На миорском костеле установили памятную доску воинам армии Андерса

Герояў італьянскага Сталінграда ўшанавалі ў Міёрах

У «Сельской газете» за 20 чэрвеня ў артыкуле «Дараваны код самаахвярнасці» міярчанін Аляксандр Рынкевіч расказваў пра сваю задуму ўстанавіць памятную дошку салдатам арміі Андэрса, якія змагаліся ў Вялікай Айчыннай вайне. Пліта ўжо была гатова, заставалася ўзгадніць дакументы. Неўзабаве ад органаў улады атрымалі дазвол і акурат на васьмідзясятыя ўгодкі з пачатку Другой сусветнай вайны ў пачатку верасня шыльда ў гонар землякоў размясцілася на міёрскім касцёле Узнясення Дзевы Марыі.

Госці свята ў гонар адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў Міёрах.

На ўрачыстую цырымонію сабралася некалькі соцень вернікаў міёрскай парафіі. Святочна ўбраныя, яны сталі сведкамі памятнай падзеі. Менавіта ж у памяці наша сутнасць, еднасць, праўда. І тое, што моладзь беражэ добрую славу мінулага пакалення, дарагога каштуе. Аляксандр Рынкевіч даўно зацікавіўся падзеямі пад Монтэ-Касіна. Да таго ж неяк у міёрскі музей, дзе ён працуе, з Санкт-Пецярбурга заехаў Павел Лутохін спытаць, ці ёсць тут звесткі пра воінаў арміі Андэрса. У Паўла, як і Аляксандра, у гэтай арміі склаў галаву дзед. На жаль, нічога грунтоўнага ў музеі не аказалася. І хлопцы, пасябраваўшы, аб’ядналі намаганні, далучылі аднадумца Арцёма Сухойду. 

Дзякуючы сумесным старанням з’явілася выстава, прысвечаная змагарам-землякам, якая экспанавалася і на адкрыцці памятнай дошкі. Дакументы, фотаздымкі, узнагароды, пісьмы, ваенныя білеты, уласныя рэчы салдат з сямейных архіваў хлопцаў. Многімі звесткамі і рарытэтамі падзяліўся мясцовы апантаны настаўнік-краязнаўца Вітольд Ермалёнак. Парафіяне ўважліва разглядалі, чыталі, а калі прыўзнялася заслона з памятнай шыльды, многія нават заплакалі. «Італьянскім Сталінградам тое месца завуць, дзе цяпер крыжы белыя ўздоўж гары. Памяць Монтэ-Касіна макі там берагуць, дзе ляжаць нашы прадзеды-змагары». Гэтыя словы сімвалізуюць шэрагі скошаных жыццяў. 

На ўрачыстасць завітаў першы саветнік пасольства Рэспублікі Польшча ў Мінску Марцін Вайцяхоўскі, дошку асвячаў пробашч міёрскай парафіі Андрэй Кулік. Выступаў рэканструктарскі клуб, добрыя словы гаварылі прадстаўнікі мясцовай улады.

Гэта толькі на першы погляд здаецца, што ўсё так проста — зрабіць шыльду. Насамрэч, каб спраўдзіць ідэю, прыйшлося шмат працаваць. Першы, самы адказны этап — збор грошай. 

— Людзі ахвяравалі ахвотна, без прымусу, толькі скажу пра добрую справу — адразу адгукаліся, — прыводзіць прыклад дабрачыннасці Аляксандр Рынкевіч. — Тут ёсць сродкі з Рыгі, Лондана... 300 долараў спатрэбілася на саму дошку, плюс буклеты, значкі, магніты… У цэлым мерапрыемства заважыць на 700 долараў з улікам таго, што да шыльды спатрэбіцца зрабіць зручны падыход, замяніўшы кветнікі на плітку. 

Літаральна з усім арганізатары справіліся сваімі сіламі. Самастойна пісалі нават сцэнарый, тут лепшым «саветнікам» стала жонка Аляксандра — вопытная журналістка Кацярына Рынкевіч. Міёрскіх калег ва ўсім падтрымлівалі музейшчыкі з Браслава — правяла імпрэзу Ганна Базарэвіч.

І на гэтым ахвота нашчадкаў славутых продкаў не вычарпана. Аляксандр Рынкевіч здымае відэа з успамінамі дзяцей тых салдат. Павел Лутохін па польскіх сайтах і іншых крыніцах аднаўляе спісы землякоў, якія змагаліся на подступах да Рыма. Арцём Сухойда з бацькам сёлета пабывалі ў Італіі на ўрачыстасцях да 75-годдзя бітвы пад Монтэ-Касіна, узняліся на вышыні, якія ў тым ліку штурмаваў і ягоны прадзед Ян Сухойда. У Італію ў той дзень з’ехаліся прадстаўнікі многіх краін, і прыемна, што людзі з Вялікабрытаніі, Францыі, Злучаных Штатаў, Польшчы, Японіі, Новай Зеландыі ведаюць, што ў складзе другога польскага корпуса ваявалі і беларусы. Варта як мага больш рабіць, каб захаваць памяць пра іх на сваёй Радзіме, — Аляксандр, Павел і Арцём тут першыя памагатыя.

basikirskaya@sb.by

Фота Аляксандра РЫНКЕВІЧА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter