В январе Глубокский район, где выросло 8 Героев Социалистического Труда, отметил 80-летие со дня основания

Генетычны код Глыбоччыны

Рэтраспектыўны погляд на юбілей раёна: руплівыя працаўнікі-героі, лёсы і ўчынкі землякоў, трывалыя падмуркі сённяшняй вёскі

У студзені Глыбоцкаму раёну споўнілася 80 год. Сёння ў ім пражывае звыш 36 тысяч чалавек. Гэта амаль у два разы менш, чым да Вялікай Айчыннай вайны, у якую глыбачане гераічна змагаліся як на франтах, так і ў партызанскіх атрадах. Маўклівыя сведкі той гераічнай пары — звыш 40 помнікаў загінуўшым воінам і ахвярам акупантаў, у тым ліку мемарыяльны комплекс «Барок», дзе ляжаць 27 тысяч савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных, помнік вязням яўрэйскага гета ў самім горадзе. Сёння Глыбокае мае ўсе прыкметы еўрапейскага горада і нездарма ў 2018 годзе стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу ў намінацыі «Лепшы горад раённага падпарадкавання».

Каманда працуе на вынік

Кіраўнікамі раёна, першымі сакратарамі райкама партыі, старшынямі райвыканкамаў у розныя гады былі Пётр Рубіс, Яўстафій Касарэўскі, Васіль Асяненка, Іван Падвойскі, Рыгор Тубалец, Валерый Акуленка, Віктар Сініцкі, Міхаіл Кандзерскі, Алег Морхат. Яны ўнеслі немалы ўклад у яго развіццё.

Паўгода таму вертыкаль раёна ўзначаліў Аляксандр Шубскі. Галоўную сваю задачу ён бачыць у захаванні і прымнажэнні таго, што было зроб­лена папярэднімі пакаленнямі, каб не страціць у мітусні дзён духоўна-маральныя каштоўнасці, пачуццё патрыятызму і любові да малой радзімы.

Старшыня Глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі ўручае грамату дырэктару філіала «Глыбоцкія электрычныя сеткі» Сяргею Шыдлоўскаму за першае месца ў круглагадовай спартакіядзе сярод працоўных калектываў раёна.
 
Прыярытэтны напрамак работы, натуральна, — аграпрамысловы комплекс. Мінулы год завершаны са станоўчай рэнтабельнасцю продажу і чыстым прыбыткам, забяспечаны прырост выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, паслуг. Але тут яшчэ нямала праблем. І адна з асноўных — поўная загрузка магутнасцей малочнакансервавага камбіната, мясакамбіната, камбікормавага завода. Таму вядзецца актыўная работа па асваенні новых сыравінных зон, у тым ліку за межамі вобласці. Дзякуючы гэтаму перайшоў з чатырохдзёнкі на пяцідзёнку мясакамбінат. Паправіў свае справы і малочнакансервавы камбінат. Наступны крок — павялічыць аб’ёмы вытворчасці прадукцыі ў бягучым годзе на 20 працэнтаў, атрымаць 65 тысяч тон зерня пры ўраджайнасці не менш за 31 цэнтнер з гектара. 

Умацаванню аграпрамысловага комп­лексу, рэнтабельнасці яго вытворчасці, зніжэнню сабекошту мяса­-малочнай прадукцыі, асваенню новых рынкаў збыту павінна ў тым ліку садзейнічаць інтэграцыйная структура раёна, якая мае моцную матэрыяльна-тэхнічную базу.

Шматдзетныя маладыя маці ААТ «За Радзіму» аграгарадка Удзела Святлана Жолуд, Надзея Семашка, Юлія Дылевіч на прагулцы.

— Сярод кіраўнікоў і спецыялістаў, — падкрэслівае Аляксандр Шубскі, — на шчасце, не давялося сустрэць людзей абыякавых, якія выконвалі б свае абавязкі абы з рук. Наадварот, праяўляюць зацікаўленасць, адказна ставяцца да справы. З такой камандай пад сілу вырашэнне любых, нават самых складаных задач. Гэта адказнасць, імкненне зрабіць усё найлепш, як мне падаецца, ужо закладзены ў генетычны код тутэйшых сялян.

«Ад тысячнага акладу адмаўляюся»

Ніводзін раён не можа пахваліцца такім сузор’ем герояў, як Глыбоцкі. Тут нарадзіліся лепшы ў свеце авіяканструктар двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Павел Сухі і Герой Савецкага Саюза Пётр Казлоў, пад камандаваннем якога корпус вызначыўся пры вызваленні Кіева. І — ажно 8 Герояў Сацыялістычнай Працы, прадстаўнікоў калгаснага руху, якія ў выключна цяжкіх умовах адбудоўвалі пасля вайны спустошаныя вёскі. Гэта старшыня калгаса «Перамога» Міхаіл Лытысаў, звеннявы гэтай жа гаспадаркі Міхаіл Мацюшонак, старшыня калгаса «17 верасня» ветэран вайны Леанід Пугаўка, брыгадзір трактарнай брыгады Соф’я Юргель, звеннявая льнаводчага звяна калгаса «Парыжская камуна» Лідзія Плыгаўка, старшыня райвыканкама Васіль Асяненка, брыгадзір паляводчай брыгады калгаса імя Калініна Канстанцін Вайтэцкі і старшыня калгаса імя Чапаева Максім Клімянок. Нікога з іх, на вялікі жаль, сёння ў жывых няма. Але галасы некаторых захаваліся на маіх дыктафонных стужках.

Героі Сацыялістычнай Працы Леанід Пугаўка, Лідзія Плыгаўка, Уладзімір Вайтэцкі, Соф’я Юргель, Максім Клімянок.

Максім Клімянок:

— Як зараз памятаю тыя першыя дні пасля выбараў мяне старшынёй калгаса імя Чапаева. Ніводнага спецыяліста ў гаспадарцы, ні капейкі грошай у касе. Заходжу да калгасніка Сцяпана Крэміса, каб падпісаўся на дзяржаўную пазыку, а той кажа: « Пішы, старшыня, на ўвесь гадавы заробак!»

Я здзівіўся спачатку: як гэта? А потым зразумеў, што чалавек з мяне проста смяецца. У той час на працадзень атрымлівалі ўсяго 10 капеек. Вядома, які там мог быць заробак. Ішоў я да хаты праз балота і думаў: «Як жа так? Буду я атрымліваць, як старшыня, у месяц тысячу рублёў, а людзі нейкія тры? Несправядліва гэта, трэба адмовіцца ад тысячнага акладу, неяк пражывём. Галя, жонка мая, карову падоіць, парасё якое выгадуем, бульба вырасце…»

І на самым першым сходзе я аб’явіў, што ад тысячы рублёў у месяц адмаўляюся, буду атрымліваць, як усе калгаснікі, на працадні.

Лідзія Плыгаўка: 

— Ой і глядзелі ж мы ўжо той лён. Хіміі тады яшчэ не было, і цэлымі днямі пякліся на сонцы, пырнік і лебяду рвалі. А пад восень — і сам лён уручную. Ды так, каб ніводная галоўка не ўпала. І таму, калі механічныя церабілкі прыйшлі, мы доўга не маглі іх прызнаць. Днём ірвалі лён, а ноччу пранікам абівалі. Ну, пасля ўсяго бабы пойдуць дамоў, а я яшчэ застаюся. Каб падмесці, дагле­дзець: я ж звеннявая была. Ліхтар у мяне быў. Так і начавала на таку, каб хто наш лён не пакраў. Усялякія ж людзі былі. Завіднеецца, тады ўжо іду дахаты.

Леанід Пугаўка:

— У 1951 годзе, калі прапанавалі стаць старшынёй калгаса «17 верасня», мароз па скуры пайшоў. Які з мяне старшыня? Я ж і сельскую гаспадарку добра не ведаю, ды адукацыя — 3 польскія класы. Помню першы сход, як выбралі мяне старшынёй. Невялікая хацінка, людзей як агуркоў у цэб­ры. Кажу ім, што будуць у нас машыны, а ў вёсках радыё, электрычнае святло, і бачу, што не ўсе верылі. І праўда, як паверыш, калі на 1150 калгаснікаў усяго багацця — 7 кароў і 12 свінак. Некаторыя нават свісталі: «У нас стрэх няма. Якое там радыё?» Ну і пачаў я з гэтых стрэх. Накрылі людзям хаты. Многім новыя зрабілі. Школу ўзвялі. Ураджаі пайшлі на полі. У калгаснай касе грошы завяліся.

Грошы былі, таму што рабілі

На змену першым старшыням, якія ўсялілі ў людзей веру ў тое, што грамадская гаспадарка дасць ім заможнае жыццё, прыйшлі прадаўжальнікі іх справы, якія гэтыя абяцанні ўвасобілі ў рэальнасць. 

Сярод іх кандыдат эканамічных навук Аляксандр Сясіцкі, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга і двух ордэнаў «Знак Пашаны», ганаровы грамадзянін Глыбоцкага раёна. Аляксандр Сясіцкі роўна 40 год, з 1963 па 2003-і, з’яўляўся дырэктарам саўгаса імя Ціміразева, які быў у свой час доларавым міліянерам. Без дзяржаўных датацый, на ўласныя сродкі яшчэ ў 80—90-я гады мінулага стагоддзя ў Ломашах быў узведзены адзін з першых аграгарадкоў, у якім і сёння жыве легендарны кіраўнік.

Былы дырэктар саўгаса імя Ціміразева Аляксандр Сясіцкі (справа) з глыбачанкай, удзельніцай Алімпійскіх гульняў у Лондане Марынай Шкерманковай і былым дырэктарам саўгаса «Азярцы» Пятром Мяжэніным.

Ён пагадзіўся расказаць чытачам любімай газеты пра свае колішнія набыткі і здзяйсненні:

— Пасля сельгасакадэміі накіраваны аграномам у саўгас «Шаркаўшчынскі». У ім 6 тысяч гектараў воранай зямлі і 12 брыгад. Каб пабываць ва ўсіх, за дзень змяняў пад сядлом двух коней. У 1963 годзе трапіў на Глыбоччыну дырэктарам саўгаса. Цэнтральнай сядзібы не было: невялічкія вёсачкі, хутары, навокал кустоўе, балацянік. Ну што рабіць?

Раскарчавалі, асушылі 3000 гектараў зямлі, засялілі 210 хутароў у Ломашах і Карасях. Паўстала праблема з кадрамі спецыялістаў. Падаўся ў сельгасакадэмію. Парэкамендавалі аднаго выпускніка. Той пагадзіўся адразу, а потым даведаўся, што ад нашай сядзібы да райцэнтра паўсотні кіламетраў, клуба, школы сярэдняй няма, і адмовіўся наадрэз. Вось тады і ўзяліся мы за будаўніцтва сярэдняй школы, хаця афіцыйна гэта не было ўзаконена. Пасля з’явіліся амбулаторыя, аптэка, Дом культуры, 120 кватэр, пабудавалі кацельню, падвялі ваду да 150 дамоў, зрабілі каналізацыю.

— Калі прыйшоў толькі, няёмка гаварыць, атрымлівалі з гектара 6,5 цэнтнера зерневых і даілі ад каровы па 1390 кілаграмаў малака за год. Калі ўвайшлі ў сілу, пачалі збіраць зерневых па 37—38 цэнтнераў, а надоі малака ўзраслі да 4 тысяч кілаграмаў. Пабудавалі комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы на 3 тысячы галоў. Прадавалі ў год звыш 1000 тон мяса. Гэта было больш, чым рэалізоўвалі 6 суседніх гаспадарак раёна. Мелі даход у год — 3 мільёны рублёў. На той час па курсе гэта звыш 3 мільёнаў долараў.

Аляксандр Сясіцкі, хоць сёлета яму спаўняецца 85 год, працягвае весці актыўны лад жыцця. Вырасціў ля свайго невялікага фінскага доміка вялікі сад з яблынь, груш, алычы. Акрамя таго, дамагае ў гэтай вельмі патрэбнай справе мясцоваму насельніцтву. Дзякуючы супрацоўніцтву з Інстытутам пладаводства, што ў Самахвалавічах, у апошнія гады атрымаў для сваіх сяльчан звыш 800 саджанцаў пладовых дрэў. Таму Ломашы можна сёння без нацяжкі назваць аграгарадком-садам.

На Новы год запрасілі робаты

Больш за дзясятак год таму СУП «Мнюта» ўзяў пад сваё крыло Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат. Шэфы дапамаглі новай тэхнікай, узвялі сучасную малочна-таварную ферму з даільнай залай на 730 кароў. 

Сёння — гэта самастойнае ўнітарнае прадпрыемства «Мнюта» са сваім разліковым рахункам. Толькі ад малака гаспадарка атрымлівае штомесяц 370 тысяч рублёў, іх хапае і на тэхніку, і на гаручае, і на зарплату, і на іншыя патрэбы. 

А на самой ферме мяне вельмі здзівіла амаль поўная адсутнасць людзей. Тым не менш каровы даіліся. І рабілі гэта робаты. Менавіта за імі пільна назіраў малады хлопец Сяргей Дрэйманіс.

Калегі Сяргея па зменах — Віктар Асіпец з Украіны і мясцовы жыхар Сяргей Лапо. Хоць кароў дояць і робаты, аднак малако не абязлічваецца. Запісваецца ў журнал, колькі яго паступіла ў кожную змену. Тут многае залежыць ад падгоншчыкаў жывёлы — ад таго ж Сяргея Бортніка, напарніка Дрэйманіса.

Сёння на рабатызаванай ферме атрымліваюць па 24—25 кілаграмаў малака ў суткі ад каровы. Мінулагодні надой ад кожнай — 7900 кілаграмаў. 

— Пяць год таму не верылася, што так будзе, — прыгадвае загадчыца фермы Аліна Рубашка. — Тады, калі запускалі робатаў, прывучалі да іх кароў, мы нават Новы год з намеснікам дырэктара па жывёлагадоўлі Жанай Пятроўнай Шынкевіч сустракалі тут, на ферме.

Увогуле па гаспадарцы ад каровы летась надоена 6156 кілаграмаў, плюс да папярэдняга года 200 кілаграмаў. Прытым 99 працэнтаў — сортам экстра. Такім надоям спрыяла і спрыяе багатая кармавая база. Узята на круг 47,2 цэнтнера зерневых, нарыхтавана 27 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву сенажу і сіласу.

І па малаку, і па зерневых СУП «Мнюта» ўпэўнена трымае першае месца ў раёне. У гэтым заслуга не толькі ранейшых шэфаў, малочнакансервавага камбіната, але і кіраўнікоў сельгаспрадпрыемства — былога Яраслава Сінкаўца і цяперашняга Сяргея Абіралы, і ўсяго калектыву.

saulich@bk.ru

Фота аўтара і Андрэя ПАНКРАТА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter