Белорусские ученые создали базу данных «ДНК-внешность-Бел»

Ген выведзе на чыстую ваду

Укараненне новых ДНК-тэхналогій у крыміналістыку, якому спрыяла рэалізацыя Саюзнай праграмы «ДНК-ідэнтыфікацыя», прынясе шэраг сур’ёзных вынікаў, кажуць нашы генетыкі i крыміналісты. І гаворка ідзе не толькі пра эканамічны эфект. Спецыялісты кажуць аб павышэнні хуткасці ў раскрыцці злачынстваў, скарачэнні тэрмінаў вышуку падазроных або зніклых без вестак людзей, а таксама аб павышэнні эфектыўнасці апазнання ахвяр аварый, катастроф. У цэлым навуковыя даследаванні павінны павысіць узровень бяспекі ў Саюзнай дзяржаве.

Нашы навукоўцы стварылі базу даных «ДНК-знешнасць-Бел».

Падводзячы вынік трох гадоў рэалізацыі праграмы, намеснік старшыні прэзідыума НАН Аляксандр Кільчэўскі асабліва спыніўся на лiчбах. За гэты час навукоўцамі сабрана больш за 9,5 тысячы ўзораў ДНК па розных напрамках даследаванняў. Яшчэ дакладней — сфарміравана больш за 30 калекцый генаў. Напрыклад, база даных «ДНК-знешнасць-Бел» уключае інфармацыю аб фенатыпічных асаблівасцях людзей, іх паходжанні, нацыянальнай прыналежнасці, а таксама лічбавыя выявы колеру вачэй, узораў валасоў. 

ДНК можа дапамагчы крыміна­лістам у вызначэнні ўзросту чалавека з дакладнасцю да чатырох год. База даных «Ген-Бел» дазволіць з вялікай дакладнасцю вызначыць, да якой этнагеаграфічнай групы належыць невядомы — носьбіт пэўнай ДНК. Больш за тое, ДНК здольная распавесці пра псіхаэмацыянальны статус чалавека. Цікавы факт: навукоўцы высветлілі, што беларусы адрозніваюцца адносна нізкім узроўнем дэпрэсіўнасці і трывожнасці. Дзе мы можам прымяніць такія веды? Напрыклад, гэта магчыма пры ацэнцы перспектыўнасцi супрацоўнікаў спецпадраздзяленняў, авіядыс­петчараў i iншых спецыялiстаў. 

Асобны блок даследаванняў прысвечаны медыцыне, а ў прыватнасці вывучэнню генетычнай схільнасці да розных захворванняў, распавёў Аляксандр Кільчэўскі: 

— Падчас нашай працы былі створаны тры вопытныя наборы рэагентаў, прызначаныя для выяўлення ДНК-маркераў рызыкі развіцця шырока распаўсюджаных захворванняў. Стварэнне айчынных набораў рэагентаў для новых ДНК-тэхналогій заменіць неабходнасць закупкі падобных імпартных прадуктаў. 

Хоць праца ў рамках праграмы яшчэ працягваецца, навукоўцы думаюць пра перспектыву. Распрацавана канцэпцыя праграмы ў працяг цяперашняй — «ДНК-ідэнтыфікацыя-2», разлічаная на 2022—2026 гады. Па словах Аляксандра Кільчэўскага, яе тэматыка будзе некалькі шырэйшая, чым у папярэдняй:

— Калі раней мы ў асноўным працавалі з чалавекам як з аб’ектам для генетычных даследаванняў, то ў новай праграме вывучым шырэйшае кола аб’ектаў. Праца будзе прысвечана эканамічным злачынствам. Напрыклад, ідэнтыфікацыі паходжання драўніны і ляснога расліннага матэрыялу з мэтай вызначэння незаконнай высечкі і продажу лесу. Усе мы ведаем, наколькі гэтая праблема актуальная для дзвюх краін, якія нясуць сур’ёзныя страты. Таму так важна распрацоўваць меры процідзеяння. Генетыка дапаможа таксама ў барацьбе з незаконнай здабычай рыбы і водных беспазваночных, з фальсіфікацыяй харчовай прадукцыі, з браканьерствам і іншымі падобнымі праблемамі. 

arteaga@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter