Гер Юзiк i дзед Валодзька

— Данусечка, галубка мая, можа, што з’есцi дасi? – дзед Валодзька, сам увесь невысокi, кашчавы, з маленькiм, нейкiм дзiцячым тварыкам, умольна, знiзу ўверх паглядаў на жонку...

— Данусечка, галубка мая, можа, што з’есцi дасi? – дзед Валодзька, сам увесь невысокi, кашчавы, з маленькiм, нейкiм дзiцячым тварыкам, умольна, знiзу ўверх паглядаў на жонку, якая ўзвышалася перад iм, як капа сена.

— Свiннi ў хлеве не даелi, iдзi жары, каб ты апрогся, — гыркнула “галубка”, больш падобная ў гэты момант на раз’ятраную крумкачыху. 

— Дык, можа, папiць што... — цягнуў сваё Валодзька. 

— Гнiлой табе вадзiцы з-пад балотнай купiны, — цётка Дануся цяжка i пагрозлiва глянула на свайго старога. – Яшчэ не напiўся, цмок? 

Дзед умомант прыцiх, схаваў доўгi i востры свой язык за карэньчыкi рэдкiх зубоў. Канешне, напiўся, ды яшчэ як. Цэлую саракалiтровую кану першаку, якую Дануся, з захаваннем павышаных мер сакрэтнасцi, схавала была ў сене, выжлукцiў. Працэс гэты iшоў не адзiн месяц – дзед, не разбураючы схованкi, адсмоктваў пацiху самагонку праз тонкую гумовую трубачку, але ўскрылася ўсё гэта акурат сёння, i з гэтай менавiта нагоды сцены дзедавай хаты ледзьве не трэслiся з самага ранку. 

— Ну калi я табе, Данусечка, больш не патрэбен, памiраць буду, — нахабны дзед замест таго, каб моўчкi перачакаць жончыну гняўлiвасць, выцягнуў на сярэдзiну хаты шырокую лаву, кiнуў пад галаву зашмальцаваную ватоўку, лёг i рукi злажыў. 

— Чорт цябе, ёлупня, не возьме, — абыякава адрэагавала жонка. 

—А калi возьме, ты, Данусечка, вось што зрабi, — дзед ямчэй уладкаваўся на мулкай лаве i, прыплюснуўшы вока, пiльна назiраў за жонкай. – Справа ад мяне, ля самай галавы, пасадзi Альжбэту. За ёй – Марусю з хутара, далей – Ганну з дачушкай. Злева – сама сядзь, глянь на мяне ў апошнi разок. Побач з сабой Зiну ўладкуй, за ёй – Галю, а ў нагах Пятроўну папрасi сесцi. 

Цётка Дануся, якая даволi спакойна слухала пералiк усiх тых жанчын, якiх вёска даўно i трывала запiсала ў дзедавы палюбоўнiцы (дзед быў адмысловым печнiком, некалькi дзесяткаў год клаў печы ў навакольных вёсках, дзе пасля вайны моцна бракавала мужыкоў, так што ўсё магло быць, але, калi i было, то даўно), як толькi пачула пра Пятроўну, натапырыла вушы, склала двойчы два (звычайную грубу Пятроўне яе Валодзька рабiў чамусьцi вельмi доўга, раз нават заставаўся начаваць, а калi прыйшоў дахаты, патыхала ад яго не только спiртам, якi ў вясковай фельчаркi не зводзiцца, але, так бы мовiць, i... самой фельчаркай, кабетай хоць i на пятым дзесятку, але гладкай, спраўнай i развядзёнкай).  

— Пятроўну, кажаш, пасадзiць? Ах ты, паразiт, каб табе ўсё тое  паадсыхала! 

Важкi вiлачнiк, якiм Дануся лёгка варочала цяжкiя чыгуны, свiснуў у паветры i з грукатам апусцiўся на лаву, дзе толькi што рэпецiраваў уласныя хаўтуры дзед Валодзька. 

– Прэч, каб цябе пранцы ўзялi, з хаты! Прэч, гiцаль! 

— Ты, Дануська, таго, ты чаго, ўсхадзiлася, жартаў не разумееш? — памаўзлiвы дзед хацеў быў звесцi ўсё да жарту, але, пабачыўшы, што Дануся ў тым настроi, што i скабы пералiчыць можа, шпарка ўскочыў у валёнкi i ўжо з бяспечнай адлегласцi выгукнуў: – Ты гэта няправiльна робiш! Мяне, старога партызана, прымушаеш “палiцiчаскае ўбежышча” прасiць сама ведаеш у каго. 

“Палiцiчаскае ўбежышча” збрадлiваму дзеду ахвотна даваў сусед праз дарогу, Юзiк. Па прозвiшчы Шмальц. Саракагадовы двухметровы мацак з блакiтнымi вачыма i каротка абстрыжанымi белымi валасамi – пародзiсты, трасца на яго, немец, гэтакая натуральная арыйская “бестия”. Адкуль гэтыя самыя Шмальцы з’явiлiся ў звычайнай беларускай вёсцы яшчэ напрыканцы пазамiнулага стагоддзя, не ведаў нават дзед Валодзька, якi вадзiў дружбу з Юзiкавым бацькам, старым Гансам. У вайну iх, праўда, вывезлi кудысьцi ў Казахстан, дзе Ганс i памёр, а Грэта, Юзiкава мацi, сам Юзiк i дзве малодшыя сястры сюды потым вярнулiся. Грэта скора памерла, дзве ружовашчокiя сястрычкi-немачкi падалiся, як стала можна, у фатэрлянд. Юзiк застаўся, ажанiўся, развёў немалую гаспадарку i зажыў не бяды. 

Дзiўна, але дзед Валодзька, гэты шалапут, якi i ў свае восемдзесят з гакам на кожную спаднiцу глядзiць, як кот на смятану, аматар чаркi, i памяркоўны, разважлiвы, надзвычай гаспадарлiвы “арыец” Юзiк сышлiся не разлi вада. Мала таго, што Юзiк заўжды даваў дзеду гэта самае “палiцiчаскае ўбежышча”, дык яшчэ даваў яго не дзе-небудзь, а ў бровары – гнаў Юзiк, халера на яго, самагонку, ды такую моцную, чыстую, празрыстую, што мясцовыя начальнiкi, участковы i iншыя не толькi закрывалi на гэта вочы, але i самi, хто дарма, а хто за грошы, ёй частавалiся. Дык вось, у цяжкую для дзеда хвiлiну Юзiк зваў яго ў бровар, даставаў “пласмасiну” (двух- альбо паўтаралiтровую бутэльку з-пад якога-небудзь напою), тоўстымi скiбамi рэзаў бохан хлеба, шчодра краiў лусты ружовага, з часначком i кменам сала, пластаў напапалам цыбулiну, да самых краёў налiваў “малiноўскi” стакан. 

— Гут, Юзiк, зэр гут, — дзед, хапянуўшы стакан, шумна занюхваў яго акрайчыкам. – Ведаеш, добра пайшло, быццам сам божанька ў лапцiках па душы прабегся. 

Так за чаркай i размовай хаўруснiкi маглi прасядзець не адну гадзiну, ды толькi так атрымлiвалася, што ў той самы момант, калi душэўная еднасць старога i маладога ўздымалася да небывалых вышынь, у бровар урывалася цi раз’ятраная цётка Дануся, цi Юзiкава Галя – кабета хоць i не такая апантаная, але ж. “Юзiк, — крычаў, стараючыся вылузацца з жончыных рук, дзед. — Я ўбываю на iстарычаскую родзiну!” 

Не дзiва таму, што дзень, калi Юзiк з’ехаў на сваю гiстарычную радзiму, у нямеччыну, стаў для дзеда самым чорным днём у жыццi. Ён змарнеў, знiякавеў, пiльна ўглядаўся ў чорныя, сляпыя вокны Юзiкавай хаты, начамi варочаўся без сну. Дайшло да таго, што цётка Дануся цiшком збегала да крамы i купiла дзеду адзежу на смерць. Можа, ён, чаго добрага, i сапраўды б памёр ад тугi i адзiноты, калi б аднойчы, месяцы, мусiць, праз тры пасля Юзiкавага ад’езду, не глянуў па звычцы на яго хату i не падскочыў ад радасцi: вокны свяцiлiся, а над броварам курэў такi знаёмы, прыемнага паху дымок. 

— А на храна мне, дзед, той фатэрлянд здаўся. Чужое там усё, не маё ўсё, — Юзiк, раз-пораз перарываючыся, каб каўтнуць свежанькага першаку, расказваў дзеду пра свае хаджэннi за дзве мяжы. – Ну да орднунга iхняга, можа, i прывык бы. Але ж мова! Я ў ёй, як той дуб яловы. Настаўнiца нешта гергеча, нешта пытае, а я нi ў зуб нагой. Ду, кажа, iст гер Ёзаф. А я ёй кажу: якi я табе, птамаць, гер, якi Ёзаф, iх, кажу, хайсэ Юзiк. Ну i... 

Што было пасля таго самага “i”, Юзiк прызнаўся праз некалькi чарак. Аказваецца, калi тая немка-настаўнiца дастала яго да пячонак, Юзiк ад душы, гледзячы ёй прама ў вочы, сказаў недрукаванымi словамi, якiх знаў багата, усё, што думае пра яе асабiста i пра тутэйшыя парадкi. Выказаўся, не ведаючы, што немка тая з казахстанскiмi каранямi i ўсе тыя выразы разумее. Юзiка з трэскам паперлi з класа, ён пайшоў у гастштэт, кульнуў некалькi келiхаў тамтэйшага, рэдкай брыдкасцi шнапсу, потым, у  момант самай адчайнай настальгii па сваёй вёсцы, расквасiў нюхаўкi двум палiцыянтам. За гэта маглi яго, канешне, пару гадоў патрымаць за кратамi, але, дзякуй богу, абышлося дэпартацыяй. 

Толькi нешта пасля гэтага ў галаве Юзiка, якога ўся вёска стала зваць “герам”, зрушылася. Нервовы стаў, шалёны, ледзьве не па iм слова – лезе бiцца. Ну i аднойчы прыбегла, раскудлачаная, з ладным лiхтаром пад вокам, да дзеда Валодзькi ў пошуках паратунку Юзiкава Галя. Услед за ёй увалiўся Юзiк, дастаў жонку ладным выспяткам. 

— Юзiк, кiнь дурное, не чапай бабу, — дзед Валодзька адчайна стаў перад здурнеўшым суседам. 

Той, глянуўшы на дзеда, як на пустое месца, мiмаходзь заехаў яму ў вуха. Пакуль дзед ляцеў да печы, у хаце стала цiха – змоўк жаночы лямант. Юзiк, бачна было, спужаўся таго, што зрабiў. Дзед жа цяжка падняўся з падлогi, падышоў да Юзiка i, гледзячы таму ў вочы, цiха сказаў: 

—Я, Юзiк, думаў, што ты чалавек, за сына цябе трымаў. А ты, Юзiк, не чалавек. I не немец ты, а натуральная свiння. Iдзi, не рабi смуроду ў хаце. 

На тым дружба дзеда Валодзькi i гера Юзiка скончылася, усе спробы апошняга  наладзiць “дыпламатычныя” адносiны поспеху не мелi. 

А дзед, якi выскачыў з хаты, як падсмалены, пра гэта забыўся i, толькi апынуўшыся на вулiцы, дапетрыў, што “палiцiчаскага ўбежышча” яму прасiць няма ў каго. Дзед патаптаўся па снезе, паляпаў сябе па баках i, рабiць няма чаго, узяў вiлы i палез на тарпу сена карове скiнуць... 

— Юзiчак, дзiцятка, ратуй, ратуй, даражэнькi, — немым крыкам яшчэ з парога Юзiкавай хаты крычала цётка Дануся. – Стары мой на вiлы ўссадзiўся, крывёй сходзiць, да доктара трэба! 

Юзiкава “аўдзi” здохла акурат на паўдарозе, за дзесяць кiламетраў ад райцэнтра. Юзiк, не марнуючы нi хвiлiны, скiнуў кажух, узяў на рукi дзеда, якi падаўся яму такiм лёгкiм, кволым,безабаронным i няшчасным, i подбегам прыпусцiў па пустой начной шашы. 

— Дзед, зараза ты старая, толькi паспрабуй памерцi, я цябе на тым свеце адшукаю. Чуеш, дзед? Памрэш, а Пятроўну хто пакоцiць, га? Думаеш, не ведаю я? Я, дзед, пра цябе ўсё ведаю, я дзед з-за цябе толькi з нямеччыны вярнуўся. Як падумаў, што цябе, ёлупня старога, больш не пабачу, так i вярнуўся, а ты што задумаў, га? – Юзiк хоць i задыхаўся ўжо, але гаварыў i гаварыў, быццам думаў, што без яго слоў, яго лаянкi дзед так i не агомкаецца, так на той свет i пойдзе... 

Першае, што праз пяць дзён непрытомнасцi ўбачыў дзед Валодзька, быў схуднелы, счарнелы, не свой нейкi, але Юзiкаў твар – той сядзеў на ложку i пiльна ўглядаўся ў дзеда. 

— Юзiк, сынок, гэта ты... —  цяжка, праз нейкi камяк у горле прасiпеў дзед. 

— А каму яшчэ такi чорт стары патрэбны, га? – Юзiк аж расцвiў, паружавеў, убачыўшы, што дзед  з бяды, падобна, выкараскаўся. — Слухай, а можа... гэта самае... па кроплi возьмем. 

Юзiк дастаў з-пад палы “пласмасiну”, выцяг з кiшэнi пакецiк з салам i агурком, глянуў на дзеда i радасна засмяяўся – мяркуючы па тым, як загарэлiся дзедавы вочы, як заторгаўся ад знаёмых прыемных пахаў кляўбак, прасiць“палiцiчаскага ўбежышча” на тым свеце дзед пакуль не будзе. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter