У лабараторыі генетычных біятэхналогій РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі ды імуналогіі распрацавалі тэст-сістэму для дыягностыкі шэрагу генетычных парушэнняў у дзяцей з вострымі лейкозамі

Ген у канцы тунэля

Рак крыві — лейкоз — штогод выяўляецца ў 60-80 маленькіх і каля 240 дарослых жыхароў нашай краіны. Эфектыўнасць жа яго лячэння шмат у чым залежыць ад таго, як хутка і наколькі дакладна была праведзена дыягностыка. Таму спецыялісты імкнуцца пастаянна ўдасканальваць яе метады. Свежы прыклад: у лабараторыі генетычных біятэхналогій РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі ды імуналогіі распрацавалі тэст-сістэму для дыягностыкі шэрагу генетычных парушэнняў у дзяцей з вострымі лейкозамі. У кароткі тэрмін яна дазваляе не толькі зразумець, на якую разнавіднасць раку крыві пакутуе пацыент, але і вызначыцца з падыходам да лячэння. На Рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў гэтую работу эксперты прызналі лепшай.



Да лейкозу прыводзяць генетычныя змены ў клетках. Калі іх выявіць, распазнаць, можна атрымаць даволі шмат каштоўнай інфармацыі, напрыклад, да якога прэпарату хвароба акажацца найбольш успрымальная. Варта сказаць, што захворванне, якое некалі называлі агульным тэрмінам “рак крыві”, цяпер падраздзяляецца прыкладна на 70 катэгорый, і з іх каля паўтара дзясяткаў падгруп менавіта вострыя лейкозы. Тэст-сістэма дае магчымасць выву­чыць да 20 генаў, важных для дыягностыкі, і зразумець, з чым менавіта ўрач мае справу.

— Па-першае, гэта дапамагае дакладнай дыягностыцы і выбару аптымальнай тэрапіі ў залежнасці ад тыпу вострага лейкозу, — пералічвае магчымасці метаду загадчык лабараторыі генетычных біятэхналогій Анатоль Кустановіч. — Па-другое, з’яўляецца магчымасць выкарыстоўваць рэчывы, якія дзейнічаюць прыцэльна, улічваюць выяўленыя генетычныя змены, так званыя таргетныя, накіраваныя “на мішэнь” лякарствы. Па-трэцяе, такая дыягностыка важная для ацэнкі эфектыўнасці лячэння, адсочвання пухлінных клетак, якія засталіся. Паколькі мы ведаем, што генетычныя змены — характарыстыка пухліннай клеткі, для нас гэта з’яўляецца маркерам захворвання. Калі пры наступных аналізах змененых клетак няма, значыць, усё нармальна, пацыент знаходзіцца ў рэмісіі. А вось іх наяўнасць дапаможа вызначыць і, магчыма, прадухіліць вяртанне захворвання.



Першапачаткова на распрацоўку ўласнай тэст-сістэмы ў РПНЦ рабілі стаўку, каб зрабіць дыягностыку больш эфектыўнай. Каб з’явіўся зручны метад, які выконваў бы невялікі калектыў супрацоўнікаў, атрымліваючы інфармацыю даволі хутка. У выніку цяпер гэта ўжо справа аднаго дня: калі матэрыял, дзе змяшчаюцца пухлінныя клеткі ў пацыентаў з лейкозамі — кроў або касцявы мозг — паступае ў лабараторыю раніцай, то да вечара можа быць гатовы вынік, які дасць уяўленне ўрачам аб тым, што трэба рабіць. Вядома, Анатоль Кустановіч падкрэслівае, гэта толькі частка дыягностыкі і толькі на гэтым тэсце выбар тэрапіі не засноўваецца, праводзіцца і маса іншых аналізаў... Але гэты важны кавалачак пазла дапамагае ўбачыць карціну ў цэлым. Дарэчы, сама тэст-сістэма гнуткая, яе можна адаптаваць пад вырашэнне розных задач, напрыклад, павялічваючы колькасць вызначаемых генаў.

Яшчэ адна важная мэта, дасягнутая дзякуючы распрацоўцы, — імпартазамяшчэнне. Некаторы час назад у РНПЦ для даследаванняў вострых лейкозаў выкарыстоўваўся дацкі набор HemaVision, аднак ад яго давялося адмовіцца з-за складанасцяў з закупамі і высокага кошту аналізу — 100 еўра на чалавека. Сабекошт аналагічнага даследавання з дапамогай нашай тэст-сістэмы ў 10 разоў меншы. Метад пры гэтым выкарыстоўваецца ўласны, цяпер ён на стадыі атрымання патэнта. Эфект жа дасягаецца не толькі эканамічны, але і сацыяльны: атрыманы яшчэ адзін саюзнік у барацьбе з каварнай хваробай.

Людміла Гаўрылава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter