Гены i здароўе

Выраз  «генная  мадыфiкацыя»  сёння  насцярожвае  многiх.  А  наколькi  сапраўды  небяспечна  яна  для  здароўя  чалавека?

Выраз  «генная  мадыфiкацыя»  сёння  насцярожвае  многiх.  А  наколькi  сапраўды  небяспечна  яна  для  здароўя  чалавека?

ГМ-прадукты — гэты тэрмiн выкарыстоўваецца для вызначэння раслiн i жывёл, генныя характарыстыкi якiх былi зменены ў лабараторных умовах. Звычайна гэта робiцца для дасягнення пэўных мэт, такiх як паляпшэнне харчовай каштоўнасцi прадукта цi павышэнне марозастойкасцi раслiны. Таго ж можна дасягнуць селекцыйным метадам, але гэта будзе займаць шмат часу i вынiк часцей за ўсё не будзе настолькi эфектыўным. Напрыклад, кукуруза, якая ўтрымлiвае гены бактэрый Bacillus thuringiensis, ужо здольна сама выпрацоўваць пестыцыды, засцерагаючыся такiм чынам ад насякомых. 

— У беларускiх лабараторыях на генную мадыфiкацыю можна дакладна праверыць толькi сою ды памiдоры, — гаворыць навуковы супра­цоўнiк лабараторыi генетыкi мiкраарганiзмаў бiяфака Белдзяржунiверсiтэта Сяргей Жардзецкi. – Прадукты завозяцца ў краiну з дакументамi, дзе пазначаны кланаваныя гены, калi такiя прысутнiчаюць. Часам фiрма-пастаўшчык можа падаваць разам з усiмi неабходнымi дакумен­тамi i пратаколы па атрыманнi гена. Толькi варта адзначыць, што дакументы падаюцца на першапачатковыя прадукты. Напрыклад, пастаўшчык паведамляе пра наяўнасць нетыповага гена ў партыi соi, але можа змаўчаць аб прысутнасцi яго ў складзе каўбасы. 

Для таго каб сапраўды вызначыць наяўнасць “лiшняга” гена ў прадукце, неабходна праводзiць вельмi складаныя эксперыменты, правяраць склад бялкоў, параўноўваць з бялкамi дзiкiх продкаў генна-мадыфiкаваных арга­нiзмаў. 

— Я магу сказаць, што вось у гэтай склянцы – бактэрыi з генам бяссмерця, — працягвае генетык, трымаючы ў руцэ нейкую шкляную ёмiстасць. — Я кланаваў гэты ген. Але як праверыць? Адзiнае, што можна зрабiць, — гэта аднесцi дадзены бiялагiчны матэрыял у iншую лабараторыю. Але ж i там не так хутка выканаюць пастаўленую задачу. Справа ў тым, што для якаснай праверкi неабходны “ключ” — штосьцi вядомае аб атрыманнi гэтага гена. Калi такiх звестак не маеш, табе не пашчасцiць за кароткi тэрмiн пацвердзiць наяўнасць таго цi iншага гена. Для эфектыўнага даследавання патрэбна задзей­нiчаць адразу некалькi лабараторый, патрацiць нямала часу i грошай. Складаная праца як для айчынных, так i для замежных вучоных.  

Таму, магчыма, на прылаўках беларускiх супермаркетаў знаходзiцца намнога болей “прадуктаў-мутантаў”, чым мяркуецца. Толькi цi павiнна гэта насцярожваць i тым больш пужаць? 

— Працiўнiкi геннай ма­дыфiкацыi часцей за ўсё людзi, якiя зусiм не раз­бiраюцца ў генетыцы, — гаворыць вучоны. — Не так даўно трапiлiся мне на вочы два артыкулы. У адным — аб’ектыўнае тлумачэнне акадэмiка карысцi ад геннай мады­фiкацыi, у другiм — неабгрунтаванае, беспадстаўнае абвiнавач­ванне ў псаваннi людскога здароўя. Аўтарам апошняга была жанчына-нейрафiзiёлаг — зусiм далёкi ад генетыкi чалавек. У гэтым артыкуле ледзь не ў кожным сказе сустракаеш грубыя памылкi адносна спецыфiкi генетычнай навукi. 

Сапраўды небяспечныя для чалавечага арганiзма розныя вермiшэлi i булёны “хуткага гатавання”. Узяць, напрыклад, соль глутамiнавай кiслаты — глутамат натрыю, якi ўва­ходзiць у iх склад, а таксама ў чыпсы ды танныя каўбасы для ўзмацнення смаку. 

— Iснуе два тыпы амiнакiслаты: L i D, — расказвае генетык. — Першая — прыроднага паходжання. Другая, штучная, адрознiваецца ад першай толькi прасторавай канфiгурацыяй малекулы (па хiмiчным складзе — такая ж). Iх абедзве засвойвае арганiзм чалавека, не разбi­раючыся, што адна з iх, хiмiчная, небяспечная для яго. Менавiта D-амiнакiслата засвойваецца клеткамi галаўнога мозга, паступова разбураючы шэрае рэчыва. 

— Мне, напрыклад, усё роўна, пазначана цi не пазначана на ўпакоўцы прадукта: “Утрымлiвае мадыфiкаваную сою”, — адзначае малады генетык. — Генная мады­фiкацыя накiравана ўсяго толькi на паляпшэнне якасцi прадуктаў харчавання, павышэнне ўраджайнасцi, вынослiвасцi, пладавiтасцi i г.д. Напрыклад, ген рыбы камбалы можна ўключыць у структуру клеткi памiдора, для таго каб павысiць марозастойкасць раслiны. Але недасведчанага чалавека пачынае турбаваць пытанне: “А раптам, калi з’ем такi памiдор, ген камбалы ўкаранiцца ў маю ДНК?” Большага глупства не прыдумаеш. Чаму ж, калi спажываем рыбу, яе ген не “пераскоквае” да нашых генаў? Чаму ж мы ў гэтым выпадку не ператвараемся хоць бы ў амфiбiй? 

Генная мадыфiкацыя прадуктаў — велiзарная эканомiя грашовых сродкаў. Амерыканцам не патрэбны розныя хiмiкаты супраць каларадскiх жукоў. Бо генетычна выве­дзеная бульба (выкарыстаны ген бацылы, смяротна небяспечнай толькi для каларадскага жука) ужо “не цiкавiць” жукоў i становiцца больш сытнай i смачнай, бо нiякiя насякомыя-паразiты не перашка­джаюць росту, развiццю раслiны. Айчыннаму прадукту, вырашчанаму з дапамогай хiмiчных угнаенняў, далёка да якасцi такой бульбы. 

— Што перашкаджае нам вырошчваць падобныя гатункi бульбы? – рытарычна пытаецца Сяргей Жардзецкi. — Зусiм нiчога. Але нехта заўсёды на гэтым зарабляе. У нашым выпадку — вытворцы хiмiчных атрут, угнаенняў: тыя ж лабараторыi, якiя, канкурыруючы мiж сабой, штогод выдумляюць новыя i новыя сродкi абароны ад розных шкоднiкаў. У гэтых крынiцах трэба шукаць i вытокi шматлiкiх “жахаў” пра ГМ-прадукты. Мiж тым доказаў небяспечнасцi для чалавека генна-мады­фiкаваных прадуктаў да гэтага часу не з’явiлася. 

Нарэшце, пад словам “мутант” нельга разумець страшныя вобразы з комiксаў i жахлiўчыкаў. Бо генетычная мутацыя ёсць тая ж селекцыя, толькi больш надзейная (вывераная) i разлiчаная на хуткi i якасны вынiк.       

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter