Больш маладыя вяскоўцы i адной каровы не трымаюць, а Франц Альбінавіч цэлых тры

Гэта ўсё гаспадарка Кухцінскага

ПРА Франца Альбінавіча КУХЦIНСКАГА з вёскі Сорыкі Глыбоцкага раёна можна пачуць прама супярэчлівае: нягледзячы на тое што чалавеку пад восьмы дзясятак, трымае процьму жывёлы ў сваёй падсобнай гаспадарцы, здае больш за ўсіх дзяржаве малака, але ў той жа час: «Куркуль, накупляў легкавых машын — і ўсё яму мала!»...


Упершыню давялося сустрэцца з гэтым няўрымслівым чалавекам з невялікай вёскі Сорыкі гады чатыры таму, калі Алег Морхат, на той час старшыня Глыбоцкага райвыканкама, асабіста прывёз у падарунак Кухцінскаму, які трымаў тады 5 кароў, электрычную дойку. Маўляў, карыстайся, заслужыў, паказваеш прыклад, як гадаваць жывёлу не толькі ў сваім Залескім сельсавеце, але і ва ўсім раёне. Па гэтай прычыне ў вёску набралася нямала прадстаўнікоў прэсы, каб занатаваць, як жа ўспрыме Кухцінскі гэта цуда тэхнікі. Але ён якраз не стаў надта захапляцца навінкай, неяк падазрона агледзеў невялікі апарацік на колах, сціпла падзякаваў і потым ахвотна пазнаёміў са сваёй немалой гаспадаркай. Госці засыпалі гаспадарлівага вяскоўца пытаннямі: колькі мае зямлі ў падсобнай гаспадарцы? Калі і як займеў столькі кароў? Куды збывае малако? Ці добра за яго плацяць? Хто дапамагае назапашваць сена на зіму для жывёлы?.. 

Франц Альбінавіч на ўсе пытанні адказваў не спяшаючыся, грунтоўна, з сялянскай развагай:

— Зямлі воранай маю паўтара гектара, на якой вырошчваю гародніну і зерневыя: ячмень, пшаніцу, з якіх атрымліваю муку, каб не купляць камбікорм. А яшчэ ёсць два гектары — для выпасу кароў. Для кожнай не менш трох тон сена трэба назапасіць на зіму. Вось і лічыце, колькі ўсяго. Мясцовая гаспадарка, птушкафабрыка, прапаноўвае па дзве тоны гатовага на кожную бурую, але карыстаюся гэтым вельмі рэдка. Маю сваю касілку, бо што сам нарыхтую, то спажыўней жывёле. Падсабляюць мне дачка і ўнучка, якія прыязджаюць з горада. Кожная кароўка дае малака па-рознаму. Некаторыя і па 25 літраў за дзень. Амаль усё здаю на наш малочна-кансервавы камбінат. Кожны год па-рознаму: прыкладна ад 17 да 22 тон.

Тады, пры наплыве народу, пагутарыць асабліва з Францам Кухцінскім не давялося. І вось не так даўно закарцела даведацца, як жа пажывае ён у сваіх Сорыках, таму і адправіўся да яго. Стрэў на вясковай вуліцы, па якой ён шпарка ехаў на даволі новым міні-трактары з прычэпам.

 АБЗАВЁУСЯ сучаснай тэхнікай — прыгажосць! Даста­вілі хлопцы прама з завода, — не скрываў задавальнення Франц. — Абышлася, праўда, у пяць тысяч долараў, але затое цяпер я поўнасцю механізаваны. Ёсць да яе ўвесь прычапны інвентар: і касілкі, і плуг, і барана... Нікому цяпер не кланяюся.

Запрасіў у хату, дзе за кубкам кавы працягнулі размову і Франц Альбінавіч расказаў тое-сёе са сваёй біяграфіі:

— Нарадзіўся я ў вёсцы Глінскія суседняга Пастаўскага раёна.

Бацька Альбін Феліксавіч вярнуўся з Вялікай Айчыннай вайны інвалідам, а маці хадзіла ў калгас на ферму даіць кароў. Трэба было падсабляць бацькам, і з сямі год я паспрабаваў сапраўднай сялянскай працы: пасвіў авечак, потым кароў, урабляў соткі. Паверыце ці не, але мяне не відаць было з-за плуга... Закончыў школу. Потым армія, дзе быў і дэсантнікам, і поварам, і нават абутнікам. Вярнуўшыся дахаты, пра­цаваў у калгасе ў паляводчай брыгадзе, але больш шафёрам у розных раённых арганізацыях. Нават даволі высокае начальства вазіў на ўазіку.

Неяк не дужа ёмка было задаваць пытанне, але ўсё ж карцела даведацца, якім чынам трапіў Кухцінскі ў прымакі?

— О, тут цэлая гісторыя! — ажывіўся ён ад успаміну. — Служыў у арміі разам са сваім сябрам Лёнькам Дулінцом, які быў якраз з гэтай вёскі Сорыкі. І вось пасля дэмабілізацыі запрашае ён мяне ў госці. Я ўскочыў на ровар і рвануў. А гэта 50 кіламетраў ад маёй вёскі Глінскія. Пагулялі мы трохі, а Лёнька на той час ажаніўся ўжо, і яго бацькі сватаюць і мне мясцовую дзяўчыну: «І ладная такая з выгляду, і працавітая, а даярка — лепшая за ўсіх у калгасе...» Я памуляўся, бо сям’ёй абзаводзіцца якраз яшчэ не збіраўся, але, каб не пакрыўдзіць гаспадароў, бацькоў Лёнкі, паставіў умову: «Каб на агледзіны нявеста не пераапраналася. Паедзем адразу на ферму і паглядзім там на яе...» І прама скажу, спадабалася яна мне з першага погляду. Так і застаўся ў Сорыках. І жывём тут разам 53 гады. Жонцы маёй Ядвізе Антонаўне сёлета спаўняецца 82 гады. На наступны мне павінна стукнуць 80... А чаму не забраў жонку ў сваю родную вёску? Быў у мяне яшчэ брат Іван, якому і ўступіў бацькоўскі дом.

Цікаўлюся далей, як жа ён набыў такую вялікую падсобную гаспадарку? Сёння большасць маладых вяскоўцаў і адной каровы не трымаюць, а ён, маючы пад восем дзясяткаў год, ажно пяцёра?

— Сёлета засталося тры, — паправіў. — Гаспадынька мая нешта занемагла... З гэтымі сам упраўляюся. А пачынаў з адной каровы, калі васямнаццаць год таму выйшаў на пенсію. Характар у мяне такі: не магу сядзець без справы. Устаю раніцою без чвэрці, а то і а палове чацвёртай. Перш абслугоўваю самога сябе: стаўлю чайнік на газ, яечка спяку. Неабходна ж падзаправіцца як трэба, а тады і за работу брацца. Разводжу каровам муку з вадой, бо калі толькі сухую муку даваць, то шмат марнуецца яе: бурая чмякае-чмякае ў ляпцы ды і высыпае на зямлю. Пасля прыступаю да дойкі. Яна ў мяне трохразовая. Апошняя — у 9 гадзін вечара. Сярод дзённых клопатаў выкройваю час і на адпачынак: праўда, адно вока глядзіць, а другое — спіць.

— Ці не надта цяжкі такі рытм жыцця? Не пад руку кажучы, і захварэць можна?

— Хварэць? — глядзіць на мяне як на дзівака Франц. — Не, чалавеча, пра хваробу мне некалі думаць. Да ўрачоў яшчэ не звяртаўся. Зімой і летам я — усё ў ботах і адчуваю сябе маладым!..

Малако штодзень з падсобнай гаспадаркі Франца Альбінавіча за­бі­рае індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Карчэўскі, які абслугоўвае да двух дзясяткаў вёсак і адвозіць прадукт на малочна-кансервавы камбінат. Прадпрыемства расплачваецца рэгулярна. Раней — за кожную дзесяцідзёнку, сёлета — за месяц. Літр малака каштуе 60 капеек, плюс даплата 7 капеек. Гэта больш, чым летась, калі Кухцінскі здаў 11 з гакам тон малака ад сваіх трох кароў.

Акрамя малака Франц Альбінавіч яшчэ прадае штогод сельгаспрадпрыемствам ад кожнай каровы па цяляці, за што мае таксама нядрэнныя грошы. Праўда, калі за малако ніякіх пытанняў па разліках не мае, то за цяля на адну з гаспадарак раёна пару год таму займеў невялікую крыўду, што няправільна разлічылі.

— А чаму б вам не прадаваць цялят камерсантам, якія плацяць больш, толькі клікні?

— Звярталіся, і не раз, да мяне гэтыя камерсанты, але я маю сумленне. Жыву на зямлі сельгаспрадпрыемства, карыстаюся яе сенакосам. А што на некалькі рублёў менш атрымліваю за цяля — затое сумленне чыстае. А хто здае жывёлу камерсантам, няхай ад іх і сена атрымлівае! — не на жарт абураецца Франц Альбінавіч.

Урэшце, на недахоп грошай са сваёй падсобнай гаспадаркі не скардзіцца. Купіў за іх тры легкавыя машыны, міні-трактар, касілку сабе і дачцэ Рэгіне, якая, дарэчы, таксама трымае карову, хаця і жыве ў горадзе. Пабудаваў у райцэнтры два дамы: адзін — для дачкі, другі — для ўнучкі. Назапасіў матэрыялу і на трэці. І пляц выбраў у Сорыках насупраць свайго дома. Гэта — для сябе!..

saulich@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter