За 15 лет наши дети 9 раз входили в пятерку лучших исполнителей

Гэта проста песня!

Дзіцячы конкурс песні «Еўрабачанне-2018» пройдзе ў Мінску 25 лістапада. Напярэдадні маштабнага шоу тэлеканал «Беларусь 3» запусціў цыкл тэматычных праграм «Песня для «Еўрабачання». Пятнаццаць год гісторыі». Гледачам прапануюць успомніць, як на працягу гэтага часу краіна выбірала сваіх юных прадстаўнікоў на еўрапейскі музычны форум, і да 23 лістапада па буднях у вячэрнім эфіры паглядзець усе заключныя канцэрты мінулых нацыянальных адбораў.

Беларусь — адна з краін — заснавальніц конкурсу — нязменна прысутнічае ў ім кожны год і па выніках упэўнена трымаецца сярод лідараў. У адрозненне ад нашых удзельнікаў дарослага «Еўрабачання» юныя артысты дасягнулі ў аналагічным спеўным спаборніцтве значна большага поспеху — за 15 гадоў 9 разоў уваходзілі ў ТОП-5 лепшых выканаўцаў і двойчы станавіліся трыумфатарамі. 
Ксенія СІТНІК.


Першую перамогу з бельгійскага Хаселта ў 2005-м прывезла 10-гадовая Ксенія Сітнік. «О-а-о, только вместе мы большая сила, о-а-о, не разлей вода!» — з задавальненнем падпявала ўся Еўропа абаяльнай дзяўчынцы з пышнымі хвосцікамі.

Поспех паўтарыўся ў 2007-м у Ратэрдаме (Галандыя). Беларускі ўдзельнік Аляксей Жыгалковіч выступаў у шоу пад нумарам 17, апошнім, і... стаў першым сярод усіх канкурсантаў, набраў найбольшую колькасць балаў у галасаванні.

Спадабаўся еўрапейскім гледачам Андрэй Кунец і яго песня «Новы дзень» — другое месца ў Бухарэсце (Румынія) у 2006 годзе
Аляксей ЖЫГАЛКОВІЧ.
Двойчы прадстаўнікі нашай краіны атрымлівалі на конкурсе «бронзу». У 2011-м у Ерэване (Арменія) Лідзія Заблоцкая з песняй «Анёлы дабра» і Ілья Волкаў у 2013-м у Кіеве (Украіна) з кампазіцыяй «Спявай са мной» займалі трэція месцы.
Вольга САЦЮК.

Чацвёрты радок у конкурсным рэйтынгу даставаўся нашым выканаўцам таксама два разы. Такім быў вынік выступленняў першаадкрывальніцы дзіцячага «Еўрабачання» Вольгі Сацюк (Капенгаген, Данія, 2003 год) і Руслана Асланава ў 2015-м у Сафіі (Балгарыя).

У 2010-м у Мінску з песняй «Музыкі святло» 5-е месца па выніках галасавання атрымаў Данііл Казлоў, гэтак жа летась ацанілі выступленне Хелены Мерааі з кампазіцыяй «Я самая» летась у Тбілісі (Грузія).

Хто яшчэ спяваў ад нашай краіны на дзіцячым «Еўрабачанні»?

Ягор Ваўчок — 2004 год, Лілехамер (Нарвегія), 14-е месца.

Дар’я Надзіна, Аліна Молаш і Карына Жуковіч — 2008 год, Лімасол (Кіпр), 6-е месца.

Юрый Дземідовіч — 2009 год, Кіеў (Украіна), 9-е месца.

Ягор Жэшка — 2012 год, Амстэрдам (Галандыя), 9-е месца.

Надзея Місякова — 2014 год, Марса (Мальта), 7-е месца.

Аляксандр Мінёнак – 2016 год, Валета (Мальта), 7-е месца.

Сёлета пакарыць дзіцячае «Еўрабачанне» паспрабуе Даніэль Ястрэмскі, нацыянальны адбор ён выйграў з песняй Time.

Мінск збірае рэкордную ў гісторыі музычнага форуму колькасць краін-удзельніц — 20. Да пачатку шоу — крыху больш за два тыдні. Чакаем, каб з усёй Еўропай сачыць за яркім і маштабным музычным відовішчам, галасаваць за лепшых выканаўцаў і трымаць кулачкі за нашага Даніэля.

Даніэль ЯСТРЭМСКІ.

Няхай усміхнецца яму ўдача.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter