Познаем Беларусь: первая ложка меда на Медовый Спас обладает магической силой

Гаючы водар Мядовага Спаса

Мёд не толькі смачны, але і карысны прадукт. Пра гэта людзі даведаліся яшчэ да нашай эры. Дар лесу з даўніх часоў быў не толькі ласункам, але і асновай для лекаў. Мёд падавалі на стол і на вяселлях, і на памінальных вячэрах. Каша з мёдам была абавязковай стравай падчас хрысціянскіх свят, асабліва ў час Мядовага Спаса, які праваслаўныя вернікі адзначаюць 14 жніўня.

Мёд у народнай культуры беларусаў — сімвал дабрабыту, крыніца мудрасці і вечнага абнаўлення жыцця.
Фото  pixabay.com

У гэты дзень пачынаецца Успенскі пост. Таму на працягу двух наступных тыдняў да Успення Багародзіцы людзі ласаваліся мёдам з поснымі блінамі. Дарэчы, на Мядовы Спас асвячалі не толькі мёд, а яшчэ і ваду. Лічылася, што, пакаштаваўшы свянцонай вады і мёду, можна пазбавіцца ад усіх хвароб. Яшчэ ў Канстанцінопалі IX стагоддзя заўважылі: крыж, на якім укрыжавалі Хрыста, не раз ратаваў ад эпідэмій. Таму ў жніўні яго выносілі з царквы візантыйскіх імператараў і неслі ў храм святой Сафіі, дзе крыжам асвячалі ваду, а з цягам часу і мёд. Адсюль народныя назвы свята — Мядовы Спас, Мокры Спас, Спас на вадзе.

Мёд пасля асвячэння станавіўся ўжо не проста ласункам, а ўвасабленнем Божай міласці да людзей.

Дарэчы, у даўнія часы мёд быў адзіным салодкім прадуктам у рацыёне людзей. Бо цукар на нашых землях з’явіўся толькі ў XI—XII стагоддзях і доўга быў даступны выключна вышэйшаму саслоўю. Таму сяляне стараліся здабываць мёд, займаючыся борцевым пчалярствам, або бортніцтвам.

У легендах і паданнях беларусаў мёд сімвалізаваў крыніцу мудрасці і доўга­жыхарства, яго называлі ежай багоў. Цікавы факт: пчаліны мёд ва ўяўленні продкаў быў сімвалам сяброўства. Па народных павер’ях нават вораг, якога пачаставалі мёдам, мог стаць сябрам. На беларускіх землях быў вядомы звычай «Сябрыны». Сутнасць яго ў тым, што пчаляр дарыў аднавяскоўцу рой пчол. Затым чалавек, упершыню атрымаўшы мёд, паловай дзяліўся з тым, хто яму рой падараваў. Так захапленне салодкім рамяством замацоўвала сяброўства на доўгія гады.

Прадукты пчалярства — воск, праполіс — выкарыстоўвалі пры вырабе розных лекаў. Напрыклад, воск, змешаны з барсучыным тлушчам, пазбаўляў ад скурных захворванняў. Мёд выкарыстоўвалі пры лячэнні хвароб страўніка, печані, гнойных ран, як добры сродак ад цяжкага кашлю. Пры захворванні ляпілі з пчалінага воску фігуркі нездаровых частак цела і прыносілі іх у храм, маліліся за здароўе. А яшчэ з воску рабілі свечкі.

Мёд і воск на нашых землях былі ў ліку асноўных гандлёвых прадуктаў і нават служылі грашовым эквівалентам. У даўнія часы людзі надзялялі мёд магічнай сілай. Практычна на ўсіх святах пілі медавуху — мёд, разведзены вадой. Мядовы Спас не быў выключэннем.

Як мёд здабывалі? Працэс быў даволі няпростым. Дзікія пчолы сяліліся ў чыстых хваёвых барах, высока на дрэвах. Каб здабыць мёд, дрэвы з пчоламі проста падпальвалі. Пчол такім чынам выкурвалі, а мёд забіралі сабе. Людзі атрымлівалі лясны прадукт, а вось пчолы пры гэтым гінулі. Пазней з’явіліся больш гуманныя спосабы збору мёду, без знішчэння насякомых. Для гэтага распачалі спробу іх прыручыць. І сёння майстры салодкага рамяства радуюць нас карысным ласункам.

АД ПРАДЗЕДАЎ

Маладым у час вяселля мазалі вусны мёдам. Нездарма першы месяц сямейнага жыцця і ў наш час называюць мядовым.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter