Сто гадоў таму Іван Луцэвіч, будучы знакаміты паэт і класік беларускай літаратуры Янка Купала, абвянчаўся з прыгажуняй Уладзіславай Станкевіч

Гэй ты, дзяўчына, кветка-лiлея

Сто гадоў таму Іван Луцэвіч, будучы знакаміты паэт і класік беларускай літаратуры Янка Купала, абвянчаўся з прыгажуняй Уладзіславай Станкевіч. Адбылося гэта 23 студзеня 1916 года ў Маскве ў касцёле Святых Пятра і Паўла. Захаваўся пашпарт Янкі Купалы, на адной са старонак якога ёсць пячатка касцёла з подпісам святара. Пра дату і месца падзеі таксама сведчыць ліст Купалы, адрасаваны ім у 1920-х гадах свайму біёграфу Льву Клейнбарту.

Янка КУПАЛА і Уладзіслава СТАНКЕВІЧ, 1916 г.

А пачыналася ўсё ў 1908 годзе ў Вільні. Купалу — 26, Уладцы – усяго 17. Ён працуе ў літаратурным аддзеле газеты «Наша Ніва». Яна — настаўніца па адукацыі, выха­вальніца ў дзіцячым прытулку, захопленая беларускай культурай, аматарка тэатра, спеваў, танцаў. Абое, як і многія тагачасныя прадстаўнікі творчай моладзі, якія гуртаваліся вакол «Нашай Нівы», — прыхільнікі нацыянальнага беларускага адраджэння і аддаюць гэтай ідэі ўвесь свой талент і моц душы.

Першая сустрэча якраз і адбылася ў рэдакцыі газеты. Пазнаёміў маладых людзей Стары Улас — паэт і публіцыст Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі, прыяцель бацькі Уладзіславы, які служыў лясным аб’ездчыкам.

Дарэчы, часта ўзгадваюць французскае паходжанне Уладзіславы Станкевіч і роднасныя сувязі з французскім мастаком-імпрэ­сіяністам Клодам Манэ. Маці Уладзіславы, Эмілія Манэ, расказвае навуковы сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Галіна Варонава, сапраўды была францужанкай, але прозвішча займела ад першага мужа. Пасля расстання з ім яна прыехала з Парыжа на Валожыншчыну, у Вішнева працаваць гувернанткай. Тут выйшла замуж за ляснічага Франца Станкевіча, ад шлюбу з якім і нарадзілася Уладка. 

Уладзіслава Францаўна стала вернай сяброўкай жыцця вялі­ка­га паэта, яго дарадчыцай і п­амоч­ніцай, яе называлі яго анёлам-за­хавальнікам. Сваёй абранніцы Янка Купала прысвячаў вершы, якія ўвайшлі ў залаты фонд беларускай лірыкі кахання. Першы з іх — «Гэй ты, дзяўчына, кветка-лiлея…», напісаны яшчэ да вянчання, у 1914 годзе.

Яны часта бачыліся ў Вільні. Услед за Уладкай у 1915-м Купала едзе ў Маскву. Разам яны пачынаюць вучыцца ў Маскоўскім гарадскім народным універсітэце. Пасля – Першая сусветная, мабілізацыя ў армію… У Мінск Янка Купала вернецца толькі пасля рэвалюцыі, у 1919-м.

— Іх з жонкай «Дом пад таполяй», як яго празвалі гараджане, быў сапраўдным літаратурным салонам, заўсёды адкрытым для гасцей. У Купалы часта збіраліся пісьменнікі, здаралася, з другіх саюзных рэспублік, прыязджалі цэлымі дэлегацыямі. Бывала, гаспадыні даводзілася гатаваць абед і на 25 персон. Адсюль нікога не адпускалі без пачастункаў, нават у самыя складаныя часы, — расказвае Галіна Варонава.

Але выключна хатнімі справамі Уладзіслава Францаўна не абмя­жоўвалася. Яна стала, як цяпер сказалі б, літаратурным агентам свайго мужа, дапамагала ў арганізацыі пісьменніцкай працы, вяла службовую перапіску. А разам з тым часта была першым слухачом і крытыкам яго твораў. Не пакідала Уладзіслава Францаўна і педа­гагічную дзейнасць. Працавала як выхавальніца, метадыст, а пасля і як загадчык дзіцячага прытулку № 8. Дзякуючы яе намаганням гэтая навучальная ўстанова лічылася ўзорнай. Вядома, што Уладзіслава Францаўна нават складала спеўнікі для дзяцей – музыку падбірала сама, а з тэкстамі часцяком дапамагаў Купала.

З беларускімі пісьменнікамі ў час адпачынку ў Ялце (КУПАЛА апошні справа), 1929 г.

Сваіх дзяцей у сям’і не было. Але захаваліся ўспаміны, што маленькія выхаванцы прытулку часта гасцявалі ў доме паэта і нават звярталіся да яго «тата цёці Уладзі». Сам жа Купала вельмі лёгка знаходзіў з імі агульную мову.

Менавіта маленькія дзеці былі тымі гасцямі, каму гаспадар не мог адмовіць ні ў чым. Не вагаючыся, дазваляў зразаць у садзе шыкоўныя белыя ружы, хоць, па-першае, лічыў самымі прыгожымі кветкамі толькі жывыя, на кусце, а па-другое, гэта былі любімыя кветкі Уладзіславы Францаўны.

Дарэчы, сад каля «Дома пад таполяй» быў заўсёды дагледжаны, шчыравалі ў ім гаспадары самі. Усё там было строга па навуцы, а каля кожнай расліны стаялі таблічкі з назвамі – па-беларуску і на латыні. На жаль, нічога ад той купалаўскай сядзібы на колішняй Кастрычніцкай, 40 не засталося. Яна была ўшчэнт знішчана ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. 

У згодзе Іван Дамінікавіч і Ула­дзіслава Францаўна пражылі больш за 25 гадоў. Разам выстаялі ў цяжкі час рэпрэсій. Вытрывалі пасля спробы самагубства Купалы ў 1930-м. Менавіта жонка выратавала паэта фізічна і стала яму духоўнай апорай пасля. Падтрымлівала яго псіхалагічна і ў пачатку вайны – паэт не знаходзіў сабе месца ад горкіх думак пра лёс радзімы і блізкіх, якія заста­ліся ў акупацыі. Але ў дзень гі­белі Купалы Уладзіславы Фран­цаўны побач з ім не аказалася.

18 чэрвеня 1942 года з па­сёлка Пячышчы, неда­лёка ад Казані, дзе паэт з жонкай знахо­дзіліся ў эва­куацыі, яго выклікалі ў Маскву. Купала паехаў адзін — дзелавая, службовая паездка. Як дабраўся да месца, адправіў ліст, дзе паведаміў: усё ў парадку. Пазней даслаў тэлеграму, у якой удакладніў адрас, дзе спыніўся: гасцініца «Масква», нумар 414. Ужо 27 чэрвеня жонка піша яму ў Маскву адказ. Але гэты ліст Купала не атрымае. Увечары 28 чэрвеня ён падае ў лесвічны пралёт гасцініцы і разбіваецца насмерць. Прычыны і абставіны гэтага здарэння дасюль застаюцца тайнай…

Купалу крэміравалі ў Маскве 1 ліпеня 1942 года. Уладзіславы Францаўны на пахаванні не было. Пра смерць мужа яна даведалася толькі 30 чэрвеня і з Пячышчаў прыехаць не паспела – шлях не блізкі, час ваенны. Да Масквы дабралася толькі 3 ліпеня. 

Захаваліся лісты Уладзіславы Францаўны да яе сяброўкі, паэтэсы Канстанцыі Буйло, якія сведчаць, як цяжка перажывала яна гэтую непапраўную страту і нясцерпны душэўны боль. Да сваіх апошніх дзён яна не магла сабе дараваць, што ў той трагічны чэрвеньскі дзень яе не было побач з мужам.

Урна з прахам народнага паэта была перавезена з Масквы ў Мінск у 1962 годзе для перапахавання на Вайсковых могілках, дзе пазней быў узведзены помнік Янку Купалу.

Уладзіслава Францаўна перажыла мужа на 18 гадоў і ўвесь гэты час прысвяціла справе захавання памяці пра вялікага паэта і дарагога ёй чалавека. Яна стала заснавальніцай, а з 1944 года — кіраўніком музея Песняра. Сёння асобны куток у яго экспазіцыі прысвечаны па­мя­ці Уладзіславы Луцэвіч.

У тэму

Слынны юбілей з дня вянчання паэта з Уладзіславай Станкевіч у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адзначаюць міжнародным выставачным праектам «Саюз кахання і творчасці». Прадстаўленыя партрэты адлюстроўваюць закаханых у акружэнні пейзажных матываў, звязаных з тэмамі ў творчасці Янкі Купалы: родная прырода, вясковыя вуліцы, віды Вільнюса і Мінска, дзе жыла маладая сям`я. Усе работы створаны ў тэхніцы традыцыйнага кітайскага жывапісу тушшу і мінеральнымі фарбамі на рысавай паперы вядомай гродзенскай мастачкай Марынай Эльяшэвіч. А каліграфічныя тэксты да іх выканаў выдатны майстар, першы сакратар Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Чжан Хунвэй, які пераклаў на кітайскую мову фрагменты твораў Янкі Купалы.

svirko@sb.by

Фотаздымкі прадастаўлены з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter