
Сёння на Камароўскім рынку ў Мінску за паўлітровы слоічак чарніц просяць ад 5 рублёў.
Прагноз ураджайнасці дзікіх дароў прыроды падрыхтавалі ў Інстытуце лесу Нацыянальнай акадэміі навук. Сёлета ўраджайнасць чарніц значна меншая ў параўнанні з мінулым годам.
— У час цвіцення чарніц у красавіку і маі на тэрыторыю нашай краіны паўсюдна паступалі хвалі халоднага арктычнага паветра. На некаторых тэрыторыях, асабліва ў нізінах і на тарфяніках, тэмпература апускалася да мінус 5, а то і да мінус 10 градусаў. Чарнічнікі Гомельшчыны і Брэстчыны, на якіх у гэты час ужо з'явіліся бутоны, трапілі пад удар. Месцамі вымерзла ад 80 да 100 працэнтаў кветак, — глядзіць вынікі даследавання навуковы супрацоўнік Інстытута лесу Таццяна Маісеева.
На Віцебшчыне, для параўнання, замаразкі пашкодзілі толькі 20 працэнтаў кветак, ды і тое месцамі. Таму ўраджайнасць чарніц, якая прагназуецца, сёлета вар'іруецца па абласцях: сярэдняя — у Віцебскай і Мінскай, ніжэй за сярэднюю — у Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай. Паколькі чарніц сёлета няшмат, цэны на іх і ўзляцелі. Зараз на Камароўскім рынку ў Мінску за паўлітровы слоічак чарніц просяць ад 5 рублёў.
Ураджайнасць іншых ягад будзе крыху лепшай, таму сямейны бюджэт не павінен значна пацярпець. Брусніцы і журавіны актыўна зацвілі толькі зараз. Фазы іх развіцця ссунуліся на 7—10 дзён, такім чынам, і паспеюць гэтыя ягады пазней. Знізіць іх ураджайнасць можа толькі засуха ўлетку. Паводле прагнозаў навукоўцаў, прадукцыйнасць буякоў тваністых і брусніц пры спрыяльных умовах у Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях можа быць нават вышэй за сярэднюю. У астатніх рэгіёнах — ніжэй за сярэднюю, месцамі — сярэдняя.

Многія прадаўцы не збіраюцца зніжаць цэны на ягады.
Ураджай журавін нават пры спрыяльным летнім надвор'і ў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях абяцае быць сярэднім, у Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях — ніжэй за сярэдні.
— Журавіны пацярпелі месцамі ў Віцебскай вобласці, — працягвае Таццяна Маісеева. — Замаразкі першай дэкады чэрвеня ўдарылі па гэтых раслінах на ўскраінах балот. Да таго ж журавіны пацярпелі летась падчас засухі, калі ўзровень грунтавых вод панізіўся. Асабліва пакутуе ад гэтага Гомельшчына. На яе балотах журавін з кожным годам становіцца ўсё менш.
Што тычыцца грыбоў, то яны сёлета таксама пачалі з'яўляцца пазней. Калі ў мінулым годзе гамяльчане ўжо ў канцы красавіка ласаваліся першымі масляткамі і падбярозавікамі, то ў гэтым годзе толькі ў канцы мая — пачатку чэрвеня. Калі лета будзе цёплым і хопіць дажджоў, то маслякоў, падбярозавікаў, падасінавікаў і белых грыбоў будзе дастаткова. Калі за лета грыбніца не высахне, то да восені з'явяцца і апенькі.
Тэрміны збору тых ці іншых ягад вызначае Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на падставе прадастаўленых Інстытутам лесу даных. У гэтым годзе тэрміны ўраджайнасці ссунуліся прыкладна на тыдзень. У самых паўднёвых абласцях — Брэсцкай і Гомельскай — збіраць чарніцы можна будзе з 28 чэрвеня.