Гэта «тэхніка» жывая, карысная і не патрабуе саляркі

ЛЁС звёў мяне з Анатолем ПАЧОПКАМ пры не зусім звычайных абставінах. Пачалося ўсё з таго, што ў майго суседа Янэка Бліна, з якім мы жывём на самым ускрайку гарадка, а таму вуліца нагадвае вясковую, прапаў конь. Пазычыў на дзень далёкаму сваяку, і той, як кажуць, «впарил» жывёліну: назаўтра яна скапыцілася. Каня шкадавалі. Ён быў ладны і, галоўнае, вымуштраваны ў плузе. Урабляў гароды ці не палове вуліцы.

Палюбіўшы коней у дзяцінстве, дырэктар ААТ “Залатая падкова” Глыбоцкага раёна Анатоль ПАЧОПКА захаваў ім вернасць на ўсё жыццё

ЛЁС звёў мяне з Анатолем ПАЧОПКАМ пры не зусім звычайных абставінах. Пачалося ўсё з таго, што ў майго суседа Янэка Бліна, з якім мы жывём на самым ускрайку гарадка, а таму вуліца нагадвае вясковую, прапаў конь. Пазычыў на дзень далёкаму сваяку, і той, як кажуць, «впарил» жывёліну: назаўтра яна скапыцілася. Каня шкадавалі. Ён быў ладны і, галоўнае, вымуштраваны ў плузе. Урабляў гароды ці не палове вуліцы.

ПРЫДБАЕШ, жывучы яшчэ! — спачувалі Янэку.

— За якія шышы? — агрызаўся з адчаю ён і ледзь не плакаў.

Усе разумелі, што добрага каня дакупіцца цяжка нават рабочаму чалавеку, не кажучы пра пенсіянера Янэка. Тым больш, якое ж было здзіўленне жыхароў вуліцы, калі дзесьці праз тыдзень Блін прывёў у двор маладую кабылу, спрытную, у яблыкі, яшчэ неаб’езджаную.

Сабраліся, як бывае ў такіх выпадках, зявакі:

— Ніштаватая!

— Скура гарыць, не ўробішся!

— У хамуце прынаравіцца!..

Спакваля ўсплыло пытанне:

— І колькі ж гакнулі?

— Тысячу долараў! — хітравата бліснуў вачыма з-пад лахматых броў Янэк.

— Ого-о!

— Што ты цяўпеш!? — накінулася на яго дачка. — Не слухайце яго. Нічога мы не плацілі. Дарма, можна сказаць, узялі.

— Смяешся, дзеўка! Дарма сёння тытуню не дадуць панюхаць. А тут конь!

— Не верыце, з’ездзіце ў Бабічы да Пачопкі! (так называецца цэнтр ААТ «Залатая падкова». — У.С.) Мо, і вам перападзе!

Гэта было падобна на жарт. Але тут нехта ўспомніў, што ў раёнцы на самай справе была аб’яўка аб раздачы коней у названай гаспадарцы. Маўляў, кабылу бяры, а жарабятка ад яе, як выгадуеш, аддай назад. Пачопка там кіруе...

Закарцела наведаць гэту гаспадарку.

АНАТОЛЯ Пачопкі ў канторы не аказалася. Дыспетчар, даведаўшыся, што ў гаспадарку прыехаў карэспандэнт газеты, «вылавіла» старшыню ў полі.

І вось неўзабаве ў будынак імкліва ўвайшоў паджары мужчына. Падаў і моцна паціснуў руку, як добраму знаёмаму, без напругі запытаў:

— Што добрага ў прэсе?

— Усё добрае — у вас!

— У нас, як ва ўсіх.

— А коні?

Пры слове «коні» ў яго прытомленых вачах бліснуў нейкі заварожваючы агеньчык. Анатоль Мікалаевіч ажыў, аж памаладзеў. Гэтаму пераўвасабленню знайшлося тлумачэнне, калі мы наведалі канюшню. Прызнацца шчыра, такіх коней да гэтага даводзілася бачыць толькі па тэлебачанні.

— Прагулачныя, — каменціраваў старшыня. — Праўда, з імі шмат клопату, затое і плоцяць добра.

Ён тут жа паведаў цікавы выпадак, як аднаго каня прадаў у Расію за пятнаццаць тысяч долараў. Потым даведаўся, што буланага перапрадалі ў Амерыку за пяцьдзесят тысяч.

Пакрысе ўсё ж высветлілася, што найбольш выгадна вырошчваць не прагулачных, а рабочых коней — для работы на зямлі. За такога каня ў Літве не пашкадуюць нават легкавы аўтамабіль.

— А яшчэ мы прадаём коней у Італію, на мяса, — як бы між іншым заўважыў Анатоль Мікалаевіч.

— На мяса?! І не шкада? — перапытаў я.

— Шкада, — уздыхнуў. — Але ж мы тых, што адслужылі сваё. Выбракаваных…

Эканамісты падлічылі, што гадаваць коней у пяць разоў выгадней, чым быкоў. Важкі, стабільны прыбытак даюць коні і ў рублях, і ў валюце.

Аднак Пачопка лічыць, што нават не гэта галоўнае:

— Дзякуючы конегадоўлі удалося зняць самае вострае пытанне з апрацоўкай прысядзібных участкаў. Раней людзі мелі па трыццаць сотак зямлі на сям’ю, а тут далі да гектара і больш. Чым апрацаваць?

Саляркі на поле гаспадаркі не хапае. А людзям што, падавай і ўсё тут. Вось і выручылі коні. Да сотні галоў іх давялі. Пры гэтым правёў Анатоль Мікалаевіч вельмі смелы эксперымент. Раздаў дарма конематак па дварах сваёй гаспадаркі, іншыя нават і ў горад. Маўляў, гадуйце, карыстайцеся, толькі жарабят штогод здавайце назад, у калгас. Варта зазначыць, што спярша людзі нават разгубіліся ад такой нечаканай прапановы. Ці не падвох гэта нейкі? Але паспрабаваў адзін, другі — і цяпер ад заяў не абабрацца.

— Анатоль Мікалаевіч, а няўжо была такая вострая неабходнасць раздаваць конематак? — цікаўлюся.

— Не ад лёгкага жыцця, — уздыхнуў Пачопка. — На саломе і вадзе конь моцным не будзе. І патомства добрага тады ад яго не атрымаеш. Сена каню патрэбна, зерне! А лішняга ў нас няма, бо адной буйной рагатай жывёлы больш чым у любой іншай гаспадарцы: амаль сто галоў на сто гектараў. Вось і выкручваемся.

У самой гаспадарцы коні замянілі на некаторых участках тэхніку. Асабліва ля невялікіх фермаў. Іх у гаспадарцы шэсць. Раней зранку да вечара там палілі гаручае пяць трактараў. Цяпер без натугі коні выконваюць тую ж работу. У дзень такім чынам эканоміцца саляркі на паўтара мільёна. За год — больш чым на паўмільярда.

ГАСПАДАРКУ, калі пачалі разводзіць коней, назвалі «Залатая падкова». І сапраўды, падкова аказалася на шчасце. Летась ААТ «Залатая падкова» заняла першыя месцы па бульбе, вытворчасці малака і другое — па ўраджайнасці зерневых. Улічваючы эканамічныя магчымасці, да яе сёлета далучылі суседнюю гаспадарку — ААТ «Пятроўшчына». Вось вам і коні!

Коні патрабуюць асаблівага даглядання і ўвагі. Так лічыць Анатоль Мікалаевіч. І «выпісаў» ён для іх заатэхніка ажно з Мінска. Наташа Бутыльская, вельмі сімпатычная дзяўчына, проста «памешана» на конях і з радасцю памяняла сталічны горад на вёсачку амаль на краі не толькі Віцебшчыны, але і рэспублікі.

— Пачыналі мы жыць у звычайным драўляным доме, — гаворыць яна. — Без усялякіх выгод. Як і ва ўсіх, была зарплата. Клопатаў шмат: і па дагляданні, і па вырошчванні лепшых парод, і паказаць іх на розных спаборніцтвах патрэбна.

Наташа не проста заатэхнік. Яна яшчэ і трэнер па коннаму спорту. У яе трэніруюцца дзеці не толькі сваёй гаспадаркі і суседніх, але нават і з горада.

Многія дасягнулі значных поспехаў: Каця Лазар — кандыдат у майстры спорту, Анастасія Вайткевіч і Наташа Рубніковіч маюць адпаведна першы і другі разрады. А сын Наташы, Віталь Чараднік, з’яўляецца членам нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па канкуру. У сакавіку гэтага года на спаборніцтвах у Магілёве ён заняў другое месца. Выступае і сама Наташа. Некалькі год таму на спаборніцтввах у Ратамцы яна сенсацыйна абставіла нават кандыдатаў на ўдзел у Алімпійскіх гульнях і стала сярэбраным прызёрам.

Канечне, вельмі не хапае гаспадарцы крытага манежа. Нестае сродкаў на добрую збрую. І ўсё ж Пачопка глядзіць у будучыню з аптымізмам. Пагалоўе коней, як бы там ні было, мяркуюць павялічваць. Натуральна, узрасце і іх экспарт.

…НА ЎСКРАЙКУ бліжэйшага ляска, дзе праводзіліся трэніроўкі, — і знаёмая нам Наташа Бутыльская, і вучні мясцовай школы. Яны пускалі коней то галопам, то крокам, то выстрайвалі ў ланцужок. Прычым рабілі ўсё гэта з задавальненнем.

— Вось і я так, з дзяцінства прывык да коней, і ніякіх іншых забаў не хацелася, — прызнаўся Анатоль Мікалаевіч. — Потым, як інжынерам стаў, кожны дзень, асабліва вясной і восенню, па шэсць кіламетраў ездзіў на кані на работу. Пазней пашанцавала напаткаць цудоўнага чалавека, якога, на жаль, ужо няма, — генеральнага дырэктара беларускай асацыяцыі па конегадоўлі Аляксандра Іванавіча Мароза. Гэта з яго дапамогай завозілі ў калгас племянных жарабцоў, пашыралі справу, адкрывалі рынкі за мяжой…

Вярталіся мы назад на новым пачопаўскім «уазіку».

— Усё-такі прамянялі каня на машыну? — паспрабаваў я пажартаваць.

— Як сказаць... — усміхнуўся Анатоль Мікалаевіч. — Кожны дзень я на кані верхам кіламетраў дзесяць—пятнаццаць праязджаю. Радыкуліт як вадой змывае. Усім рэкамендую!

Анатоля Пачопку, падцягнутага, бравага, у форме казака, а таксама і яго коней можна бачыць ці ні на ўсіх раённых святах. А яшчэ — на вяселлях. На элітных скакунах, з каляровымі лентамі ў грывах, прыгожай збруяй, у выязной брычцы на рэсорах маладыя ездзяць браць шлюб. Колькі тады ў іншых зайздрасці! Нават у тых, хто прыкаціў на «мэрсах».

ШТО яшчэ пакажа Анатоль Пачопка са сваімі конямі, застаецца толькі здагадвацца і чакаць...

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter