Толькі цяпер мы даведваемся пра легендарны подзвіг нашага знакамітага земляка-танкiста Андрэя Усава

Герой прамой наводкi

Яго імя, адзінага беларуса, занесена ў Залатую кнігу Санкт-Пецярбурга. Мінулі многія дзесяцігоддзі, і толькі цяпер мы даведваемся пра легендарны подзвіг нашага знакамітага земляка-танкiста Андрэя Усава, яго пасляваеннае жыццё.


Яны сапраўдныя героі — рускі Зіновій Калабанаў і беларус Андрэй Усаў. Танкісты. Фенаменальны бой, у якім экіпаж танка КВ № 864 за гадзіну знішчыў 22 варожыя танкі, больш у свеце ніколі і нікім не паўтораны. На жаль, іх унікальны подзвіг па розных прычынах яшчэ і цяпер дастойна не ацэнены. Таму для нас надзвычай важна і дорага ўсё з iх біяграфій. Сёння наш расказ пра Андрэя Усава, які пасля вайны жыў і працаваў у Талачыне.

…У самым пачатку вайны Андрэй Усаў змагаўся з гітлераўскімі захопнікамі на ленінградскай зямлі. Ён выжыў у тым пекле 19 жніўня 1941 г., знішчаў ворага ў баях за Пскоў і Нарву, вызваляў Тарту, Рыгу, Гданьск, Кёнігзберг, Расток. Па даведцы, якую прадставіла мне дырэктар Талачынскага гісторыка-краязнаўчага музея Ірына Пікулік, ён удзельнічаў у 30 танкавых атаках, знішчыў 41 варожы танк, дзясяткі гармат і мінамётаў, звыш 450 салдат і афіцэраў. Некалькі разоў гарэў у танку, тройчы цяжка паранены. Але выжыў.
Мемарыяльная дошка адкрыта
ў маі гэтага года ў Талачыне.


У Залатой кнізе Санкт-Пецярбурга імя беларуса Андрэя Усава ўвекавечана за гераізм і мужнасць, праяўленыя ім восенню 1941 года ў баях пад Гатчынай (тады Чырвонагвардзейск). Прэзідэнт Расіi Уладзімір Пуцін пры ўручэнні грамат аб прысваенні ганаровага звання «Горад воінскай славы» падкрэсліў: «Асаблівую мужнасць абаронцы Гатчыны праявілі ў жніўні — верасні 1941 года, на тры тыдні спыніўшы наступленне фашысцкіх захопнікаў. Гэта дазволіла завяршыць будаўніцтва Пулкаўскай абароннай лініі і стрымаць спробы ворага прарвацца да Ленінграда».

Кіраўнік дэлегацыі горада на Няве Сяргей Грыгор’еў у час незвычайнай урачыстасці звярнуўся да жыхароў Талачына з такімі словамі: «Ваш зямляк 

Андрэй Усаў — першы грамадзянін Беларусі, удастоены гонару, каб яго імя было занесена ў гэты гістарычны фаліянт. Падкрэслю, такое рашэнне прымалася не ў кабінеце чыноўнікаў. Тысячы подпісаў у падтрымку гэтай ініцыятывы збіралі простыя людзі нашых дзвюх краін».

Аўтар гэтых радкоў настойліва і карпатліва збірае матэрыялы пра героя танкавых баёў восенню 1941-га на дальніх подступах да Ленінграда. Легендарны танкіст — так адназначна называюць смелага беларуса ўсе, з кім мне давялося гутарыць. І тыя 

афіцыйныя дакументы, якія я даследаваў, найлепшым чынам сведчаць: такую высокую пашану Андрэй Усаў заслужыў, бо яго ваенны лёс незвычайны. А яго жыццё і работа ў мірныя гады — прыклад высокай чалавечай сумленнасці, годнасцi i дабрыні.

Сёння пазнаёмлю чытачоў «Р» з часткай сабраных матэрыялаў. Канкрэтна — новыя, дасюль невядомыя звесткі пра фенаменальны бой нашых танкістаў 19 жніўня 1941 г. пад Гатчынай. І ўспаміны пра Андрэя Усава тых людзей, якія з ім разам працавалі, ведаюць і памятаюць сёння.

Андрэй УСАЎ і Зіновій КАЛАБАНАЎ
на месцы памятнага бою.
Адразу ж важныя ўдакладненні. Усё, пра што распавядаю, аснована на канкрэтных фактах, якія пацверджаны архіўнымі дакументамі, матэрыяламі краязнаўцаў Санкт-Пецярбурга і іншымі. Другое, для мяне вельмі дарагія ўспаміны пра Андрэя Усава жыхароў Талачына. Я збіраў іх па крупінках. І гэта зразумела: мінула амаль трыццаць гадоў, як Андрэй Усаў пайшоў з жыцця. І тыя, хто ведаў яго, ужо вельмі сталыя людзі, многае забылася. Таму, паўтаруся, сёння нам так дорага выключна ўсё, любая дробязь з жыцця легендарнага танкіста.

Тут я звярнуся да матэрыялаў даследчыка з Санкт-Пецярбурга Дзяніса Базуева. Матэрыялы, у тым ліку і нямецкія архіўныя дакументы, надзвычай каштоўныя, бо яны дазваляюць нам аж праз 74 гады ўпершыню даведацца пра важныя, гераічныя і трагічныя дні тых зацятых баёў.

Немцы ашалела рвуцца да Ленінграда, хаця і нясуць вялікія страты. Іх стрымлівае наша 1-я чырванасцяжная танкавая дывізія, якой камандуе Герой Савецкага Саюза палкоўнік Віктар Баранаў. Яна была сфарміравана з аднаго з лепшых танкавых падраздзяленняў савецка-фінскай вайны, праслаўленай 20-й танкавай брыгады. Нашы танкісты ведалі, як трэба ваяваць на лясіста-балоцістай мясцовасці, не ў тэорыі, а на практыцы. Але ж гэтая дывізія была няпоўнага складу: каля 90 танкаў і практычна без пяхоты.

Андрэй Усаў тады служыў у танкавай роце, якой камандаваў лейтэнант Зіновій Калабанаў. Наш зямляк быў камандзірам гарматы танка КВ-1. Перад боем палкоўнік Баранаў выклікаў да сябе Калабанава і паставіў, на першы погляд, нерэальную задачу. Пяццю танкамі ён павінен будзе спыніць дзве (!) нямецкія танкавыя дывізіі.

Дзяніс Базуеў паводле ўспамінаў, афіцыйных дакументаў, па выніках сваіх пошукаў падрабязна ўзнаўляе ўсе моманты таго знамянальнага бою 19 жніўня 1941 г. «Р» ужо расказвала пра яго, таму не буду паўтарацца. Ды й задача зараз у мяне іншая. Пра самога Зіновія Калабанава напісана і сказана многа, асабліва ў Санкт-Пецярбургу, і такое па праве.

Андрэй жа Усаў застаўся як бы ў цяні. Між тым, і цяпер гэта прызнана ўсімі, хто займаецца ўвекавечаннем памяці легендарных танкістаў, наш зямляк у тым баі здзейсніў немагчымае. Самай высокай меркай ацэньваўся яго подзвіг па свежых слядах — 5 верасня 1941 года. Выпіска з узнагароднага ліста на героя-танкіста: «Знішчыўшы два пярэднія танкі, тав. Усаў па загадзе камандзіра роты перанёс агонь на астатнія фашысцкія танкі. У выніку дакладнага артылерыйскага агню экіпажам знішчаны 22 фашысцкія танкі. За праяўленыя мужнасць і гераізм у барацьбе супраць германскага фашызму тав. Усаў удастоены вышэйшай урадавай узнагароды — прысваення звання «Герой Савецкага Саюза».

Замест Героя Усаву далі ордэн Леніна, Зіновію Калабанаву — ордэн Баявога Чырвонага Сцяга. Як бачым, асабісты ўклад Усава ацэнены вышэй. Калі канкрэтна, то менавіта Андрэй асабіста і знішчыў тыя самыя 22 нямецкія танкі. Бо ён — лепшы камандзір гарматы ва ўсёй 1-й танкавай дывізіі. У тым баі ведаў адно: біў і біў па варожай калоне. Прычым страляў адмыслова, пра што сведчаць вынікі бою.

Аўтар ні ў якім разе не дзеліць унікальны подзвіг на дваіх — Калабанава і Усава — або на кожнага з пяці членаў таго легендарнага экіпажа. Гэта іх сумесны подзвіг. Але ж у імя справядлівасці неабходна, каб і беларус Андрэй Усаў не быў абойдзены.

Экіпаж КВ-1: камандзір у цэнтры, Андрэй УСАЎ — справа ад яго.

Імя Зіновія Калабанава было занесена ў Залатую кнігу Санкт-Пецярбурга ў 2013 годзе, імя беларуса Андрэя Усава — сёлета. Яшчэ сёлета на памяшканні Талачынскай дзіцячай школы мастацтваў устаноўлена памятная дошка ў гонар знакамітага танкіста. Мы ў Беларусі цяпер ведаем, што подзвіг нашага земляка, смелага абаронцы Ленінграда ў самыя драматычныя для горада дні, назаўсёды ўвекавечаны ў летапісе слаўных падзей і імён. Скажам шчыра: з’ява выключная для Талачына. Бо кніга асаблівая. Яна асвечана ў Свята-Троіцкім саборы Аляксандра-Неўскай лаўры з ускладаннем на раку з мошчамi благавернага Аляксандра Неўскага.

Другі, так бы мовіць, шлях вяртання Андрэя Усава да нас і патомкаў — успаміны тых людзей, якія ведалі гэтага незвычайнага чалавека. На жаль, іх мала, але некаторыя расказалі мне шмат важнага і цікавага. Тут прыводжу ўспаміны толькі дваіх. 

Генадзь Дулевіч, ветэран працы:

— З Андрэем Усавым я разам працаваў больш за пяць гадоў. Ён быў тады дырэктарам Талачынскай нафтабазы, я — інжынерам-тэхнолагам. Па характары нармальны чалавек, з рабочымі не канфліктаваў, калі трэба было камусьці памагчы,  заўсёды памагаў. Як дырэктар — адказны. Словам, на сваім месцы.

— А ён расказваў, як у адным баі знішчыў 22 варожыя танкі?

— Падрабязна — не, бо вельмі быў сціплы. Андрэя Міхайлавіча часта запрашалі ў ваенкаматы выступіць перад навабранцамі. Паступова ў горадзе даведваліся, што дырэктар нафтабазы — легендарны танкіст. Ганарыліся ім. Але ж падчас успамінаў пра тыя драматычныя падзеі пад Ленінградам ён сам сябе ніколі не выстаўляў, не хваліўся, такога не было. 

Аднойчы, добра гэта памятаю, паехалі мы ўчатырох на возера на рыбалку. Мы і прысталі да Усава: раскажы, Міхайлавіч, падрабязна, як тады ўсё было. Успомніў, але ж скупа. Падкрэсліў такое: наш экіпаж разграміў нямецкую калону таму, што мы вельмі ўдачна сталі ў засадзе. І што яму, Усаву, пашанцавала з першых выстралаў адразу ж падбіць і пярэдні, і задні нямецкія танкі. Па праўдзе, мы здзіўляліся: няўжо такое здзейсніў наш дырэктар, ціхі, рахманы чалавек?

— А верылі ў гэта?

— Асабіста я верыў, і вось чаму. Ездзіў у Санкт-Пецярбург поездам і на машыне, сваімі вачыма бачыў, якія там мясціны: суцэльныя гіблыя балоты, вузкія дарогі. Звернеш у бок — і храснеш, нават чалавек, а што казаць пра цяжкі танк. Канешне, цяпер мы ганарымся нашым земляком. Вось як бывае ў жыцці: нічога геройскага ў характары, паводзінах Андрэя Усава не было, а за той бой ён сапраўдны герой. Шкада, што так позна пра гэта сталі гаварыць…

Лідзія Міхайлава, ветэран працы:

— Андрэя Усава памятаю з таго часу, калі я працавала касірам на чыгуначным вакзале ў Талачыне і на нафтабазу часта прыходзілі цыстэрны. Усаў і прымаў іх. Вельмі быў сціплы, тактоўны, я б сказала, мяккі па характары. Нават калі нешта і не атрымлівалася, усё роўна размаўляў спакойна, ветліва.

Мы ведалі, што ў Андрэя Міхайлавіча ёсць ордэн Леніна, але пра той свой бой пад Ленінградам ён не расказваў, прынамсі, я ніколі не чула. Добра, што людзі не забыліся пра нашага славутага земляка, праз столькі гадоў ушанавалі яго памяць. Я нават верш пра яго напiсала, так расчулiлася…

Лідзіі Міхайлаўне ўжо 87 гадоў, ёй вельмі цяжка хадзіць. Тыя вершы чытала яе дачка Наталля Васільеўна. Канешне, радкі вельмі простыя, недасканалыя, але ж галоўнае ў тым, што сталая жанчына хвалююча і душэўна выказвае пачуцці, якія глыбока кранаюць і яе сэрца, і нашы, калі думаем пра славутага беларуса. Пра легендарнага танкіста Андрэя Усава, які наперакор усяму вяртаецца да нас.

Міхаіл ШЫМАНСКІ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter