампазітар, працуе ў розных жанрах, аўтар сачыненняў буйной формы, камерна-інструментальнай і вакальнай музыкі, у тым ліку і больш за сотню песень. Унукі — таленавітыя выканаўцы. Абодва зараз у Францыі. Старэйшая Насця — выдатная скрыпачка, але іграе і на фартэпіяна, яе ж мама — піяністка, канцэртмайстар. Іван — віртуозны віяланчэліст. За яго плячыма ўдзел у класічным «Еўрабачанні», бронза на ХIV Міжнародным конкурсе імя Чайкоўскага і мноства іншых перамог, ён стаў лаўрэатам такога прэстыжнага музычнага спаборніцтва ў свеце, як конкурс імя каралевы Елізаветы ў Бруселі. Мы з жонкай глядзелі запіс гэтага выступлення. Каралева Бельгіі прысутнічала ў зале, сама павіншавала Ваню. Хвалююча і прыемна нам было, канечне.

— Чым зараз занятыя вашы будні?

— Кожны год на цэлае лета мы з жонкай з’язджаем у вёску, на яе радзіму — Браслаўшчыну. Для мяне гэтыя мясціны таксама не чужыя. Пасля заканчэння ўніверсітэта шэсць гадоў працаваў там настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Опсаўскай сярэдняй школе. На Браслаўшчыне з Алай Іванаўнай мы пазнаёміліся і ажаніліся, тут нарадзіўся наш сын. Так што на лета мае заняткі сялянскія, садова-агародныя: паліваць, угнойваць, палоць ды ўраджаю чакаць. 

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter