Фільмаграфія ў Віктара Манаева вялікая — амаль пяцьдзясят роляў

Герой не нашага кiно

Фільмаграфія ў Віктара Манаева вялікая — амаль пяцьдзясят роляў. Але сам народны артыст Беларусі адхрышчваецца ад такой колькасці, маўляў, я ўсё жыццё іграў у тэатры, так, на пробы хадзіў, але здымаўся мала, было некалькі добрых роляў, галоўная — наогул адна. Сёння ў рамках праекта «Тэрыторыя кіно» Віктар Сяргеевіч расказвае не пра трыццаць пяць купалаўскіх гадоў (на гэтую тэму ён даў мноства інтэрв`ю), а пра тое самае кіно і шлях да яго.

Віктар Манаев
Віктар Манаев

Трэба быць смешным для ўсіх

— Нічога ў жыцці выпадковага не бывае. Усе мы атрымліваем тое, да чаго ідзём. У трэцім класе школьны бібліятэкар, пачуўшы мой пераказ «Цветика-семицветика», сказала, што мне трэба ў драматычны гурток, які, уласна, яна і вяла. Памятаю свой першы выхад на сцэну: у мяне была роля кухара-пельменя — мне пад-клалі падушку, нафарбавалі шчокі. Зала рагатала, а я атрымаў ад гэтага велізарнае задавальненне. Тады і зразумеў, што мне падабаецца весяліць людзей. Вельмі зайздросціў работнікам цырка і асабліва клоўнам, якія стваралі настрой, дарылі радасць.

У школе быў харашыстам, вельмі любіў хімію, падабалася ставіць вопыты. Настаўнікі казалі, што мне дарога ў тэхналагічны. Але я быў не згодны. Для чаго, скажыце, я хадзіў у драмгурток, займаўся ў студыі мастацкага слова? Толькі ў тэатральны! Вывучыў верш пра вайну Мікалая Маёрава «Есть в голосе моем звучание металла». Уявіце, як я прамаўляю гэтыя радкі сваім піск-лявым голасам. Камісія рагатала, але мне здавалася, што ўсе павінны плакаць. Словам, мне сказалі, што я не падыходжу і лепш будзе, калі выберу іншую прафесію. 



А куды ісці? Я сем гадоў займаўся ў драмгуртку, «закахаўся» ў гэтае мастацтва. Аднойчы ўбачыў у газеце аб`яву: «Патрабуюцца юнакі для залiчэння ў акцёрскую трупу лялечнага тэатра». Тады там яшчэ не было прафесійнага калектыву, таму запрашалі людзей з вуліцы. Я прачытаў там байку Дзям`яна Беднага, мне далі ляльку, папрасілі паказаць, што магу з ёй рабіць, і выдалі кароткае: «Прыносьце заяву».

Да гэтага часу памятаю: прыходжу ў аддзел кадраў, па радыё гучыць «Арлекіна» і дзве жанчыны абмяркоўваюць, хто гэта спявае: «Нейкае рэвалюцыйнае про-звішча ў гэтай спявачкі, ці то Разіна, ці то Пугачова? Яна, здаецца, яшчэ на нейкім конкурсе перамагла». Мяне ж больш цікавілі словы песні: «Арлекино, Арлекино, нужно быть смешным для всех...» Гэта якраз тое, чаго я хацеў. Вось так мы пачыналі разам з Алай Барысаўнай.

Не здымацца — гэта нармальна

Я вельмі любіў той тэатр. Рук тады не хапала, таму папрацаваў практычна з усімі лялькамі. А якія там былі людзі! Яны зараблялі кучу хвароб у спінах і руках, але ўсё для таго, каб дзеці весяліліся. А якія тады былі дарослыя спектаклі! На іх немагчыма было дастаць квіточак. Тады разам з Анатолем Ляляўскім працавала малады рэжысёр Вікторыя Казлова. Яна распавядала, як лялька можа перажываць, выказваць іншыя эмоцыі. Гэта быў казачны час, я быў упэўнены, што вызначыўся са сваёй прафесіяй.

Гэты рэжысёр набірала курс для лялечнага тэатра, і я вырашыў ісці туды вучыцца, таму што іншага шляху не бачыў. Але жыццё склалася па-іншаму. Нас вя-дзе Гасподзь, вядзе туды, дзе мы павінны быць. Тады ў інстытуце выкладаў рэжысёр Купалаўскага Андрэй Андросік, мы з ім рабілі драматычныя спектаклі па апавяданнях Чэхава. Я іграў адразу некалькі роляў. Мабыць, яны яму спадабаліся. Словам, мяне ўзялі за руку і прывялі ў Купалаўскі, хоць сэрца маё было ў лялечным. Ведаеце, потым, калі да мяне былі прэтэнзіі, я заўсёды казаў: «Што вы ад мяне хочаце? У дыпломе ж напісана, што я акцёр тэатра лялек».

На ролі ў Купалаўскім мне грэх скардзіцца, заўсёды быў заняты ў рэпертуары. У кіно амаль не здымаўся. Беларускіх акцёраў не вельмі і здымаюць. Ды і ў пачатку 1980-х, калі я прыйшоў у тэатр, у кінематографе былі складаныя часы. Памятаю, тады Тураў пачынаў здымаць «Людзей на балоце». Праглядалі ўсіх маладых акцёраў, я таксама хацеў выконваць галоўную ролю — Васіля. Не прайшоў. І потым я пачаў думаць, што не здымацца — гэта нармальна. «Беларусьфільм» вельмі часта браў на галоўныя ролі акцёраў з Масквы, іншых саюзных рэспублік. А вось іншыя кінастудыі не запрашалі беларусаў.

Я супакоіўся, калі ў тэатры стаў працаваць са Стэфаніяй Станютай, Галінай Макаравай. Бо гэтыя нашы вялікія бабулі пачалі здымацца позна, прычым спачатку гэта былі невялікія эпізоды. Ды і ў Купалаўскім было столькі роляў, што не было калі шкадаваць пра кіно.

Вы нам падыходзіце!

У 1985-м мяне паклікалі ў Маскву, пасялілі ў масфільмаўскай гасцініцы. Элем Клімаў, які збіраўся здымаць «Ідзі і глядзі», сам прыходзіў да мяне рэпеціраваць. Мой персанаж — фатограф — атрымаўся чалавекам з магутнай энергіяй. Ён павінен быў рассмяшыць байцоў, каб атрымаўся жыццярадасны здымак. Памятаю, Клімаў пытаецца: «Ты зможаш развесяліць трыста чалавек?» А я ж малады акцёр. І мы сталі прыдумляць, як можна прымусіць рагатаць гэтых байцоў. Прыляпілі майму персанажу гітлераўскія вусы, падпілавалі ножку крэсла. Гэтую двуххвілінную сцэну мы рэпеціравалі тыдзень. Усё было вельмі сур`ёзна. Напэўна, сапраўднае мастацтва так і робіцца. А сённяшнія серыялы лепяцца на хуткую руку, без падрыхтоўкі і рэпетыцый.

Запомніліся здымкі ў Аляксандра Яфрэмава, ён запрасіў на ролю ў фільм «Давай пажэнімся», здымаўся з Маргарытай Церахавай і Юрыем Назаравым. Потым гэты ж рэжысёр даў эпізод у «Павадыры». Але наогул з кіно мяне мала што звязвала. Запрашалі на розныя пробы, але з часам я зразумеў, што гэта чыстая фармальнасць. Чаму б не схадзіць, калі ў савецкія часы акцёрам за гэта плацілі грошы? Праўда, цяпер усё наадварот.

У мяне часта пытаюцца, як я стаўлюся да серыялаў. Мне з імі пашанцавала. Быў такі рэжысёр Віктар Сяргееў, у      2000-м ён здымаў у нас «Неба і зямлю». Проб як такіх не было. Ён сеў насупраць мяне і пачаў расказваць, пра што фільм. Прапанаваў мне сыграць маёра ФСБ. Я слухаў моўчкі, быў здзіўлены, што мне, вясёламу чалавеку, прапануюць  сур`ёзную ролю. Працаваў разам з Уладзімірам Удавічэнкавым, які тады толькі стаў зоркай пасля «Брыгады». Мы былі следчымі: ён — малады і добры, а я — стары і дрэнны. Я прыдумаў сабе вобраз, вырашыў наогул не ўсміхацца. Уяўляеце? Я ж па жыцці хоць і «заціснуты» чалавек, але ўсмешлівы. Лічу, што менавіта так трэба размаўляць з людзьмі. Напрыклад, зайшоўшы ў краму нават пасля цяжкага працоўнага дня, трэба быць ветлівым, усміхнуцца. Тады і прадавец табе адказвае тым жа.

Потым гэты ж рэжысёр запрасіў мяне на ролю начальніка па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю. Гэта якасныя серыялы. Жыццё кароткае, таму важна, што ты пакінеш пасля сябе, што гэта будзе за «плявок у вечнасць», як казала вялікая Ранеўская.

А потым здарыўся працяг «Белых Рос». Ішоў на пробы «Вяртання» і не хваляваўся. Калі шчыра, было шкада часу, таму што ведаў, скажуць: «Дзякуй! Добра», але паклічуць здымацца іншага. Я да гэтага прызвычаіўся. Каб умець здымацца ў кіно, трэба пастаянна здымацца ў кіно. Іграць на сцэне — гэта зусім іншае. Магчыма, таму ў мяне не складвалася з кінематографам. А тут прапануюць паспрабаваць сыграць нейкага дзіўнага старога. Падышоў да справы безадказна. Таму што адказнасць павялічвае колькасць памылак. Я ўскалмаціў валасы, мне надзелі нейкую шапачку. А потым рэжысёр Аляксандра Бутар кажа: «Вы нам падыходзіце». Гэта мая самая вялікая роля. Ці будуць яшчэ? Не ведаю. Гасподзь вядзе нас па жыцці. Можа, ён вырашыў, што я больш патрэбны ў тэатры?

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter