Педальный конь, хардкорный советский «Лего» из металла и неваляшки: лучшие игрушки времен СССР собрали вместе

Гэта вам не цацкi

У Савецкiм Саюзе разумелi, што цацкi — важная частка выхавання i навучання, таму надавалi вялiкую ўвагу таму, у што гуляюць дзецi. У вынiку многiя цацкi сталi сiмвалам цэлай эпохi. Напэўна, яшчэ ёсць людзi, якiя ўспамiнаюць з цеплынёй любiмую ляльку цi канструктар. Калi вам трошкi за трыццаць, не выключана, што сярод мноства неваляшак, ракет i машынак на выстаўцы вы знойдзеце хоць аднаго свайго старога сябра. Бо ў калекцыi больш за тысячу экспанатаў 1950—1980-х гадоў. Яна збiралася на працягу дзесяцiгоддзя. Карэспандэнт «Р» зазiрнула на выстаўку i даведалася, у што гулялi савецкiя дзецi.

У нашых мам i тат не было макбукаў, айфонаў i iншых сучасных радасцей, але iх дзяцiнства ад гэтага не было меней шчаслiвым.

У нашых мам i тат не было макбукаў, айфонаў i iншых сучасных радасцей, але iх дзяцiнства ад гэтага не было меней шчаслiвым. Навуковы супрацоўнiк фiлiяла Нацыянальнага гiстарычнага музея «Музей гiсторыi тэатральнай i музычнай культуры» Вольга Юхнiк лiчыць, што савецкiя цацкi — гэта кранальныя ўспамiны некалькiх пакаленняў жыхароў вялiкай краiны:

— Калi гаворка заходзiць пра дзяцiнства, кожны з нас можа ўзгадаць сваю любiмую цацку — ляльку, медзведзяня цi танк. Яны жылi доўга i перадавалiся па спадчыне наступнаму пакаленню. Вытрымлiвалi выпрабаваннi агнём, вадой i дзiцячай дапытлiвасцю, бо рабiлi iх як мае быць. Магчыма, у кагосьцi на антрэсолях дагэтуль захоўваецца патрапаны мiшка цi заезджаны экскаватар.

Супрацоўнiкi музея кажуць, што дарослыя ад выстаўкi ў захапленнi.

Па гэтых цацках можна вывучаць гiсторыю СССР. У iх знайшлi адлюстраванне ўсе важнейшыя падзеi ў жыццi краiны. Пачалася механiзацыя сельскай гаспа­дар­кi — прылаўкi апанавалi мадэлi трактароў i камбайнаў. У «касмiчныя» 1960-я гады ў трэнды ўварвалiся ракеты i касмалёты. У 1980-я асартымент секцый «Дзiцячы свет» папоўнiўся алiмпiйскiм мядзведзем.

Першае, што кiдаецца ў вочы на выстаўцы, — багацце канструктараў. Маючы вопыт i крыху ўдачы, з хардкорнага савецкага «Лега» можна сабраць машынку цi паравозiк. Фэйл — калi тата наступаў босымi нагамi на адну з металiчных дэталек. А яшчэ ў дзяцей у СССР развiвалi слых. Аб гэтым сведчыць секцыя музычных забаў, якiя маглi давесцi да нервовага зрыву нават самага цярплiвага бацьку. Ксiлафон, акардэоны i патэфон — яны i сёння граюць, як новыя. 

Чырвоныя цэлулоiдныя неваляшкi з тварам немаўляцi — гэта практычна сiмвал савецкага ранняга дзяцiнства.

Дзяўчынак у Савецкiм Саюзе рыхтавалi да дарослага жыцця з пялюшак. Хочаш быць моцнай i незалежнай жанчынай-чайлдфры? Не ў тым стагоддзi. Каб выхаваць з дзiцяцi ўмелую гаспадыню, у ход iшла цяжкая артылерыя. Сярод iншага — кухонныя наборы з цацачным посудам тыпу «Гас­падынька» i «Кандытар». Для тых, хто крыху старэйшы, рабiлi цацачныя швейныя машынкi i калыскi. Спынiўшыся каля стэнда з лялькамi, Вольга Юхнiк расказвае:

— Самым жаданым падарункам для дзяўчынак заўсёды была лялька. Савецкiя дзяўчынкi нiчога не чулi пра Барбi i Кена, у iх былi свае героi, для якіх можна было пашыць прыгожыя сукенкi на цацачнай швейнай машынцы.

У «касмiчныя» 60-я гады ў трэнды уварвалiся ракеты i касмалёты.

Твар i цела ў олдскульных лялек не айс. Затое ў iх няма ярка выяўленых палавых прыкмет, якiя, на думку многiх псiхолагаў, з’яўляюцца лiшняй iнфармацыяй для дашкольнiкаў.

Пакуль дзяўчынкi няньчылi лялек, для хлопчыкаў савецкая прамысловая машына кавала шматлiкiя цацачныя транспартныя сродкi. Большая iх частка тычылася самых мужчынскiх прафесiй. Хлапчукi гулялi з самалётамi, танкамi i караблямi.

Па гэтых цацках можна вывучаць гiсторыю СССР. У iх знайшлi адлюстраванне ўсе важнейшыя падзеi ў жыццi краiны.

...Па зале ходзiць маладая сям’я з двума дзецьмi. Экспанаты з цiкавасцю разглядаюць усе. Першыя кiдаюцца ва ўспамiны, другiя гадаюць аб прызначэннi той цi iншай забавы. Iх увагу прыцягвае цэнтральны экспанат — зялёная педальная машынка, мара любога савецкага хлопчыка. Гэтая цацка давала магчымасць адчуць сябе сапраўдным вадзiцелем. Аднамесны агрэгат меў рабочыя фары, рулявое кiраванне i выклiкаў трапятанне ў савецкiх школьнiкаў —пабольш, чым сённяшнiя Sony Playstation цi Xbox. 

Мабыць, самая небяспечная цацка на выстаўцы — выпальвальнiк. Убачыўшы яго, олдскулы заплачуць. Як правiла, азам выпальвання вучылi яшчэ ў школе — на ўроках працы цi ў профiльных гуртках. З дапамогай гэтага дэвайса можна было не толькi ўпрыгожыць мамiну кухонную дошку да 8-га Сакавiка, але i выпальваць па парэнчах, акне цi нават школьнай парце.

Пакуль дзяўчынкi няньчылi лялек, для хлопчыкаў савецкая прамысловая машына кавала шматлiкiя цацачныя транспартныя сродкi.

На выстаўцы можна знайсцi нават фрагмент цацачнай чыгункi. Атрымаць такую ў падарунак — гэта як сарваць джэкпот. Ёсць тут i чырвоныя цэлулоiдныя неваляшкi з тварам немаўляцi — гэта практычна сiмвал савецкага ранняга дзяцiнства. Ну i, вядома, ваўчок! На выставе я даведалася, што гэта найпросты прыклад такога прыбора, як гiраскоп, якi ўваходзiць у абсалютную большасць навiгацыйных прыбораў.

Супрацоўнiкi музея кажуць, што дарослыя ад вы­стаўкi ў захапленнi. Яно i зразумела: у калекцыi ёсць сапраўдныя рарытэты — лялечная калыска, педальны конь, драўляныя зайцы, якiя з дапамогай пiлы спрабуюць падзялiць бервяно.

Дзiцячыя музычныя iнструменты i сёння граюць, як новыя.

Прагуляўшыся па выстаўцы, адзначаю тэндэнцыю. Умоўна ўсе цацкi можна падзялiць на некалькi катэгорый. Адны прывiвалi любоў да працы — дзiцячыя вядзерцы, граблi, швейныя машынкi, на якiх можна было абшываць лялек... Iншыя насiлi развiвальны характар — вiктарыны, канструктары i галаваломкi. Трэцiя мелi спартыўную скiраванасць. Настольныя футбол i баскетбол былi для савецкiх дзяцей аб’ектам павышанага жадання. Асобным мадэльным радам iшла ваенная тэхнiка: БТРы, цягачы, грузавiкi i танкi. I, вядома, месяцаходы, зоркалёты i iншы касмiчны стафф, якi ўмеў ездзiць наперад-назад, мiргаць i рабiць «пiў-пiў». Ад некаторых з гэтых дэвайсаў не адмовiлася б нават сучаснае дзiця.

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter