102-ю весну ждет партизанский командир и фронтовик Герой Социалистического труда Александр Слобода

Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер многіх баявых і працоўных узнагарод Аляксандр Іванавіч Слабада: «Глабальная мая мара — пазбавіць чалавецтва ад фашызму»

Аб'яўлены Прэзідэнтам Год гістарычнай памяці дзень за днём поўніцца рознымі падзеямі. За развіццём іх пільна сочыць партызанскі камандзір і франтавік Герой Сацыялістычнай Працы Аляксандр Іванавіч Слабада. Святочны касцюм ветэрана вайны і працы побач з Залатой Зоркай упрыгожваюць ордэн Леніна, два ордэны Чырвонага Сцяга, ордэны Айчыннай вайны I ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», Пашаны, шматлікія ратныя і юбілейныя медалі. За доўгі век ён тройчы ўдзельнічаў у Парадзе Перамогі на Чырвонай плошчы ў Маскве.


Аляксандру Іванавічу давялося адмераць тысячы кіламетраў франтавых дарог, змагацца з ворагам у атрадзе народных мсціўцаў. Ён адзіны жывы сведка кровапралітнага бою на Буйніцкім полі, прымаў удзел у абароне Масквы. У мінулым снежні, напярэдадні 80-годдзя пачатку контрнаступлення савецкіх войскаў у бітве пад Масквою, атрымаў віншавальнае пісьмо ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. У тым змаганні з вераломным ворагам вырашаўся не толькі лёс сталіцы вялікай дзяржавы, але і будучыня краіны, усяго свету.

Пасля вайны Аляксандр Слабада працаваў на партыйнай і савецкай рабоце, а пасля выхаду на пенсію амаль трыццаць гадоў на грамадскіх пачатках кіраваў Мінскім абласным Саветам ветэранаў. Двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета рэспублікі. Ганаровы грамадзянін Любані і Мінскай вобласці.

З акна ўтульнай кватэры Аляксандра Слабады праглядаецца прыцярушаны снегам прасторны двор, акружаны шматпавярховымі жылымі дамамі. Высокія дрэвы застылі вартавымі вакол ажыўленай дзіцячай пляцоўкі. Гаспадар кватэры любіць назіраць, як весела шчабеча дзятва.


— Зусім нядаўна ў гэтым двары насіліся мае ўнукі, — адзначыў пры вітанні Аляксандр Іванавіч. — Маюць ужо свае сем'і, жывуць далёка. Са мною засталіся дачка Таццяна і зяць Барыс. На 102-м годзе ногі перастаюць слухацца — да хадунка прызвычайваюся. Чакаю цёплых вясновых дзён, каб хутчэй на лецішча. Прырода — найлепшы лекар ад немачы.

Ад акна з неразлучным хадунком Аляксандр Іванавіч няспешна ідзе да канапы, над якой прыцягваюць увагу пажаўцелыя ад часу партрэты. Перахапіўшы мой позірк на іх, гаспадар удакладніў, што захаваліся з даваенных часоў. Гэта адзінае, што засталося ў спадчыну ад бацькоў. 

— У нашым доме, што стаяў на ўскрайку верхнядзвінскай вёскі Дубровы, пад адным дахам жылі тры пакаленні: дзядуля Сцяпан з бабуляй Праксцэтай, мае бацькі і я з братамі, — так дакладна Аляксандр Іванавіч пачаў успаміны. — Калгасаў не было, і ўсёй сям'ёю працавалі на сваіх нівах. Два вараных кані ледзьве спраўляліся ўзараць надзел. З савенькамі выходзілі на раллю і засявалі яе. Дзядуля давяраў мне круціць тачыла, калі вастрыў сякеру ці якую іншую прыладу. Браў з сабою ў лес на нарыхтоўку дроў і па дарозе заўсёды нешта цікавае расказваў. У сенакосны час з бацькам і дзедам кляпалі косы. З-за частых дажджоў сушылі траву на жэрдках і стагавалі. Мне давяралі таптаць сена на стагу. Яшчэ да першага класа з дзедам засвоіў чытанне, вучоба ў школе лёгка давалася. Летнімі начамі да світання пільнавалі коней. У той час усё на іх у вёсцы трымалася. Калі пачалася калектывізацыя, дзед вараных адвёў у калгасную стайню, аддаў і дзве малочныя каровы ў агульны статак. Вясною ўсёй вёскай праводзілі першую калектыўную сяўбу. А як сустракалі трактар «Фардзон»! Сапраўднае свята было. У той час я скончыў сямігодку і спрабаваў паступіць у Полацкі лясны тэхнікум, але падвяла батаніка. Вярнуўся дамоў. Па краіне ішоў камсамольскі заклік «Моладзь — на трактар!». Адгукнуўся і я. У Чапаеўскай МТС атрымаў пасведчанне трактарыста. У калгасе даверылі той самы «Фардзон» — героем ездзіў па вёсцы. 

— Сваю першую баразну памятаеце?

— Спачатку не атрымлівалася роўна: неставала вопыту, рукі дрыжэлі, нерваваўся, але хутка налаўчыўся. Да «Фардзона» быў прыладжаны плуг. З навакольных вёсак і хутароў прыходзілі сяляне на сталёвага каня паглядзець. Вельмі стамляўся за дзень працы ў полі, а ўвечары ляцеў на гулянку. Правяду дзяўчыну на суседні хутар і толькі пад раніцу дамоў вяртаюся. На працу не спазняўся. Каб зарабіць працадзень, даводзілася і па два-тры выхады рабіць. Налічвалі па 2 рублі 50 капеек. У канцы года выдавалі на працадзень і па два кілаграмы збожжа, столькі ж бульбы. Дома радаваліся майму заробку. Купіў ладны касцюм. Працаваў бы і далей на «Фардзоне», але восенню 1940 года пайшоў служыць у армію. Не думаў, што больш ніколі не ўбачу бацькоў, дзеда Сцяпана і бабулю Праксцэту. Яны не дачакаліся светлага Дня Перамогі. Маці Вольгу Канстанцінаўну і бацьку Івана Сцяпанавіча (ім было крыху больш за сорак гадоў) фашысты зверскі расстралялі. Не вытрымала такога гора і заўчасна памерла бабуля.



— А першае баявое хрышчэнне дзе давялося прыняць?

— Нашу воінскую часць за некалькі дзён да вераломнага нападзення фашысцкай Германіі па трывозе перакінулі з Саратава на Магілёўшчыну. Першы бой прынялі 25 чэрвеня 1941 года на рацэ Друць пад Бялынічамі. Потым было Буйніцкае поле, дзе падбіў два танкі. Абаранялі Магілёў і трапілі ў варожае акружэнне, ледзьве ўдалося вырвацца ў складзе батальёна каля Смаленска. Пры абароне Вязьмы, Малаяраслаўца, Падольска камандаваў узводам. У час контр­наступлення пад Масквой атрымаў тры раненні. Падлячыўся — і на перадавую. Мяне накіравалі ў тыл ворага на родную Віцебшчыну для арганізацыі партызанскага супраціўлення. Там узначаліў атрад брыгады імя Ленінскага камсамола, якая дзейнічала ў паўночна-ўсходняй частцы Беларусі. Ладзілі дыверсіі на чыгунцы, што вяла за лінію фронту, нечакана наляталі на варожыя гарнізоны. У адным з баёў куля цяжка параніла нагу, якую раней ледзьве не страціў. Пэўна, лёсам было наканавана выжыць. У той вечар у тыл праціўніка прыляцеў самалёт, на ім мяне пераправілі на вялікую зямлю. 

Узгадваючы перажытае, Аляксандр Іванавіч раз-пораз перабірае пальцамі, выдаючы ўнутранае хваляванне. З цеплынёю ўзгадаў пра жонку Ніну Вікенцьеўну Паўлоўскую. Пазнаёміліся яны ў час вучобы ў Мінскай вышэйшай партыйнай школе. Статная дзяўчына кранула яго сэрца. Яна таксама з Віцебшчыны, усю вайну партызаніла. Шэсцьдзясят пяць гадоў пражылі разам. 

— Ваш узнагародны алтар папоўніўся ў мірныя гады. Вы сталі Героем Сацыялістычнай Працы. За што дзяржава так высока адзначыла вас?

— За старанне і цярпенне. Узнагароды з неба не падаюць, шлях да славы заўжды нялёгкі. У Любані на Алеі Герояў ушанаваны слынныя хлебаробы, кожнага з іх добра ведаў. У карпатлівай працы здабываліся і вытворчыя рэкорды. Любанскім калгасам «Чырвоная змена» амаль паўвека кіраваў мудры Кузьма Шаплыка. Раіўся з ім, вучыўся ў яго ўменню ладзіць з людзьмі. У самых складаных сітуацыях мяне як кіраўніка раёна выручала кемлівасць патрыярхаў калгаснага ладу. Калі Мікіта Хрушчоў узначаліў ЦК КПСС, то на ўвесь свет заявіў, што дагонім і перагонім Амерыку па надоях малака. Зрабіць гэта, на яго думку, можна было толькі дзякуючы пашырэнню пасеваў кукурузы. Паступіла каманда ўсе травы заараць і сеяць толькі каралеву палёў. У райкаме партыі сталі мы раіцца, якое шукаць выйсце. Усе бясспрэчна лічылі, што травы трэба любым шляхам захаваць, пераворваць былыя тарфянікі неразумна. Аксакалы старшынёўскага корпуса Модзін, Смірноў, Шаплыка ў адзін голас заявілі, што знішчэннем сеяных траў загубім жывёлагадоўлю, а каманда зверху патрабавала толькі пашыраць пасевы кукурузы. 

— І як вы паступілі?

— Паехаў да Кірыла Трафімавіча Мазурава, які кіраваў ЦК КПБ. Ён падказаў паступаць так, як лічаць старшыні і нікому не прызнавацца. Паслухаліся: усе плошчы кармавых угоддзяў захавалі. Вясна выдалася халоднай, з познімі замаразкамі. Кукуруза на большасці палескіх тарфянікаў загінула, а травы выраслі густымі. Той год завяршылі паспяхова.

Аляксандр Іванавіч СЛАБАДА з жонкаю Нінай Вікенцьеўнай і сынам Яўгенам. 1960 год.

— Вы сустрэлі 102-і Новы год. У такім шаноўным узросце што больш цікавіць чалавека?

— Як і ў маладыя гады, за ўсё хвалююся. Ніколі лёгкага хлеба не меў. Позна за поўнач у маіх вокнах гарэла святло, а ўставаў на досвітку. І на заслужаным адпачынку на лаўрах не спачываў. Тры дзесяцігоддзі кіраваў абласным Саветам ветэранаў. Жывому — жывое!

— Падзеі, што апошнім часам адбываюцца ў сусвеце, даюць зразумець, наколькі чалавек становіцца больш безабаронным, калі губляе сувязь з каранямі, з роднай зямлёю.

— Гэта так. Заўжды імкнуўся сувязь з Радзімай трымаць: і калі змагаўся з ворагам, і ў пасляваенныя гады, аднаўляючы народную гаспадарку. З высокай павагай стаўлюся да тых, хто працуе на зямлі, хто дае хлеб і да хлеба. Трэба ўмець цаніць працу селяніна — цяжкую і пачэсную. Зямля — асноўнае багацце, а чалавек, які працуе на ёй, варты пашаны. Мы павінны нашчадкам несці гістарычную праўду, асабліва ваеннага часу. Надзвычай дарагой цаной далася перамога над лютым ворагам. Разам з саюзнікамі паставіла ашалелую фашысцкую Германію на калені.

— Як вы лічыце, што неабходна, каб нашчадкі ведалі цану міру і свабодзе, што здабыты прадстаўнікамі вашага пакалення?

— Выхоўваць у маладых пачуццё гонару за наш працавіты і мужны народ, не дазваляць перакройваць нашу гісторыю. У кожнай сям'і свае святыя моманты, асабістыя падзеі, але ў нас агульнае жаданне жыць мірна і ладна. Павагу да роднай краіны павінны выхоўваць у дзяцей і ўнукаў, каб не згасала агульная памяць. Глабальная мая мара — пазбавіць чалавецтва ад фашызму, бо ад яго вялікая пагроза ўсім. Мы справіліся з гэтым ў саракавыя гады, а ці здольна на гэта чалавецтва? Бачыце, якое напружанне зараз пануе ў свеце. 

— Што найбольш каштоўнае для чалавека?

— Самае дарагое — жыццё. Чытачам паважанай «Сельской газеты» ад усяго сэрца зычу жыць доўга і шчасліва!

— Дзякую за сустрэчу, шаноўны Аляксандр Іванавіч. Няхай кожны новы дзень другога вашага веку будзе ў радасць!

Фота аўтара і з архіва А. І. Слабады.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter