Гэта наша з табой бiяграфiя...

“Пiсаць бiяграфiю свайго народа — справа настолькi ж пачэсная, наколькi i адказная”, — гаварыў пра работу выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя” яго першы галоўны рэдактар, народны паэт Беларусi, Герой Сацыялiстычнай Працы, акадэмiк АН БССР Пятрусь Броўка. Вось ужо амаль 40 гадоў супрацоўнiкi выдавецтва працягваюць гэтую пачэсную i адказную справу — вядуць летапiс гiсторыi сваёй краiны. Адным з буйнейшых выдавецтваў Беларусi выпушчана ў свет каля 600 выданняў энцыклапедычнай i даведачнай лiтаратуры. Да выдання рыхтуецца шэраг кнiг, кожная з якiх стане ў блiжэйшы час сапраўднай з’явай у культурным жыццi Беларусi. Аб гэтым на прэзентацыi кнiжных навiн у Грамадскiм прэс-цэнтры Дома прэсы гаварыў галоўны рэдактар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя iмя Петруся Броўкi” Генадзь Пашкоў.
— Адным з дасягненняў выдавецтва лiчу выданне 18-томнай “Беларускай Энцыклапедыi”, — адзначыў Генадзь Пашкоў. — Расiяне ў сваёй трохтомнай энцыклапедыi “Родное Отечество”, што таксама нядаўна пабачыла свет, паказалi гiсторыю сваёй краiны ад старажытнасцi да 1917 года. Гэта зразумела: яшчэ не адзiн раз гiсторыя мiнулага стагоддзя будзе пераасэнсоўвацца. Усё ж мы адлюстравалi ў энцыклапедыi гiсторыю Беларусi ад старажытнасцi да нашых часоў. I спецыялiсты, i грамадства зыходзяцца на думцы, што энцыклапедыя, якая выдадзена на беларускай мове, атрымалася i заслугоўвае высокай адзнакi.
Сёння выдавецтва працуе над 6-томнай энцыклапедыяй “Республика Беларусь”, якая, па словах Генадзя Пашкова, стане своеасаблiвым пашпартам нашай дзяржавы. Яе першы том ужо знайшоў свайго чытача, а апошнi ўбачыць свет у 2008 годзе. “Рэспублiка Беларусь” стане дапаможнiкам для настаўнiкаў, студэнтаў i школьнiкаў, а таксама для кожнага, хто цiкавiцца гiсторыяй нашай краiны, духоўнай спадчынай беларускага народа. У рэалiзацыi гэтага маштабнага праекта прымаюць удзел навукоўцы Беларусi, Расii, Украiны, iншых краiн, адзначыў галоўны рэдактар.
— Адзiн з маштабных выдавецкiх праектаў, якi распачала “Беларуская Энцыклапедыя”, — серыя “Гiсторыя беларусi ў дакументах, манаграфiях, лiтаратурных помнiках”, — расказаў Генадзь Пашкоў. — Серыя пачалася ў мiнулым годзе томам “I паўстаў народ”. Гэта зборнiк падпольных i партызанскiх газет, часопiсаў, плакатаў, баявых лiсткоў i лiстовак Вялiкай Айчыннай вайны. Большасць дакументаў, што ўвайшлi ў кнiгу, дашлi да нашчадкаў у адзiнкавым экземпляры. Гэтыя рарытэты зберагаюцца ў фондах музеяў i недаступны масаваму чытачу. Выданне стала першакрынiцай для навукоўцаў, выкладчыкаў ВНУ, iдэалагiчных работнiкаў i мясцовых краязнаўцаў.
Наступнай кнiгай новай серыi стала выданне “Верхнее Поднепровье и Белоруссия”. Гэта фундаментальная праца была створана славутымi вучонымi Расiйскай iмперыi ў 1905 годзе i з тых часоў не перавыдавалася, падкрэслiў кiраўнiк выдавецтва. Фалiянт змяшчае поўнае геаграфiчнае апiсанне нашай Айчыны на пачатак мiнулага стагоддзя, у тым лiку прозвiшчы ўласнiкаў, памеры i межы маёнткаў на тэрыторыi Беларусi, назвы параходаў, што хадзiлi тады па рэках...
Ужо здадзены ў набор “Дневник Люблинского сейма” — збор дакументаў, што распавядае пра гiсторыю ўтварэння Рэчы Паспалiтай. “Дневник” утрымлiвае выступленнi ўсiх дэпутатаў сейма i, па словах супрацоўнiкаў выдання, чытаецца як захапляльны гiстарычны раман. У працяг серыi плануецца таксама выдаць працы знакамiтых беларускiх мыслiцеляў Доўнар-Запольскага, Шэйна, Ластоўскага.
— Пра мiнулае i сучаснае беларускай зямлi раскажа 15-томная энцыклапедыя “Гарады i вёскi Беларусi”. У гэтым годзе пабачыць свет яе трэцi том, прысвечаны Брэсцкай вобласцi. Два папярэднiя тамы, што ўжо з’явiлiся ў продажы, распавядаюць пра гiсторыю i культурныя адметнасцi гарадоў i вёсак Гомельшчыны — i тых, што iснуюць сёння, i тых, якiя на карце ўжо не знойдзеш.
Сярод новых выдавецкiх праектаў “Беларускай энцыклапедыi” Генадзь Пашкоў адзначыў серыю “Энцыклапедычная бiблiятэка самаадукацыi”. У апошнi час чытач змог азнаёмiцца з 12 кнiгамi гэтай серыi. Да 2010 года “бiблiятэка” будзе папаўняцца 12 кнiгамi штогод.
— Гэта творы навукоўцаў, фiлосафаў i мыслiцеляў розных краiн i часоў, што пакiнулi глыбокi след у развiццi чалавецтва, але амаль што незнаёмы нашаму сучаснiку, — патлумачыў аўтар iдэi, вядучы маркетолаг выдавецтва Вiктар Рабкоў. — Серыя разлiчана на самаадукацыю i фармiраванне цэласнага навуковага светапогляду моладзi. Чытач можа пазнаёмiцца з работамi прэм’ер-мiнiстра напалеонаўскай Францыi Франсуа Гiзо, заснавальнiка амерыканскай школы сацыялогii Лестэра Уорда, знакамiтых беларускiх гiсторыкаў Iосiфа Каяловiча i Iосiфа Турчыновiча, iншых мыслiцеляў, што ўнеслi сур’ёзны ўклад у фармiраванне сучаснай сусветнай культуры.
Лiтаральна ў гэтыя днi, да гадавiны Вялiкай Перамогi, адзначыў Генадзь Пашкоў, выдавецтва выпусцiла энцыклапедычнае бiяграфiчнае выданне “Кавалеры ордэна Славы”. Раней свет пабачыў энцыклапедычны даведнiк “Военачальники земли белорусской”. Аўтар i складальнiк унiкальнай энцыклапедыi, кандыдат гiстарычных навук Барыс Далгатовiч, правёў вялiкую даследчую работу ў ваенных архiвах нашай краiны i Расiйскай Федэрацыi. Кнiга вяртае нам iмёны генералаў i адмiралаў, што да нядаўняга часу былi невядомы сучаснiкам.
У планах выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя” на блiжэйшую перспектыву — фундаментальныя выданнi “Дзяржаўныя i палiтычныя дзеячы Беларусi”, “Энцыклапедыя беларускага краязнаўства”, “Музычная энцыклапедыя”, “Дызайн Беларусi”, “Народныя промыслы i рамёствы”, “Турыстычная энцыклапедыя”, а таксама “Военная энциклопедия Беларуси”, дзе ўпершыню будзе поўнасцю адлюстравана ратная гiсторыя краiны з X стагоддзя да нашых часоў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter