Гэта гісторыя на слыху

Друкаваныя кнігі па гісторыі краіны ўпершыню робяць даступнымі інвалідам па зроку

Невідушчыя людзі пераадольваюць яшчэ адзін бар’ер: друкаваныя кнігі па гісторыі краіны ўпершыню робяць даступнымі інвалідам па зроку. Аўдыяпраект — справа рук гродзенскіх бібліятэкараў. Задума агучыць кнігі пра горад узнікла даўно, але толькі цяпер прыняла такія сур’ёзныя маштабы. Сёння ўжо можна «пачуць» пяць папулярных друкаваных выданняў, на падыходзе яшчэ некалькі краязнаўчых твораў. Ініцыятары шчыра спадзяюцца, што такой добрай ідэяй хутка натхняцца бібліятэкі па ўсёй краіне.

Усё толькі пачынаецца

— Ці тое яшчэ будзе, — Наталля Наземцава, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Гродзенскай цэнтральнай бібліятэкі імя Макаёнка, поўная амбіцыйных планаў. І нездарма: праект падтрымалі сотні гродзенцаў. Большасць з іх — нават матэрыяльна.

Куратар аўдыяпраекта праводзіць экскурсію па чытальнай зале і тлумачыць, каму гэта патрэбна:

— Людзі з парушэннем зроку шмат чытаюць. А то і болей, чым відушчыя. Спецыяльная бібліятэка для іх працуе ўжо больш за паўстагоддзя. Пастаянныя чытачы — звыш 600 гараджан. Праўда, кнігі на дысках складаюць толькі 40 працэнтаў усяго фонду. Мастацкая літаратура, дэтэктывы, паэзія — такія творы ўжо назубок усе ведаюць. А краязнаўчых кніг у агучцы яшчэ не было — да нядаўняга часу гэтая тэма была нядасягальная для тых, хто не бачыць літар.

Амаль 75 працэнтаў інфармацыі людзі атрымліваюць візуальна. А тым, хто мае праблемы са зрокам, трэба неяк выкручвацца — яны, можна сказаць, інфармацыйна галодныя. Таму Валерый Буднік «чытае» кожны дзень у навушніках.

Ён кладзе музычны плэер убок і ўспамінае:

— Я канчаткова страціў зрок каля дзесяці гадоў таму. А горад застаўся ў памяці малюначкамі з 1970—1980-х гадоў — такім я яго запомніў, калі мог падрабязна і ва ўсіх фарбах яго разгледзець. Жыву тут, хаджу, але мала ведаю свет, які ўвесь гэты час знаходзіцца побач.

Валерый Іванавіч марыць кампенсаваць усе прабелы. Гісторык па адукацыі, ён з нецярпеннем чакае новых пладоў праекта «Гродна: гісторыя ў гуку». Але гэта цікава і тым, хто не мае тэматычнага дыплома ўніверсітэта.

Бачыць вушамi

Ганна Янчурэвіч з вялікім задавальненнем, як кажуць, ад вокладкі да вокладкі, праслухала новыя кнігі на дысках:

— Шмат хто з нас валодае сістэмай Брайля. Але, паверце, слухаць меладычны тэкст з вуснаў прафесійнага дыктара куды больш зручней. Прысесці на лавачку, уключыць фантазію і паспрабаваць адчуць усе тыя ж эмоцыі, што і відушчыя людзі, якія з раніцы да вечара могуць любавацца старадаўнімі вулачкамі, унікальнымі храмамі і прыгожымі каралеўскімі палацамі.

Краязнаўчыя аўдыякнігі зацікавяць не толькі людзей з парушэннямі зроку, але і тых, хто цікавіцца гісторыяй.

Гаворым і павольна прагульваемся па гістарычным цэнтры. А я ўспамінаю: гэтую шматвяковую брусчатку не так даўно ўздоўж і папярок мы абышлі з Віктарам Саяпіным, аўтарам 480 крыніц пра гісторыю горада, з якіх больш за 30 — кнігі. Менавіта яго творы зараз прымаюць новае аўдыяаблічча. І, на вялікі жаль, ініцыятыўны знакаміты краязнаўца не дажыў да шчаслівага моманту, калі праект стаў набіраць абароты.

Дарэчы, патрэбную суму на агучку гістарычных кніг сабіралі з дапамогай інтэрнэту. Але куратары працягваюць прымаць грошы ад усіх неабыякавых людзей.

— У інтэрнэце ўдалося сабраць толькі 10 працэнтаў ад патрэбнай сумы. За астатнім вырашылі звярнуцца ў мясцовыя прадпрыемствы. Некаторыя пагадзіліся дапамагчы. Дамовіліся так: мы прыязджаем з выставай кніг, расказваем аб праекце, а прадпрыемства афіцыйна аплачвае нам гэта мерапрыемства. Зрабіць іх цікавейшымі дапамагаюць нашы краязнаўцы і гісторыкі.

Наталля Наземцава пасля прагулкі наводзіць парадак на бібліятэчных паліцах:

— Аўдыякнігі пра родную краіну выдаюцца не так часта, як хацелася б. Як толькі з’явіліся новыя выданні, іх адразу ж расхапалі і «перачыталі». Таму даволі хуткімі тэмпамі зараз ідзе праца над агучкай іншых кніг. Вось, глядзіце, на днях атрымалі чарговы запіс — «Згубленая архітэктура Гродна». Яшчэ трохі, і на свет з’явяцца «50 гродзенскіх вуліц: прагулка ў часе» і «Hrono Гродна. Гісторыя Гродна на старонках газет. 1913—1941 гады».

Аўдыякнігі для ўсiх

Амаль 15 тысяч інвалідаў па зроку краіны зарэгістравана ў ГА «БелТІЗ». Але не толькі яны хочуць слухаць гісторыю ў навушніках. Новыя краязнаўчыя аўдыякнігі будуць даступныя і ўсім іншым зацікаўленым людзям. Запісы «толькі для праслухоўвання» выкладуць у інтэрнэт. Арганізатары спадзяюцца, што ідэю падхопяць англамоўныя валанцёры, якія ператвораць кнігі ў фармат гарадскіх «экскурсій» для турыстаў.

Раней у навушніках можна было паслухаць толькі мастацкія творы

Пакуль прафесійныя дыктары ў студыі агучваюць апошнія кнігі Віктара Саяпіна, уключаю свой дыктафон — там захоўваецца запіс нашай апошняй размовы з краязнаўцам. Інтэрв’ю з чалавекам, які для многіх стаў увасабленнем сапраўднага гродзенца, так і не выйшла ў нашай газеце. Але ёсць надзея, што з развіццём праекта экскурсія з вуснаў самога гісторыка дапоўніць агучаны кніжны матэрыял. Вельмі ўжо жывыя і цікавыя там ёсць моманты!

Дарэчы, людзі з парушэннем зроку зараз і самі без справы не сядзяць. Яны развіваюць свой уласны праект — прапрацоўваюць сцэнарый цікавых экскурсій па цэнтры горада. Што тут, спытаеце, незвычайнага? А ёсць «маленькі» нюанс: гідамі будуць невідушчыя людзі, якія падчас пешай прагулкі раскажуць усім астатнім пра гісторыю Гродна. Тым турыстам, што пажадаюць, завяжуць вочы шчыльнай павязкай, а ў руку дадуць тактыльны кій.

ypopko@bk.ru

Фота з архіва герояў матэрыялу

Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?