Герой новага часу

МЕНАВІТА апошняя глава «Палетак блакітнага космасу» друкавалася на старонках «БН» яшчэ да выдання аповесці. Напомнім чытачу, што кніга прысвечана кіраўніку СПК «Астрамечава» Брэсцкага раёна, старшыні Беларускага аграпрамысловага саюза Аляксею СКАКУНУ. Сення Уладзімір ЛІПСКІ прыадкрывае «БН» занавес над сваёй творчасцю.

Мінская міжнародная кніжная выстава расчыніць дзверы Нацыянальнага выставачнага комплексу «БелЭКСПА» ўжо заўтра, 8 лютага. Сярод мноства мерапрыемстваў тут адбудзецца і прэзентацыя дакументальнай аповесці «Мужык» вядомага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Ліпскага.

МЕНАВІТА апошняя глава «Палетак блакітнага космасу» друкавалася на старонках «БН» яшчэ да выдання аповесці. Напомнім чытачу, што кніга прысвечана кіраўніку СПК «Астрамечава» Брэсцкага раёна, старшыні Беларускага аграпрамысловага саюза Аляксею СКАКУНУ. Сення Уладзімір ЛІПСКІ прыадкрывае «БН» занавес над сваёй творчасцю.

“Не выжываю, а жыву!..”

Пад такой назвай некалі прэзентавалі творчасць Уладзіміра Ліпскага ў выдавецтве “Адукацыя і выхаванне”. Пісьменніка называюць таксама “свой у краіне дзяцінства”. Уладзімір Ліпскі, дзяцінства якога адабрала вайна, выхадзец з сялянскай сям’і Гомельшчыны, быў і слесарам, і журналістам, і старшынёй прафсаюза. Цяпер, узначальваючы Дзіцячы фонд, працуе яшчэ і галоўным рэдактарам часопіса “Вясёлка”. За свае 70 год выдаў шмат кніг-аповесцей, казак, нарысаў. Мае мноства ўзнагарод, сярод якіх самы значны ў краіне — ордэн Францыска Скарыны. А сёння Уладзімір Сцяпанавіч прапануе вобраз героя сучаснай Беларусі — у кнізе “Мужык” — асобай Аляксея Скакуна.

Родам з Дастоева

— “Подзвігі” Скакуна даўно былі на слыху, але ідэя стварыць “героя новага часу” з’явілася пасля асабістай сустрэчы з Аляксеем на адной з нарадаў, — успамінае Уладзімір Сцяпанавіч. — Такія сур’ёзныя справы за плячыма і аніякай зорнасці! Наадварот, убачыў перад сабой чалавека лёгкага, руплівага, ды яшчэ аптыміста са здаровым пачуццём гумару. Зацікавіў ён мяне. Амаль адразу пасля знаёмства залез у архіў, пачаў шукаць яго радаслоўную. Гэта была трохгадовая праца, якая прынесла не толькі рэзультат, але і задавальненне. Столькі розных людзей спаткалася мне на шляху да стварэння кнігі “Мужык”. Цікава і тое, што сам Аляксей Скакун родам з вёскі Дастоева. Менавіта адсюль паходзіць знакаміты род Дастаеўскіх, а продкі героя — з сялян, якія працавалі на зямлі. Сёння Аляксей — самы перспектыўны аграрнік краіны, “карані” ў яго моцныя.

Чаму ж не герой?

 Прозвішча Скакуна поўнасцю сябе апраўдвае. Член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, які звыш трыццаці гадоў узначальвае адну з самых перспектыўных гаспадарак краіны — СПК «Астрамечава», старшыня Беларускага аграпрамысловага саюза, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Колькі іпастасяў! І пры гэтым — руплівы, спагадлівы селянін, “які да хамутоў прывычны”, просты мужык...

— А якія ідэалы навязваюцца сёння сучаснай моладзі? — рэгламентуе Уладзімір Ліпскі. — Спевакоў шоу-бізнесу? Экстрэмалаў? Мая справа як пісьменніка  вылучыць у нашым жыцці сапраўднага героя, з якога можна браць прыклад. Менавіта селянін трымае ўсю Беларусь. Паважаць мы павінны таго, хто нас корміць. Увогуле, у гастраном заходжу як у храм. Хочацца пакланіцца людзям, якія зрабілі шмат, каб на прылаўку для мяне быў хлеб.

“Мужык” — ужо 15-я кніга аповесцяў у маёй працы пісьменніка. Я выбіраю менавіта жанр дакументальна-мастацкай прозы. Чаму? Хочацца быць блізкім да чытача, да душэўных перажыванняў людзей простых і самаадданых. Такая літаратура даверлівая. Навошта мне выдумляць вобразы, калі вось тут, па суседству са мной, жывуць людзі, лёс якіх — цэлая аповесць? Трэба толькі адкрыць вочы, прыгледзецца і прыслухацца да тых, хто блізка… Абавязак пісьменнікаў — шукаць вобразы сапраўдных людзей, якія ствараюць сучаснасць.

Ганна ЖУКОЎСКАЯ, «БН»

Фота Мікалая ВАЛЫНЦА, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter