Драники, колдуны и бабка: что из белорусской кухни нравится минчанам

Гэта наша страва

Учора ў Мінску стартаваў 19-ы Тыдзень беларускай кухні. 60 рэстаранаў і кафэ будуць папулярызаваць нацыянальныя кулінарныя традыцыі. Ва ўсіх аб’ектах грамадскага харчавання, якія прымаюць удзел у Тыдні, стравы будуць гатавацца па адзіных рэцэптурах і рэалізоўвацца па аднолькавых цэнах. Жыхарам і гасцям горада прапануюць пяць страў нацыянальнай кухні: жур з мясам, салату «Журавiны», свініну фаршыраваную па-беларуску з бульбянымі долькамі, грачанікі з грыбамi і дзьмухаўцы з мядова-журавінавай паліўкай. Пасля прачытвавння гэтага смачнага меню карэспандэнт «Р» праглынуў слінкі і выйшаў на вуліцу, каб спытаць у мінчан пра іх любімыя стравы нашай кухні.

Учора ў Мінску стартаваў 19-ы Тыдзень беларускай кухні.

Галіна Касінская, пенсіянерка:

— Яшчэ з дзяцінства мая любімая страва — бабка. Гатуецца яна хутка і проста, да таго ж вельмі сытная. Наша сям’я — вегетарыянцы, таму гатуем бабку без мяса. У сям’і мясаеды толькі сабакі. Па восені яшчэ тушым бульбу з уласнымі «трафеямі ціхага палявання» — радоўкамі і баравікамі. А наогул, у нашым штодзённым рацыёне харчавання налягаем больш на кашы, гародніну і садавіну.


Анатоль Мінін, інжынер:

— З усёй разнастайнасці страў беларускай кухні больш за ўсё па душы мачанка. Можа, з пункта гледжання правільнага харчавання гэта не самая карысная ежа, тлустая. Але часам сябе можна і папесціць. Рыхтуем мачанку са скваркамі, каўбаскамі, у смятане. Калі збіраецца вялікая кампанія, ставім гарачую патэльню з мачанкай прама пасярод стала: усе ядуць з агульнага «катла», адломваюць кавалачак бліна і мачаюць яго ў смятану, прыкусваюць каўбаскай. Гэта гастранамічнае захапленне!


Ірына Міхайлоўская, пенсіянерка:

— Фірменная страва маёй бабулі, якую яна рабіла ў печы, — тушаная бульба. Цяпер ужо ў духавой печы я ў гліняных гаршках паўтараю яе рэцэпт. А ён зразумелы: сама бульба, чарнасліў, грыбы і зеляніна, якая ёсць у халадзільніку. Праўда, гэта страва хутчэй выхаднога дня, часта песціць ёй хатніх не выходзіць, на гатаванне патрабуецца час. А спешка ў гэтым — перашкода. І ў цэлым прадуктовы кошык «дыктуе» асартымент гандлёвых сетак, тую ж спрадвечна беларускую крывянку і іншыя народныя стравы днём з агнём не адшукаць на прылаўках.

Яраслаў Клімашэўскі, спартыўны аглядальнік:

— Калі прыязджаю пагасціць да бабулі, тая робіць для мяне яе фірмовыя калдуны. Гэта ўжо добрая сямейная традыцыя. Яны ў яе асаблівыя атрымліваюцца. Спрабаваў я калдуны ў многіх рэстаранах. Не той смак. Напэўна, справа ў сакрэтным інгрэдыенце — рыхтуе бабуля з любоўю. Мне падабаецца, што ў апошні час мінскія рэстарацыі сталі больш надаваць увагі нашай кухні. Праўда, шматлікім кухарам кулінарнае майстэрства яшчэ трэба адточваць, не заўсёды тыя ж простыя дранікі атрымоўваюцца ў іх смачнымі.

Аляксей Скобля, офісны работнік:

— Дранікі — наша ўсё. Гэта сапраўдны фастфуд па-беларуску: смажаныя хрумсткія бульбяныя аладкі, якія можна прыгатаваць у лічаныя хвіліны. Не разумею, чаму яшчэ дранікаў няма ў меню папулярных кропак хуткага харчавання. А начыніў дранік мясам — вось і наш адказ гамбургерам.

Апытваў Ілья НОВІКАЎ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter