Пинчанин собрал в родной деревне десятки бортей с Полесья, чтобы сохранить память о прошлом края

Гэта салодкае месца

Лемяшэўскія з Лемяшэвічаў, Пратасавіцкія з Пратасаў, Лазіцкія з Лозічаў, Палхоўскія з Полхава, Шаламіцкія з Шаломічаў, Качаноўскія з Качановічаў… Пінская шляхта. «Бацькоўская лінія — Качаноўскія, па маці — Лемяшэўскія. У мяне ёсць адпаведныя дакументы», — кажа пінчанін Мікалай Качаноўскі. Шляхціч, прадпрымальнік, філосаф. Пчаляр. Упэўнены, што яго продкі займаліся бортніцтвам з XVI стагоддзя. У Нацыянальным архіве Беларусі захаваліся запісы ад 1539 года перапісу насельніцтва і аб занятках жыхароў яго роднай вёскі, вядома, што многія былі бортнікамі.



...Едзем у Качановічы. Сюды Мікалай наведваецца не­каль­кі разоў на тыдзень. Да маці. А па аўторках прымае турыстаў. Сядзіба Качаноўскага — адзін з пунктаў у турыстычных маршрутах для замежнікаў, якія плаваюць на сучасным круізным цеплаходзе «Белая Русь» з Брэста да Мозыра і назад.

— Я вучу турыстаў, як трэба жыць у гармоніі з прыродай. А яны пішуць мне у кнізе водгукаў, што Качановічы — найцікавейшая кропка на маршруце, — расказвае гаспадар.

Любоў да пчол Мікалай атрымаў у спадчыну ад бацькі Мікалая Фёдаравіча. Той шмат ведаў пра звычкі працавітых насякомых і захоплена распавядаў пра будні пчаляра траім дзецям — двум сынам і дачцы.

Мікалай з ахвотай дапамагаў бацьку на пасецы. Нейкі час нават падпрацоўваў пчаляром у гаспадарцы. Але доўгія гады не ведаў, што захапленне можа быць прафесіяй, якая прыносіць і радасць, і грошы.

Да адкрыцця ўласнай фармакампаніі па вытворчасці і фасоўцы пчолапрадуктаў працаваў Мікалай інжынерам — і канструктарам, і гідратэхнікам, быў спецыялістам па тэхнагляду, майстрам энергацэха, начальнікам кацельні.

Але ў рэшце рэшт сябе знайшоў:

— Маю 60 вулляў у Качановічах. Апты­мальны аб’ём, каб самаму вырабляць якасны прадукт. Разам са мной працуе зяць Андрэй, дачка Ганна, якая яшчэ і ў школьныя гады дапамагала, зараз ўнук Раман стаў памочнікам.

Качановічы больш за сорак кіламетраў ад Пінска. Дарога віляе паміж лясоў і балоцістых мясцін. Палессе. Вёска на Прыпяці. Мікалай разважае пра жыцце:

— Цукар, смажанае мяса і дрэны алкаголь — вось чаго трэба пазбягаць. Я тры гады не ем мяса, доўга да гэтага ішоў, але бачу вынік. Яшчэ бацька казаў, што найдаўжэй жылі тыя людзі, што елі рыбу — свежую і сушаную, але не мяса. Дзяцей нараджалася ў сям’і па дзесяць, а то і пятнаццаць. А зараз што? Калі хочам захаваць нацыю, трэба над такімі пытаннямі думаць.

Даехалі. Падворак — борці, борці, борці. З дуба, сасны, зрэдку — з ліпы ці з вярбы. Дзе вы яшчэ ўбачыце калекцыю з 55 калод, у трох з іх жывуць пчолы? Борці розныя — як па формах, так і па памерах. Ёсць нават калода-човен. Кажа Мікалай, што развядзенне пчол у штучных дуплах дрэў ужо стала гісторыяй. Сыходзіць у мінулае і калоднае пчалярства.



Нядаўна польскі прафесар і вандроўнік Кшыштаф Хейке выдаў кнігу пра бортнікаў з Палесся, прывёз і паказаў у розных гарадах выставу, сярод герояў — Качаноў­скі.

Рарытэтныя пчаліныя вуллі дапаўня­юць больш звыклыя рэчы — скрыні, газавыя лямпы, старая лодка, конная малатарня...

Збіраць вясковы посуд, прылады працы, прадметы побыту, адзенне Мікалай пачаў гадоў дваццаць таму. Сёння дзедаў­ская сядзіба (дзе потым жылі яго бацькі і сам ён вырас) ператварылася ў паўнавартасны музей пад адкрытым небам. Музей з незвычайнымі экспанатамі.

Сустракае ў Качановічах нас 90-гадовая Марыя Міхайлаўна, маці Мікалая:

— Некалі з Качановічаў мы на цеплаходах шмат куды дабіраліся — «Ракета» ха­дзіла, «Зарніца», «Віцебск». А зараз толькі «Белая Русь». Толькі турысты…

Нягледзячы на ўзрост, мае руплівая гаспадыня агарод, запрашае мяне пагля­дзець на памідоры і цыбулю:

— Адной рукой трымаюся за кульбаку, другой рву зелле.

Грэцкія арэхі, яблыні, грушы, персікі, ружы, геаргіны — меданосаў на падворку хапае.

— А можа і мёд дапамагаеце сыну качаць? — пытаюся.

— Не. Рамкі з вулляў ніколі не даставала, не даводзілася, але рой у вулей загнаць — простая справа. Мёд люблю і гатую з ім стравы. Раней на саракавы дзень ад Вялікадня пякла пшанічныя булачкі ў выглядзе птушак і мазала духмяным мёдам з борцей.

Пра сакрэт даўгалецця не пытаюся ў Марыі Міхайлаўны, бо ведаю, што адкажа: мёд.

— Дзень працы на пасецы не ўваходзіць у пражытыя дні, — гэта па філасофіі Качаноўскага.

А ці не так? Глядзіш на яго і разумееш: штосьці ў гэтым ёсць, бо на выгляд пчаляру ніяк не 65! Род Качаноўскі моцны духам і целам. Мікалай нават выдаў брашуру «Азбука актыўнага даўгалецця» з уласнымі рэцэптамі здароўя.

Мікалай паказвае мне даваенныя фота­здымкі і дастае вышытае на тканіне генеалагічнае дрэва:

— Захапіўся гісторыяй роду. Сёння тут каля двухсот імёнаў. Больш за ўсё прапісаныя чатыры верхніх пакаленні. Ёсць звесткі, што прозвішча Качаноўскі ў звязку з палескімі землямі згадвалася ў летапісах XIV стагоддзя і раней.

Яшчэ адна вартая ўвагі ініцыятыва Мікалая па ўвекавечанні памяці аб родным краі — пленэры ў вёсцы Качановічы. Мясцовыя мастакі не аднойчы збіраліся з мальбертамі і эцюднікамі на падворку Качаноўскіх (дарэчы, аграсядзіба завецца «Палескі бортнік»).

Якія яшчэ планы ў Мікалая? Ён расказвае мне пра іх за духмяным чаем з зелкамі з матулінага агарода і мёдам, а Марыя Міхайлаўна глядзіць на сына з гонарам:

— Добрых дзяцей я выхавала, унукаў і праўнукаў дачакалася. Жыццё пражыла нездарма.

ПА ТЭМЕ

Першая згадка пра Качановічы адносіцца да 1552 года, калі па загаду каралевы Боны былі зафіксаваны павіннасці жыхароў вёскі. Радавое гняздо шляхецкага роду Качаноўскіх герба «Астоя». Напачатку XX стагоддзя 33 гаспадаркі мелі 271,5 дзесяціны зямлі. Да вайны ў Качановічах была царква Параскевы Пятніцы, якую потым зачынілі, а ў пачатку шасцідзясятых мінулага стагоддзя разбурылі. Зараз намаганнямі выхадцаў з вёскі і мясцовых жыхароў пабудавана капліца непадалёку ад таго месца. Некаторыя са страчаных пабудоў вядомыя па малюнках Язэпа Драздовіча, які бываў і маляваў у Качановічах.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter