Гэты загадкавы “матрос”

Апетыту акуня можна пазайздросціць — ён пастаянна шукае, чым бы падсілкавацца

Апетыту акуня можна пазайздросціць — ён пастаянна шукае, чым бы падсілкавацца

Хто б ні завітаў днём да вады, рыбы адразу гэта ўсочаць. Язь памкне ўглыбкі, плотка — пад лісты капытніку ці лілей, карасік шасне ў траву. І толькі акунь паводзіць сябе інакш. Страсенне берага, трэск галля, нават сілуэты ўзбуджаюць яго цікаўнасць. Хаця ў першыя секунды і ён можа матлянуцца туды-сюды. Ды ненадоўга: хвіліна-другая — і на фоне пясчанага дна ізноў застракацяць знаёмыя “цяльняшкі”. Прыцішцеся, угледзьцеся пільней — і ў прыцені затокі зможаце ўбачыць сапраўдны лемяш. Пэўна ж, цікуе: зрок у “матроса” сто на сто, лічыце, снайперскі. І тут справа не толькі ў смеласці гэтага цікавага суб’екта. Яго арганізм нібы пражэрлівы “рэактар”, якому пастаянна патрэбна паліва. Ды не проста “сліняўкі” накшталт бакаплава, а нешта такое, што адным махам задаволіць і паляўнічы азарт, і, галоўнае, ненажэрнасць. Ведае, нахабнік, дзе шумок, трасенне, там нешта абрынецца, ссунецца і скокне праменька ў яго пашчу. Але што?..

Па блату і... сабрату

Увогуле акунь — спрынтар, хаця і не з самым прывабным экстэр’ерам. Хутчэй гэта грубы цельпушок. Кароткацелы, гарбаты, яршысты. Ды энергіі яго штуршка з месца атакі можа пазайздросціць і шчупак. Той, як вядома, набірае інерцыю за кошт уласнага цела — звілістага і пругкага. Яго рухавік — хвост. Акунь мусіць літаральна “катапультаваць” за прываблівай здабычай — на працяглую пагоню яго “канструкцыя” не разлічана.

Хаця многім рыбаловам, хто неаднойчы назіраў, як акунь палюе, падаецца, што ён нястомны — гоніць драбязу з паўвярсты. Але пад вадой тых акунёў цэлая чарада! Больш таго, яны ўмеюць наладжваць эстафету.

Стаміўся адзін — напярэймы імкне другі, трэці і гэтак далей.

Дык вось, дзеля таго каб загрузіць свой “рэактар” і не застацца ў дурнях, гэты зух можа падсекчы і напарніка, з якім толькі што праследаваў ахвяру. Як гаворыцца, па блату дасталося і сабрату... Нярэдка, разамлелы ад смакаты, упадае ў здранцвенне і сам трапляе ў пераплёт. Але ж хто на яго можа паквапіцца?

Смяротная прычоска

Я адразу звярнуў увагу на “лапаць”, што было відаць у вадзе пад берагам. Асцярожна, каб не ўскаламуціць донныя адкладанні, падвёў абадок сачка пад незнаёмы прадмет. І, ледзь прыўзняўшы, адчуў: штосьці не так. Раз, другі зачэрпнуў вады, выплюхнуў на знаходку, адмыў ад глею. Аказалася, што гэта самы што ні на ёсць акунь, памерам з падэшву добрага бота. Яго галаву ўпрыгожвала кучаравая “прычоска” з... п’явак. Імі быў запоўнены рот, яны разапнулі яго жабры. Прыйшлося нямала папрацаваць пінцэтам (незаменная рэч у рукзаку!), каб уратаваць разяваку. Упэўнены, не гурман са сквапнасці нахамячыў шчокі далікатэсам, а п’яўкі, хутчэй за ўсё, адолелі небараку пад лёдам. А там хто яго ведае...

Вядома, такая здабыча не магла ўзбагаціць мой улоў. Я адпусціў акуня ў “сподачак”, якія звычайна застаюцца пасля павадку: што будзе, то будзе... А праз тыдзень убачыў знаёмца ва ўжо абмялелай лужыне. Ён трэніраваў тут драбязу — з ёршыкаў, акунькоў, плотачак.

Праз гадзіну мой пацыент разам з іншымі рыбкамі апынуўся ў Сіньцы — правым прытоку Свіслачы. А я падумаў: вось жа прыбіваюцца да чалавека звяры і птушкі, калі ім патрэбныя дапамога і абарона. Мо і гэты акунь таму аказаўся навідавоку?

Карысны “масаж”

Няпроста гэтаму, так бы мовіць, “гегемону” падводнага царства аднерасціцца. За рэдкімі выпадкамі ў іх такі працэс магчымы толькі ў вялікіх поймах, дзе сотні і нават тысячы асобін. А калі веснавая плынь ушчэнт зруйнавала звыклы “раддом”? Вось і вымушаны акуні ў разгубленасці траціць нямала сіл на пошукі новага. Нярэдка з-за гэтага нават парушаюцца тэрміны вымятання ікры.

Ёсць у акуня яшчэ адна фізіялагічная асаблівасць. Яго цела ва ўзросце — не гутаперчавая маса, а спрасаваная мускулатура. Да таго ж яно змешчана ў своеасаблівы “карсет”, калі не сказаць — у “бляшанку”. Акуню ў час нерасту недастаткова пацерціся, як, напрыклад, карпу, аб нешта ці адзін аб аднаго. Мала яму прайсці леташняй асакой ды аерамі, каб атрымаць належны “масаж”, размякчыць ікраныя і малокавыя залозы. Для гэтага яму патрэбныя падводныя “барыкады” з карчоў, тапляка, каменныя перакаты, глінавыя ды мелавыя лабірынты. Патрэбна менавіта тое, што здольна стварыць напружанне целу, аказаць супраціўленне ажно да шкрабін, ран, зрываў лускі...

Я, напрыклад, калі вылоўліваў акунёў з такімі адмецінамі, думаў, што рыбы пабывалі ў абдымках судакоў, шчупакоў ці таго ж сома. Спатрэбіліся назіранні, развагі, каб зразумець такую з’яву. Хаця ў свой час быў ля яе разгадкі блізенька-блізенька.

...Ледзь толькі вада ў рэчцы Якушоўка вызвалялася ад лёду, мае землякі пачыналі цягаць на бераг розны друз і прытопліваць яго. У справу ішло кустоўе, карэнне, нават цэлыя дрэвы, асабліва елкі. І мы, падшыванцы, ахвотна ўдзельнічалі ў такіх “суботніках”. Праз тыдзень-другі такія завалы былі аздоблены наплывамі і стужкамі вадзяніста-шараватай ікры. А колькі ў тых пераплётах заставалася акунёў! Ды якіх...

Усё гэта збіралася і трапляла ў чыгункі. Прыварак у галодныя вёсны быў як мае быць! Самой жа папуляцыі акунёў ад такіх працэдур, як пераконваў час, не станавілася меней.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter