“Мы ўжо звыклыя”. Як у Рагачове спраўляюцца з першымі паводкамі

Генеральная рэпетыцыя вясны

Дзесяць падворкаў, некалькі гаспадарчых пабудоў, сотні метраў аўтамабільных дарог застаюцца падтопленымі ў Гомельскай вобласці. Так «пажартаваць» у гэтым годзе вырашыла надвор'е. Шэсць раёнаў рэгіёна даведаліся, што такое студзеньская паводка, якая, дарэчы, паступова перарастае ў лютаўскую. Наш карэспандэнт убачыла ўсё на свае вочы.

Праехаць па дарозе ў Рэчыцу можна толькі грузавым транспартам

На шчасце, жыццядзейнасць людзей не парушана. Надвор’е па-ранейшаму нестабільнае: толькі сыходзіць вада з адных участкаў, тут жа пачынаюць пакутаваць ад разліву рэк іншыя. У Рагачове, напрыклад, з 21 падворка вада засталася толькі на васьмі. А вось у Рэчыцы 1 лютага рака раптам затапіла дарогу. Таму супрацоўнікі МНС манітораць праблемныя мясціны штодзень і гатовыя адрэагаваць на любыя змены. Аднак мясцовыя жыхары ўспрымаюць капрызы прыроды, як рэпетыцыю вясны, не перажываюць з-за пашкоджаных платоў і гавораць, што без паводкі ім нават сумна.

Да такога ўзроўню падымаецца вада падчас моцнай паводкі

На плане горада адразу бачна, як дзве ракі быццам абдымаюць Рагачоў. Нечаканы падарунак гэтай зімой прынёс не шырокі Днепр, а яго больш сціплая сястрыца-прыток. У Дняпра берагі вышэйшыя, а Друць невялікая па шырыні, разліваецца па пакатай пойме хутка. Першы намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Асновін паказвае на карце, куды змагла дабрацца вада:

— У зоне падтаплення —вуліцы Баравіца, Кузнечная, 1, 2, 3-ці Друцкія завулкі. Зараз затопленымі застаюцца 8 падворкаў, у дамах там пражывае 21 чалавек. Эвакуацыя не патрабуецца ні людзям, ні жывёле. Ні ў адзін дом вада не трапіла.

Узровень вады розны – ад 3 да 15 сантыметраў.

Разам з ратавальнікамі адпраўляемся ўбачыць гэта на свае вочы. На Кузнечнай брамку перад людзьмі ў форме МНС адкрываюць без лішніх пытанняў, гаспадыня адразу ідзе за ключамі ад варот у двор. Да такіх візітаў тут прывыклі. Старшы памочнік начальніка штаба МНС Уладзімір Казлоў жартуе, што яго тут лічаць амаль членам сям’і. 

На ногі — спецабутак. Без гумавых ботаў тут няма чаго рабіць. Асноўную масу паводкі скавала лёдам, над якім вада глыбінёй усяго ад 3 да 15 сантыметраў. Аднак сёння на тэрмометры «плюс», ідзе дождж, да таго ж раз-пораз лёд трэскаецца, пакідаючы пасля сябе лункі і расколіны з вадой. На гэтым участку рака падышла да самых пабудоў, аднак гаспадары тут вопытныя – на сцены прыбіты гідраізаляцыйны матэрыял. 

У Мікалая КОХАНАВА гумавага абутку хопіць на ўсіх

У канцы кожнага з Друцкіх завулкаў, якія спускаюцца да поймы, мяжа паміж падворкамі і ракой даволі ўмоўная. Сярод водна-ледзяной прасторы чарнеюць платы. Па абодва бакі ад іх сітуацыя амаль аднолькавая, але не такая маштабная, як некалькі дзён раней. Наколькі паменшыўся ўзровень вады, можна бачыць па велізарных ільдзінах, якія так і павіслі на драўляным штыкетніку. А побач, на узвышшы, бачны лодкі. Плаўсродкі тут у кожнага другога.

Да ўчастка Мікалая Коханава падыходзім з боку агародаў. Паміж імі і ракой стаяць дамы, аднак іх ад вады выратоўвае высокі насып, дзе праходзіць грунтавая дарога. А на прысядзібныя ўчасткі воды Друці трапляюць у абход. Мікалай тут пражывае не адно дзесяцігоддзе, да капрызаў ракі прывык. Памятае дзве вялікія паводкі – у 1980-я і ў 2013-м. Тады вады набягала і ў двор на некалькі дзясяткаў сантыметраў.

Традыцыйна ў Рагачове ў зоне рызыкі — вуліцы Баравіца, Кузнечная, 1, 2, 3-ці Друцкія завулкі

— А бабуля тут расказвала, як раней раніцай падымаешся, у доме па калена. Зараз не так страшна.

Хваляваўся Мікалай толькі за бульбу, якую на зіму закапаў у зямлю. Прыпасы яму з жонкай прыйшлося эвакуіраваць – вада падышла да самых схованак. Студзеньская паводка пашкодзіла і плот, ён пакасіўся, але пакуль трымаецца, скаваны лёдам. Вада на агародах стаіць вялікай лужынай пасярэдзіне і вузкімі канаўкамі па перыметры ўчастка. Дастаём рулетку: каля 11 сантыметраў. Дайсці сюды можно толькі ў гумавых ботах. Мікалай паказвае нам уласную калекцыю такога абутку – хопіць і на дзяцей, і на ўнукаў, ды і на тых, хто проста прыйдзе ў госці. 

— Магу яшчэ рыбацкія прынесці. Мы ж ужо звыклыя. А вось 2—3 гады не было поймы, дык нават сумна!

Падчас паводкі  тэхніка ў стане баявой гатоўнасці.

Усе гэтыя «рызыкоўныя» падвор’і ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях ведаюць вельмі добра. Штогод перад кожнай паводкай ратавальнікі абходзяць домаўладанні, якія знаходзяцца паблізу ад ракі, высвятляюць, колькі пражывае чалавек, ці ёсць пенсіянеры і дзеці, ці трымаюць гаспадары жывёлу, каб у выпадку маштабнай паводкі быць гатовымі да эвакуацыі. Андрэй Асновін запэўнівае: пакуль хвалявацца няма з-за чаго.

— Выхад Друці на пойму пры ўзроўні вады 265 сантыметраў. Небяспечны ўзровень – 415 сантыметраў. Зараз, згодна з апошняй інфармацыяй з гідралагічнага паста, – 278, вада падае на 10—15 сантыметраў за суткі. Ніякай небяспекі для людзей няма. Зімовая паводка нас не дэстабілізавала, мы цалкам гатовы да любога развіцця падзей. Перыядычна праводзім трэніроўкі па ліквідацыі паводкі, адпрацоўваем усе неабходныя дзеянні. 

Ёсць і спецабутак, напагатове лодкі і помпа для адпампоўвання вады. Да таго ж у памяці ратавальнікаў яшчэ яскравы вопыт 2013 года, калі Друць паказала ўсю сваю моц. Тады прыйшлося і падсыпку каналаў рабіць, каб накіраваць ваду па бяспечным маршруце, і масткі пераходныя для людзей на затопленых вуліцах ладзіць. Пры неабходнасці арганізоўвалі дастаўку прадуктаў, пенсіянераў наведвалі сацработнікі. Што дзіўна, ад эвакуацыі адмовіліся ўсе, хаця месцы часовага пражывання былі падрыхтаваны. Мясцовыя адмахваліся:

— Вада і вада! Зямля больш вільготнай будзе, а нам і дома нядрэнна.

Зараз пад вадой застаюцца падворкі яшчэ ў Мазырскім, Жыткавіцкім раёнах, падтоплены дарогі на Петрыкаўшчыне і Брагіншчыне. Апошняй у спіс «ахвяр» зімовай паводкі дадалася Рэчыца. Днепр разліўся і схаваў 300 метраў дарогі па вуліцы Метызнікаў. Глыбіня падтапленняў – ад 10 да 30 сантыметраў. Эвакуіраваць з суседніх дамоў нікога не трэба, аднак праехаць там можна толькі грузавым транспартам.

valchencko@mail.ru

Фота Івана КузмЯнкова і Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter