Мария Авдевич шесть лет возглавляет отделение почтовой связи в Ивьевской деревне Бакшты

Газеты і халадзільнік з дастаўкай

Аддзяленне паштовай сувязі ў іўеўскай вёсцы Бакшты шэсць гадоў узначальвае Марыя Аўдзевіч. Раней яна працавала эканамістам у сельскім спажывецкім таварыстве, лесаўчастку ААТ «Мастоўдрэў», вяла бухгалтарскі ўлік у сельвыканкаме. Завочна скончыла эканамічны факультэт Гомельскага кааператыўнага інстытута. Пасля пераходу ў аддзяленне сувязі прыйшлося перакваліфікавацца.


Бывала, у першыя дні працы на пошце Марыя Мікалаеўна да поўначы заставалася за камп'ютарам, каб засвоіць яго. І свайго дабілася. Гаспадарчымі клопатамі дома займаўся муж Уладзімір Антонавіч, які працуе шафёрам на лесаўчастку. Пакуль падрасталі сын і дачка, Аўдзевічы трымалі дзве каровы, свіней, курэй. Жывуць у сваім доме ў суседняй з Бакштамі вёсцы Забярэззе.

У Марыі Мікалаеўны спорыцца і праца. У аддзяленні паштовай сувязі Бакшты калектыў невялікі. Паштальёны Святлана Сакаловіч і Жанна Клімовіч дастаўляюць перыядычныя выданні, грашовыя выплаты, а таксама прамысловыя і харчовыя тавары жыхарам паўтара дзясятка навакольных вёсак і хутароў. Сяляне на пошце заказваюць камбікармы для хатняй жывёлы і птушак. Паступаюць заказы на пральныя машыны, халадзільнікі. Штомесячна аддзяленне сувязі рэалізуе тавараў больш як на чатыры тысячы рублёў.

Зладжана праводзіцца ў Бакштах і падпісная кампанія. Найбольш актыўныя сябры перыядычных выданняў — інжынер ААТ «Мастоўдрэў» Рыгор Хоміч, былы старшыня калгаса Іван Адашкевіч, педагог Віктар Чэрнік. Карыстаецца папулярнасцю ў вяскоўцаў «Сельская газета». Яе выпісваюць спецыялісты сельгаспрадпрыемства, жывёлаводы, механізатары, інтэлігенты. Аддзяленне паштовай сувязі, якім кіруе Марыя Аўдзевіч, адно з лепшых у Іўеўскім раёне.

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter