
Пенсіянеры ў першы дзень работы цэнтра спяшаліся запісацца на пазнавальныя курсы.
У дзень адкрыцця ў калідорах цэнтра не праціснуцца. Пенсіянерка Вольга Іванаўна просіць адміністратара запісаць яе на курс па асваенні камп'ютарных тэхналогій. Дачка ў яе жыве за мяжой, а «Скайп» і «Вайбер» пакуль незнаёмыя для жанчыны словы.
Таццяна Фёдарава, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, не сумняваецца, што такія праекты сёння вельмі патрэбныя:
— Колькасць пажылых грамадзян расце. Праекты, накіраваныя на актыўнае даўгалецце, на стварэнне ўмоў для арганізацыі вольнага часу пажылых людзей, актуальныя для краіны. Гэтую задачу выконваюць нашы 146 цэнтраў тэрытарыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія працуюць у кожным рэгіёне. Але добра, што з’яўляюцца і такія цікавыя праекты, як гэты.
Больш за 50 розных напрамкаў плануе прапанаваць цэнтр пажылым мінчанам. Будуць тут як платныя заняткі, так і бясплатныя. У ліку апошніх — кансультацыі аб абароне сваіх правоў, трэнінгі і лекцыі з псіхолагамі, герантолагамі і іншымі спецыялістамі. Ужо на наступным тыдні пенсіянераў чакаюць лекцыі «Аб абароне правоў пацыента» і «Аб абароне правоў спажыўцоў», якія правядуць дасведчаныя юрысты. Сярод платных курсаў таксама шмат цікавых. Напрыклад, тыя ж самыя заняткі па засваенні камп'ютарных тэхналогій, на якія паспяшалася запісацца Вольга Іванаўна. На ўроках можна будзе не толькі перайсці на «ты» з тэхнікай, але і завесці старонкі ў папулярных сацсетках. Тым, каму поўны курс з 8—10 заняткаў непатрэбны, прапануюць наведаць адзін са шматлікіх майстар-класаў, распавядае Алена Марыгяроўская, намеснік дырэктара цэнтра актыўнага даўгалецця:

На ўроках па засваенню камп’ютарных тэхналогій можна не толькі перайсці на «ты» з тэхнікай, але і завесці старонкі ў папулярных сацсетках.
— Каштаваць гадзінны майстар-клас будзе каля 5 рублёў. Дапусцім, сёння многія пенсіянеры сталі падарожнічаць. Навошта ім цэлы курс па засваенні камп'ютарных тэхналогій? За адзін занятак можна навучыцца браніраваць гатэлі, кватэры і квіткі.
Слухаю, пра што размаўляюць наведвальнікі: многіх зацікавіў напрамак, які ўключае аздараўленчыя методыкі, ёгу, танцы, творчыя заняткі па музыцы, кіно і выяўленчым мастацтве. Не сакрэт, што пажылыя людзі часта сутыкаюцца з адзінотай. У цэнтры гэтую праблему яны змогуць вырашыць — у кафэ і на творчых вечарынах пенсіянеры з лёгкасцю абзавядуцца новымі знаёмствамі. А да вядомага свята 14 лютага арганізатары падрыхтавалі вячэрняе мерапрыемства ў стылі хуткіх спатканняў — на яго запісаліся ўжо 12 чалавек.
Цэнтр актыўнага даўгалецця будзе адкрыты штодзень з раніцы да самага вечара. Зараз — тыдзень адчыненых дзвярэй. Усе майстар-класы і заняткі да 19 лютага абсалютна бясплатныя, каб жадаючыя змаглі вызначыцца з выбарам напрамку ў далейшым. У перспектыве арганізатары праекта плануюць таксама аднавіць гісторыю дома XIX стагоддзя, у якім размясціўся цэнтр. Раней тут была жаночая яўрэйская гімназія, а ў свой час у доме жыў Янка Маўр.
matuzova@sb.by