Дворец культуры в Гродно, который долго находился в аварийном состоянии, наконец дождался реконструкции

Гэта будзе прыгожая гісторыя

Палац культуры ў Гродне, які доўгія гады знаходзіўся ў аварыйным стане, нарэшце дачакаўся рэканструкцыі. Вонкава адзін з галоўных культурных будынкаў горада зменіцца да наступнага Фестывалю нацыянальных культур, які пройдзе ў 2020 годзе. Унутранае ўбранне палаца будзе змяняцца паступова. З часам там з’явіцца глядзельная зала на 200 месцаў, банкетная і турыстычная залы, кафэ і бар, а таксама ўтульныя кабінеты для работнікаў культуры.

Палац доўгі час з’яўляўся адной з візітных картак горада.

Будынак з легендай


Палац культуры размешчаны ў самым сэрцы Гродна — на плошчы Савецкай. Якраз там, дзе любяць бавіць час самі гара-джане і шматлікія турысты. Сярод гродзенцаў доўгі час існавала легенда, што будынак узведзены задам наперад: нібыта фасад, які выходзіць да Дома быту, павінен быць галоўным. Але гэта ўсяго толькі легенда.

Палац доўгі час з’яўляўся адной з візітных картак горада. У ім была самая вялікая і прыгожая глядзельная зала, дзе давалі канцэрты ўсе заезджыя зоркі першай велічыні. У зале дэманстравалі фільмы. Раніцай — для дзяцей, а ўвечары — для дарослых. Працавалі ў палацы розныя гурткі і студыі, праходзілі навагоднія ранішнікі, збіралася залатая моладзь. У канцы 1960-х на сцэне палаца пачыналі сваю кар’еру «Песняры». Усяго на базе культурнага цэнтра функцыянавалі 43 гурткі.

Аднак з часам культурнае жыццё згасла. І калі вонкава галоўны культурны будынак горада не вельмі моцна дысаніраваў з навакольным добраўпарадкаваннем, то ўнутры ўсё было сумна, змрочна і нават выклікала асцярогу ў плане бяспекі.

Шэсць гадоў таму аб грандыёзным праекце рэканструкцыі Палаца культуры гаварылі ўсе. Былі выдзелены грошы на распрацоўку праектнай дакументацыі. «Гроднаграмадзянпраект» правёў велізарную працу па даследаванні будынка, спецыялісты намалявалі эскізы, прапрацавалі дэталі і агульную канцэпцыю. Аднак далей грандыёзных планаў справа не пайшла.

Доўгачаканая рэканструкцыя ў корані зменіць знешні і ўнутраны выгляд будынка.

У выніку на цэнтральнай плошчы горада аказаўся пустуючы Палац культуры, дзе нейкім чынам выжывалі культурныя работнікі. На працягу многіх гадоў усе грошы ад арэнды пустуючых плошчаў сыходзілі на ўтрыманне вялізнага будынка ў больш-менш нармальным стане. Пасля абясточвання мянялі электраправодку, пасля прарыву труб аднаўлялі водазабеспячэнне. А потым арандатары зусім адмовіліся ад супрацоўніцтва.

Праца спорыцца


Доўгачаканая рэканструкцыя ў корані зменіць знешні і ўнутраны выгляд будынка, пабудаванага ў 50-я гады мінулага стагоддзя. Яна ўключана ў абласную інвестыцыйную праграму на 2019 год, забяспечана яе фінансаванне. Галоўны інжынер Гродзенскага гарадскога ўнітарнага прадпрыемства «УКБ Гродзенскага гарвыканкама» Алег Мацюшык паведаміў пра найбліжэйшыя змены, якія чакаюць палац:

— Праект быў распрацаваны яшчэ ў 2013 годзе. Цяпер яго актуалізавалі, хоць выразнай візуалізацыі ўнутранага абсталявання палаца пакуль няма. Новы праект абнаўлення распрацаваў інстытут «Гроднаграмадзянпраект», тэндарныя таргі выйграла ААТ «Гроднапрамбуд». На гэтым тыдні пачаліся будаўнічыя работы. Іх выконвае БУ-210. Выдзеленыя на гэты год сродкі пойдуць на замену даху і драўляных перакрыццяў унутры будынка, інжынерных сетак. Плануецца абнавіць фасад палаца, замяніць старыя драўляныя вокны і ўваходныя групы. Значнае абнаўленне зробяць унутры будынка, дзе прадугледжана перапланіроўка памяшканняў. З цягам часу там з’явіцца гля-дзельная зала на 200 месцаў, банкетная і турыстычная залы, кафэ на 39 месцаў і бар на 12 персон. Зменіцца і стане больш функцыянальным флігель палаца, які выходзіць ва ўнутраны дворык.

Праект распрацавалі яшчэ ў 2013 годзе.

На будаўнічай пляцоўцы ўжо кіпіць праца. Мінакі спыняюцца, каб прачытаць інфармацыю аб зменах, што адбываюцца ў палацы, а часам нават звяртаюцца да рабочых, каб даведацца падрабязнасці. Майстар БУ-210 ААТ «Гроднапрамбуд» Сяргей Сурконт гаворыць аб складанасцях працы:

— Рэканструкцыя — гэта не новае будаўніцтва, таму складанасцей хапае. Будынак знаходзіцца ў жахлівым стане. На дадзены момант на аб’екце задзейнічана 20 чалавек. Пляцоўку абгарадзілі, выставілі знакі бяспекі. Зараз ідзе дэмантаж падлог, перагародак, дзвярных блокаў, вывозім смецце. У наступным годзе будуць завершаны агульнабудаўнічыя працы. Гродзенцы і госці горада ўбачаць прыкметна абноўлены будынак Палаца культуры з новым дахам, вокнамі і фасадамі.

ДАВЕДКА

Будаўніцтва гродзенскага Палаца культуры пачалі ў 50-х гадах XX стагоддзя па тыпавым плане дзяржаўных майстэрняў 1947 года. Аднак у 1955 годзе ўзгоднены план будаўніцтва будынка прыйшлося мяняць. Пацярпеў галоўны фасад, які выходзіў на плошчу: было вырашана прыбраць балконы і спрасціць карнізы. Часткі інтэр’ера, якія планавалася зрабіць з каштоўных парод дрэва, былі зроблены з фанеры. Палац урачыста адкрылі ў кастрычніку 1959 года. У ім працавалі 3 залы: канцэртная (400 месцаў), лекцыйная (120 месцаў) і спартыўная. У пакоях будынка былі адкрыты шахматна-шашачны клуб, бібліятэка і чытальная зала.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter