Герою-дзеду ад удзячнага ўнука

У Гарбавічах адкрыюць памятны знак у гонар Івана Лазарэнкі

Памятны знак у гонар генерал-маёра Івана Лазарэнкі будзе адкрыты ў аграгарадку Гарбавічы Чавускага раёна 25 чэрвеня. Ініцыятарам яго ўстаноўкі стаў унук Героя Савецкага Саюза, намеснік галоўнага ўрача Магілёўскай гарбальніцы Рыгор Лазарэнка. «Памятны знак з граніту выраблены на грошы спонсараў. Мы ўдзячныя старшыні і намесніку старшыні Чавускага райвыканкама Сяргею Драздоўскаму і Віталю Лебедзеву, якія падтрымалі гэтую прапанову», — падкрэсліў Рыгор Рыгоравіч і ўдакладніў, што яго дзед, камандзір 369-й стралковай дывізіі, загінуў у 1944-м пры вызваленні магілёўскай зямлі. Пахаваны Іван Лазарэнка ў Магілёве, а адна з вуліц горада носіць яго імя.

70-годдзе вызвалення Чавус ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў будзе адзначана яшчэ адной падзеяй — перапахаваннем у аграгарадку Антонаўка астанкаў двух загінуўшых салдат Вялікай Айчыннай вайны. Пошукавыя работы, расказала намеснік кіраўніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чавускага райвыканкама Юлія Гаранінава, у раёне ідуць ужо тры гады. За гэты час былі знойдзены і ўрачыста пахаваны астанкі дзясяткаў чырвонаармейцаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter