Как отметили День белорусской письменности-2015?

Гэта скарб нам на вечныя годы

День белорусской письменности в Щучине собрал 10 тыс гостей
У гэтыя выхадныя Дзень беларускага пісьменства ў Шчучыне сабраў каля 10 тысяч гасцей. На свята з’ехаліся выдаўцы, пісьменнікі, журналісты і юныя чытачы краіны, а таксама дзеячы культуры з Расіі, Украіны, Таджыкістана, Літвы, Латвіі, Азербайджана, Казахстана, Чарнагорыі і іншых краін. Карэспандэнт «Р» таксама прыняла ўдзел у гэтым маштабным мерапрыемстве.



Прычын наведаць галоўную літаратурную пляцоўку краіны ў гэтым годзе было мноства. Па-першае, знайсці добрую і цікавую кнігу. Гэта было нескладана, бо Шчучын уздоўж і ўпоперак быў абстаўлены рознымі павільёнамі з багатым выбарам выданняў на любы густ. Тым больш кожны госць свята мог не толькі пачытаць свежыя нумары газет і часопісаў краіны, але і пагутарыць з аўтарамі артыкулаў — журналістамі і рэдактарамі. Таксама знаўцаў зацікавіла спецыяльная марка з серыі «Гарады Беларусі» з гербам Шчучына. Што цікава, на падворку «Белпошты» можна было набыць паштоўку з пейзажамі горада, пакласці яе ў святочны канверт і адправіць сябрам і родным. Дарэчы, гэтак зрабіла і я, а потым паспяшалася да месца правядзення аднаго з галоўных мерапрыемстваў Дня пісьменства ў Шчучыне.

Нядзельнай раніцай, яшчэ задоўга да пачатку дзейства, ля палаца князёў Друцкіх-Любецкіх пачаў збірацца шматтысячны натоўп мясцовых жыхароў і гасцей горада. Гледачы з нецярпеннем чакалі ўрачыстага адкрыцця гэтага ўнікальнага помніка архітэктуры. І не выпадкова. Нагадаем, палац марыў аб сваёй рэканструкцыі больш за дзесяцігоддзе, і толькі цяпер, адрамантаваны і абноўлены, ён ва ўсёй красе паўстаў перад наведвальнікамі.

У цырымоніі адкрыцця пасля рэканструкцыі палаца Друцкіх-Любецкіх прыняў удзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі. Ён адзначыў, што мову, культуру і пісьменнасць можна назваць ахоўнай граматай беларускай дзяржаўнасці. «Гэта фундамент, на якім грунтуецца развіццё нашага грамадства. Захаваць і прымножыць — наш святы абавязак», — падкрэсліў Ігар Бузоўскі, а таксама высока ацаніў падрыхтоўку XXII Дня беларускага пісьменства, працу арганізацыйнага камітэта, будаўнікоў і мясцовай улады. Іх сумесныя намаганні дазволілі прыцягнуць належную ўвагу да гісторыі і выдатных асоб Шчучына, зрабіць раённы горад сапраўднай літаратурнай сталіцай. 

Віктар Лісковіч, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама, урачыста абвясціў, што ў сценах двайніка рэзідэнцыі французскіх каралёў — палаца Малы Трыанон на тэрыторыі Версаля — у далейшым будуць займацца юныя таленты, а таксама размесцяцца музей і канферэнц-зала. Дырэктар Палаца творчасці дзяцей і моладзі Ірына Дзегцярова падзякавала за такі каштоўны падарунак падрастаючаму пакаленню Гро-дзеншчыны. А міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў выказаў надзею, што тут выгадуецца яшчэ не адно пакаленне значных для краіны талентаў. 

Палац, пабудаваны ў класічным стылі ў канцы XIX стагоддзя, па-сапраўднаму здзівіў гледачоў. Эксклюзіўныя люстры, абноўленыя ляпныя ўпрыгажэнні  і іншыя элементы даўніны зноў набылі былое хараство. А атмасферу эпохі князёў госці свята яшчэ больш адчулі з дапамогай тэатральных пастановак, якія разгарнуліся каля незвычайных саксонскіх палатак на тэрыторыі гістарычнага помніка. Дарэчы, усе жадаючыя маглі зрабіць памятную фатаграфію з удзельнікамі клубаў сярэдневяковай культуры з Ліды, Навагрудка і Гродна. 



«Нахіліся, ухапіся за падол і цягні ўверх. Вось, бачыш, як лёгка», — Юрый Мандрык пасля фотаздымка дапамагае хлопчыку зняць цяжкую кальчугу. Дарэчы, такое адзенне, расказваюць удзельнікі касцюміраваных шоу, дасведчаны майстар не спяшаючыся можа зрабіць за адзін месяц. «Калі за справу бяруцца два-тры ўмельцы i не спяць начамі, то і за тры дні выйдзе», — дадае, усміхаючыся. 

Мой суразмоўца выглядае вельмі незвычайна, чым і прыцягвае ўвагу прахожых. Ён стаіць у доўгай сукні са шчыльнай тканіны, а за скураным поясам замацаваны срэбны кубак. Рука ж цвёрда трымае сярэдневяковую зброю. Так, падкрэслівае Юрый Мандрык, выглядалі нябедныя гараджане ў пачатку XV стагоддзя. Побач з намі стаіць… князь. Касцюм Мікалая Шаўчэнкі з лідскага рыцарскага клуба — дакладная копія ўбрання канца XIV — пачатку XV стагоддзя. «Гэта так званая пруская мода. Вобраз мы стваралі па крупінках. Для найбольшай дакладнасці старанна вывучалі вынікі археалагічных раскопак, старажытныя выявы, кнігі і лета-пісы», — Мікалай Шаўчэнка перарываецца на паўслове, бо князя абляпіў чарговы натоўп жадаючых сфатаграфавацца.

Час ішоў да абеду, а святочнае шэсце рухалася да галоўнай сцэны літаратурнай сталіцы. Інструментальныя і танцавальныя ансамблі краіны, а таксама мясцовыя жыхары і госці Шчучына спяшаліся на маштабны канцэрт, які з хвіліны на хвіліну павінен быў пачацца на процілеглым ад палаца беразе возера. 

«Столькі народу ў нашым гарадку я яшчэ не бачыла!» — падслухоўваю размову ў натоўпе. Мясцовая жыхарка Марыя Цывінская на свяце была ў асяроддзі сяброў са Слоніма. Надзея Трухановіч і Зоя Барэйка не раз бывалі ў Шчучыне, але, прызнаюцца, яшчэ ніколі не бачылі горад такім дагледжаным і квітнеючым. «Усё вельмі выдатна арганізавана. Столькі цікавых пляцовак хочацца наведаць — вочы разбягаюцца!» — госці перапоўненыя эмоцыямі. 

Пляцовак у Шчучыне і сапраўды было шмат. Што важна, яны вык-лікалі вялікую цікавасць у самых юных гледачоў. Так, перад дзецьмі і моладдзю «ажывалі» знакамітыя пісьменнікі і паэты — Эліза Ажэшка, Цётка, Максім Багдановіч і іншыя. Свае дзверы адчынілі тэматычныя мастацкія, кніжныя, персанальныя выставы, таксама школьнікі з задавальненнем удзельнічалі ў літаратурных і музычных конкурсах. 

Перад самым выступленнем цікаўлюся пра настрой у хлопчыкаў і дзяўчынак, апранутых у прыгожыя нацыянальныя касцюмы. «Прыехалі з Астрына. Танец паставілі за два тыдні, а вось над сцэнарыем працавалі цэлы месяц. Хвалюемся, ці спадабаецца гасцям», — Вераніка Чарныш, мастацкі кіраўнік творчага калектыву «Вясёлкавы карагод», не хавае перажыванняў. І дарэмна — 15 школьнікаў з суседняга са Шчучынам гарпасёлка  выступілі на ўсе сто і сарвалі шквал авацый. Зрэшты, як і іншыя маладыя ўдзельнікі святочных мерапрыемстваў.



Наведваючы дзіцячую пляцоўку «Вясёлка дзяцінства» ў гарадскім скверы, міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў адзначыў, што Дзень пісьменства, да якога Шчучын рыхтаваўся загадзя, вельмі змяніў горад, а канцэрты і інтэрактыўныя пляцоўкі дапамогуць юнаму беларусу яшчэ больш даведацца пра традыцыі і культуру сваёй Радзімы. 

Задавальненне і выдатны настрой ад арганізацыі свята не хавалі і замежныя госці. Так, дырэктар маскоўскага выдавецтва «Художественная литература» Георгій Прахін з галоўнай сцэны Шчучына прызнаўся, што лічыць Дзень пісьменства самым задуменным святам з усіх, якія ён ведае. «Ваша мова прыгожая, як прырода. Багатая і меладычная. Пісьменнікі і чытачы, беражыце і не крыўдзіце яе», — заклікаў Георгій Уладзіміравіч. 

Дарэчы, у гэтым годзе чырвонай ніткай праз мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства прайшла тэма 70-годдзя Перамогі. Гэта адчувалася ў любым кутку Шчучына — Вялікай Айчыннай вайне прысвяцілі выставы кніг, плакатаў, фотапрынтаў савецкіх газет тых часоў, праекты аб творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа ў жудасныя гады вайны. Нацыянальная бібліятэка стала арганізатарам дзіўнай экспазіцыі «Памяць пра вайну нам кніга пакідае», якая разгарнулася ў Шчучынскім раённым Доме культуры. Тут госці свята ўбачылі самыя розныя друкаваныя і рукапісныя выданні, падпольны, тылавы і партызанскі друк. 

Кніга заўсёды была крыніцай нацыянальнага развіцця беларусаў. «Мы павінны быць уважлівымі да слова, — заўважае міністр інфармацыі Лілія Ананіч. — Слова можа як падымаць на подзвігі, так і разбураць. Важна, што мы ў Беларусі захавалі духоўную літаратуру». У гэтыя выхадныя Шчучын  сабраў усіх з адной галоўнай мэтай — берагчы, паважаць і памятаць роднае слова. Бо, як сцвярджаў аб кнізе ў адным са сваіх вершаў Міхась Пазнякоў, «нішто не жывіць так душу, не ўзбагачае гэтак шчыра»...

Дарэчы 

Нязменным сімвалам Дня беларускага пісьменства стала Непагасная Лампада з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга. Мінаючы сотні кіламетраў, у 22-й  рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» яна была дастаўлена ў Шчучын ад галоўнага храма краіны — Свята-Духава кафедральнага сабора Мінска.

Што напiсана пяром 



У час свята ў Шчучыне ўпершыню ўручылi Нацыянальную літаратурную прэмію. Усяго на конкурс было заяўлена 45 работ, а намінантамі прэміі сталі шэсць аўтараў.

Міністр інфармацыі Лілія Ананіч, адкрываючы цырымонію ўзнагароджання, адзначыла: «Вельмі важна цаніць і любіць нацыянальную літаратуру. І сведчаннем таго, якую ўвагу і клопат праяўляе дзяржава аб беларускіх аўтарах, стала ў гэтым годзе прысуджэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі». Мікалай Чаргінец, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, у сваю чаргу адзначыў, што кнігі беларускіх аўтараў выдаюцца сёння на 17 мовах. Гэта, а таксама тое, што з кожным годам Дзень беларускага пісьменства збірае ўсё больш гасцей, у тым ліку  з-за мяжы, значыць, што беларускае слова і літаратура атрымліваюць прызнанне і павагу ў сучасным свеце. У цырымоніі ўзнагароджання прынялі ўдзел таксама міністры адукацыі і культуры Міхаіл Жураўкоў і Барыс Святлоў.

Такім чынам, Уладзімір Саламаха з кнігай «І няма шляху чужога» названы лепшым у намінацыі «Лепшы твор прозы». У намінацыі «Лепшы твор паэзіі» ўладальнікам прэміі стала Тамара Краснова-Гусачэнка за кнігу «Сустрэча». Лепшым творам драматургіі названы цыкл сцэнарыяў для перадач «Обратный отсчет» (АНТ) беларускага сцэнарыста, празаіка, лаўрэата значных прэмій кандыдата гістарычных навук Наталлі Голубевай. У намінацыі «Лепшы твор публіцыстыкі» прэмія прысуджана Міхаілу Шыманскаму за кнігу нарысаў «Мы этой памяти верны». Названы лепшы дзіцячы аўтар. У намінацыі «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва» прэмія прысуджана Ганне Скаржынскай-Савіцкай за кнігу казак «Надзейка-чарадзейка». Таксама ўладальнікам першай Нацыянальнай літаратурнай прэміі стаў малады журналіст і крытык кандыдат гістарычных навук Дзяніс Марціновіч. Прэмія прысуджана ў намінацыі «Лепшы крытычны твор» за кнігу «Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча».

Юлія ПАПКО

ypopko@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter