60 лет исполняется директору КСУП «Совхоз «Коммунист» Ельского района БОБЧЕНКУ Г.В.

Гены пальцам не раздушыш

Без гэтага знаёмства маё рэдактарскае жыццё было б намнога бядней. Бо Бабчанок, як высветлілася, не проста дырэктар аднаго з лепшых саўгасаў Палесся, да таго ж член цэнтральнага праўлення Беларускага сялянскага савета і член прэзідыума Рэспубліканскага аграпрамысловага саюза — грамадскіх арганізацый, у якіх маю гонар знаходзіцца і  я, а яшчэ і вельмі творчая натура, цікавы суразмоўнік  і надзейны сябар. Калі не пра такіх, тады пра каго яшчэ пісаць кнігі! Менавіта гэтымі днямі ў выдавецтве “Адукацыя і выхаванне” ў серыі “Асобы” выходзіць дакументальная аповесць Уладзіміра Ліпскага “Бабчанкова асалода”, урыўкі з якой мы друкуем у двух нумарах. Адразу зазначу: не толькі Рыгор Бабчанок заслугоўвае дакументальнай аповесці, а і яшчэ дзясяткі прадстаўнікоў старшынёўскага корпуса. Чаму іх сцяжынкі пакуль разыходзяцца з пісьменніцкімі, сказаць не магу, але вельмі гэтага абодвум бакам зычу. У выпадку ж з Бабчанком і Ліпскім невядома, каму пашчасціла больш: ці паважанаму пісьменніку на дырэктара, ці наадварот. Цікава і знакава, што яны сустрэліся. Адзін таленавіты паляшук з другім. І ў гэтым таксама бачу прызначэнне лёсу.

Як добра, што саўгасам “Камуніст” Ельскага раёна ўжо трэцяе дзесяцігоддзе кіруе такі таленавіты і рознабаковы чалавек, як Рыгор Бабчанок. Палессе — яго родная зямля, ён нарадзіўся недалёка ад Зашыр’я і ніколі з той пары ёй не здраджваў. Хаця былі прапановы. Бабчанок настолькі арганічна каранямі зросся з гаспадаркай, з вяскоўцамі, з традыцыямі, што нават уявіць сябе адарваным па любой самай паважанай прычыне ад усяго гэтага не можа. Бо ў кожную лічбу значных эканамічных дасягненняў, у кожны лёс земляка, у кожную дэталь прыгажосці і хараства наўкол Бабчанок уклаў нават не часцінку сваёй душы, а ўсю яе.

Тое, што Бабчанок ведае ўсе сакрэты аграрнай эканомікі, што ён валодае нейкай здольнасцю да аптымізму нават тады, калі іншыя гатовы апусціць рукі, — факт вельмі пазітыўны для яго пасады. І насамрэч, калі многія яго калегі толькі і робяць, што скардзяцца на крызісы, дрэнных начальнікаў, адсутнасць грошай і асабліва на дрэннае надвор’е, Рыгор Уладзіміравіч упэўнена цягне ў гару цяжкі воз кіраўніцтва. І робіць гэта на зайздрасць ладна, з  характэрнай бацькоўскай упартасцю, яскравым сялянскім гумарам і кругласутачным паэтычным настроем. Кожнай бы гаспадарцы такога дырэктара!

Адкуль у ім усё гэта і многае іншае добрае?

Ад роднага парога і мілага сэрцу Палесся, матуліных урокаў і бацькавых навук, школьных і акадэмічных універсітэтаў? Так, несумненна. Ад вялікага кола сяброў і настаўнікаў, няўтольнай прагі да ўсяго новага, перадавога ў свеце, практычнага ведання любой сялянскай справы ўласнаручна? У першую чаргу. І ад  неабсяжнай крыніцы народнага самабытнага таленту ў тым ліку.

Але нешта яшчэ такое асаблівае ў Бабчанку, тое, што робіць яго непадобным ні на кога. Што? Шмат назіраў за ім у розных абставінах. І вось што думаю: калі ён толькі нарадзіўся, Усявышні пацалаваў у самую макушку. Інакш кажучы, гены, як ён сам любіць заўважаць, праўда, за іншымі, пальцам не раздушыш, менавіта яны фарміруюць штодзённы стан яго душы, яго ўчынкаў. Дзе б ні быў: на сельгасвытворчасці, пасяджэнні, у камандзіроўцы, сярод суседзяў-землякоў ці важных сталічных суразмоўцаў. 

Важны аспект у партрэт: Бабчанок складае вершы. Паэтычнасць ельскага дырэктара — справа не толькі яго ўласная. Таму што піша ён вершы не ў стол, а робіць гэта так адкрыта, як, бадай, ніхто. І ў гэтым таксама ўвесь Бабчанок! Выдаў некалькі зборнікаў, прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, яго запрашаюць на творчыя сустрэчы ў райцэнтры і сталіцы, а “Сельская газета” друкуе лепшыя яго радкі на першай старонцы ў “Беларускім ручніку”. Дзе вы яшчэ бачылі, каб вершаваныя радкі былі раскіданы па зямлі, на якой працуе Бабчанок са сваім калектывам! На ўездзе ў аграгарадок Зашыр’е, у мехмайстэрні і на фермах, у прыгожым жылым пасёлку і ў месцах адпачынку, у музеі і школе — усюды паэтычна выпісаны правілы паводзін і адносін асабіста кіраўніка да працы, быту, настрою. І гэтыя прынцыпы-заклікі становяцца звыклымі для ўсіх, хто жыве і гасцюе тут, у саўгасе “Камуніст”. І сто разоў не мае рацыі той высокі начальнік, які, убачыўшы гэты цуд, пачынае моршчыць лоб: маўляў, за вершамі дырэктару няма калі выконваць паказчыкі. Якраз наадварот. Асабліва, калі запытаць пра гэта простых сялян…

Калі “Сельская газета” адзначала 95-гадовы юбілей, да нас на свята завітаў, вядома, і Рыгор Уладзіміравіч Бабчанок. Няхай даруюць усе шматлікія госці, але яго выхад на сцэну, разам з легендарным старшынёй СВК “Астрамечава” Аляксеем Сцяпанавічам Скакуном, скарыў перапоўненую залу Дома друку і стаў ці не галоўнай падзеяй віншавальнай цырымоніі. Даўні сябар газеты выкаціў перад усімі вялізны хлебны каравай з надпісам. Па зале паплыў самы смачны на зямлі водар галоўнага сялянскага прадукту — аднаго з сімвалаў нашай працавітай і незалежнай Беларусі. Больш таго, Хлеб гэты быў выпечаны там, у бабчанкоўскім Зашыр’і, а вырашчаны рукамі таленавітых і адухоўленых паэзіяй працы хлебаробаў-палешукоў. 

Няхай жа доўга каласіцца шчодрым ураджаем ніва — хлебная і паэтычная — Рыгора Бабчанка, сапраўднага энтузіяста, гаспадара і патрыёта сваёй зямлі, спадчыннага хлебароба з шырокай душой летуценніка. Бо жывём, працуем і творым мы, пакуль верым, спадзяемся і  кахаем. Ды яшчэ і робім гэта так, як герой вельмі цікавай і таленавітай дакументальнай аповесці Уладзіміра Ліпскага “Бабчанкова асалода”, — з асалодай!

Заўтра Рыгору Уладзіміравічу спаўняецца 60 гадоў. З юбілеем, таварыш дырэктар!
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter