Перспектыўную браслаўскую будоўлю чамусьці пакінуў швейцарскі інвестар

Гаючае прыцягненне Лазенак

Перспектыўную браслаўскую будоўлю чамусьці пакінуў швейцарскі інвестар, але да яе актыўна пряглядваюцца іншыя
Перспектыўную браслаўскую будоўлю чамусьці пакінуў швейцарскі інвестар, але да яе актыўна пряглядваюцца іншыя


Яшчэ пару гадоў таму з мясцовых і рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі можна было даведацца, што ля вёскі Відзы-Лаўчынскія Браслаўскага раёна распачынаецца замежным інвестарам будаўніцтва санаторыя-курорта «Лазенкі», роўнага якому не бу- дзе ў краіне: трохпавярховы корпус на 500 месцаў для адпачываючых з адна- і двухспальнымі нумарамі, корпус з водагразелячэбніцай, турэцкія і рускія лазні, закрыты басейн, спартыўныя і трэнажорныя залы і іншае.

Узвядзенню названага аб’екта спрыяла некалькі важных фактараў. Па-першае, тут у лесе ля возера Лазенкі б’е крыніца з мінеральнай вадой, якая па сваіх уласцівасцях не ўступае мінеральным водам «Вісбадэн» (Германія), «Вішы» (Францыя), «Баржомі» (Грузія). Па-другое, у гэтым і суседнім азёрах ёсць вялікія залежы лячэбных гразей, так званага сапрапелю, які эфектыўна прымяняецца ў медыцыне пры хваробе нерваў, скуры і асабліва суставаў і мышцаў. І, па-трэцяе, што немалаважна, у XIX стагоддзі тут ужо існаваў адзін з першых у Беларусі санаторыяў з водалячэбніцай на 60 ваннаў, які абслугоўвалі 2 урачы і 10 медсясцёр. Яго пацыентамі былі такія знакамітыя людзі, як паэт Адам Міцкевіч і вялікі князь Міхаіл, родны брат цара Аляксандра I.


Віктар РАЛОВІЧ на беразе возера Лазенкі

Аднак надарыўся пажар, і лячэбніца згарэла. Засталіся ад яе фундамент ды некалькі, па словах мясцовых жыхароў, рэшткаў дубовых ваннаў.

А на ўзгорку возера Дворнага — будынак маёнтка пана Мінейкі, двараніна, таго самага, які і ладзіў лячэбніцу, а таксама парк, у якім можна пабачыць рэдкія пароды дрэў: скальны дуб, клён серабрысты, шэры арэх, чубушнік вянечны і іншыя.

Важнае значэнне аднаўленню старажытнага курорта ля Відзаў на Браслаўшчыне надаваў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Мікалай Мазур: цяпер многім беларусам не толькі не спатрэбіцца ездзіць за мяжу, каб лячыць некаторыя захворванні, а, наадварот, можна будзе наладзіць экспарт санаторных паслуг.

Узвесці санаторый узялася латвійская фірма – ЗАТ «Эфрона», дырэктарам філіяла якой на Браслаўшчыне быў прызначаны ў жніўні 2009 года Віктар Раловіч. Была адведзена зямля для санаторыя, зроблены праект у Германіі за 500 тысяч еўра, але будаўніцтва самога аб’екта так і не пачалося. Па іроніі лёсу, у тым жа жніўні ў 2012 годзе ЗАТ «Эфрона» паведаміла, што часова прыпыняе дзейнасць. Гэта «часовасць» цягнецца да сённяшняга дня. Што ж здарылася? І як увогуле развіваліся падзеі?

На гэтыя пытанні лепш за ўсё можа адказаць дырэктар непабудаванага санаторыя Віктар Раловіч.


Панскі маёнтак Мінейкі

Найперш — аб самой асобе Віктара Раловіча. Да выхаду на пенсію быў ён старшынёй мясцовага калгаса «Наперад», які зрабіў адным з самых перадавых у раёне. Гэта ён у свой час наадрэз адмовіўся, нягледзячы на ціск «зверху», прыватызаваць за «шапку» калгаснае жыллё. У столькі тады ацэньвалі дом. І аказаўся правы. Тыя «гаспадарнікі», якія параздавалі амаль што дарма катэджы, засталіся без работнікаў. Праславіўся ж Раловіч «КІТамі» (у перакладзе на рускую мову – коллективы интенсивного труда). Старэйшае пакаленне, мабыць, памятае, як імкнуліся ўкараніць гэтую даволі прагрэсіўную форму работы ў калгасах, каб зацікавіць людзей вынікамі сваёй працы. Але ці перастараліся, ці не растлумачылі як след людзям, але «КІТы» гэтыя не прыжыліся. А вось у Віктара Раловіча справа пайшла.

У гаспадарцы ён арганізаваў 3 «КІТы». У кожным – па 18—20 механізатараў. Аддалі ім тэхніку, майстэрні, зямлю, фермы для абслугоўвання. За аснову ўзялі прынцып: меншыя затраты на вытворчасці – большая зарплата.  Сэканоміш – усё тваё! Сабралі большы ўраджай, чым планавалі, – лішкі таксама сабе. Хочаш —  забірай зернем, хочаш – атрымлівай грашыма. Кожны «КІТ» быў  як адна дружная сям’я. Тут не было месца абібокам, прагульшчыкам, аматарам узяць чарку. Ну і вынікі не прымусілі сябе чакаць: відавочныя прыбаўкі па малаку, мясу, збожжу. Само сабой зразумела, што зарплата ў членаў «КІТоў» у два, а то і тры разы была вышэйшая, чым у іншых. Спрабавалі абрэзаць яе, але Раловіч адстаяў. Адкрыў ён у калгасе каўбасны цэх, сырзавод. Такую прадукцыю выдаваў, што ў сталіцы ішла нарасхват.

Вось такі кемлівы і неардынарны чалавек стаў дырэктарам будоўлі санаторыя «Лазенкі». А здарылася гэта наступным чынам. Яшчэ калі Віктар быў старшынёй калгаса, адбыўся такі выпадак: злягла з хваробай ног жывёлавод Яніна. Вядома, па большасці даводзілася хадзіць ёй у гумовых ботах, вось і сказалася. Пакуль думаў-гадаў, дзе б каго знайсці на яе месца, бачыць, Яніна зноў бегае ля цялят. Ад здзіўлення ажно вочы працёр:

— Што ты, Яніна, у санаторый з’ездзіла?

— У дамашні, — заўсміхалася жанчына. — Гэта ж скарысталася гаючымі гразямі з возера Лазенкі ды вадой мінеральнай з той крынічкі, што ля яго. Вось і адпусціла...

Тады і зарадзілася ў Віктара Канстанцінавіча задумка: «А чаму б сапраўды не пабудаваць тут калгасны санаторый?» Нейкія  грошы знойдуцца ў касе гаспадаркі, штосьці возьмем з іншых крыніц. Набраў ён гразі той з возера, тры бутэлькі вады мінеральнай з крыніцы і павёз у Мінск на даследаванне ў Інстытут торфу Акадэміі навук. Там далі заключэнне, што і сапрапель, і вада маюць гаючыя ўласцівасці.

Больш таго, далейшыя даследаванні Інстытутам геалагічных навук НАН Беларусі паказалі, што крыніца «Лазенкі» з’яўляецца ўнікальным гідралагічным аб’ектам у сувязі з павышаным утрыманнем серавадароду (5,7 мг/л), у той час як у большасці краін (Аўстрыі, Балгарыі, Венгрыі, Германіі, Італіі, Польшчы, Румыніі, Чэхіі, Японіі) да групы серавадародных мінеральных вод адносяць воды з утрыманнем серавадароду ад 0,1 да 5 мг/л. НАН Беларусі рэкамендавала на базе месцазнаходжання крыніцы «Лазенкі» пабудаваць лячэбна-прафілактычную ўстанову.

Інфармацыяй зацікавіліся суседзі — латвійскае ЗАТ «Эфрона». Але яму паведамілі, што праблемай даўно займаецца мясцовы жыхар Відзаў Віктар Раловіч. Неўзабаве латышы і Раловіч сустрэліся. Так узнікла дамова ў жніўні 2009 года паміж Віктарам Раловічам і ЗАТ «Эфрона», згодна з якой ён становіцца дырэктарам будоўлі шматфункцыянальнага санаторыя-курорта «Лазенкі» ў вёсцы Відзы-Лаўчынскія. У штаце дырэктара было ўсяго два чалавекі: ён і бухгалтар Валянціна Скур’ят. На дадзеным этапе іх больш і не трэба было.

У задачу дырэкцыі ўваходзіла выбраць і ўзаконіць месца для размяшчэння зямельнага ўчастка для ўзвядзення аб’екта, правесці дадатковую ўсебаковую разведку знаходжання мінеральнай вады, сапрапелю і іх запасаў і іншае. Да гонару мясцовых улад, яны не ставілі палкі ў колы, не марудзілі, як нярэдка  бывае, а ўсяляк спрыялі справе. 28 жніўня 2009 года Браслаўскім райвыканкамам было зарэгістравана ЗАТ «Эфрона». Неўзабаве распрацавалі і падпісалі акт выбару месца і размяшчэння ўчастка для будаўніцтва санаторыя. Пад яго адводзілася 17,2 гектара зямлі, у тым ліку сельскагаспадарчага прызначэння – усяго 2,98 гектара.

Здаецца, усё рабілася як след. У чым жа справа? Мо, той мінеральнай вады і сапрапелю аказалася мала? Але папярэдняе заключэнне, выдадзенае ДНУ «Інстытут землекарыстання НАН Рэспублікі Беларусь», сведчыць аб зваротным. Максімальная магутнасць пласта сапрапелю ў возеры Чорным (ля возера Лазенкі) складае 9 метраў, аб’ём – 400 тысяч метраў кубічных, чаго хопіць для патрэб буйной санаторна-курортнай установы на 50 гадоў. Вялікія запасы лячэбных гразей карбанатнага тыпу знойдзены і ў суседнім возеры Бурдэлка. Магутнасць пласта тут дасягае 10 метраў пры глыбіні вады ўсяго метр.

Між іншым, такія ж прыкладна паказчыкі аказаліся і ў выніку даследаванняў возера Лазенкі Расійскім навуковым цэнтрам аднаўленчай медыцыны і курорталогіі: «У вёсцы Відзы-Лаўчынскія прабурана пошукавая свідравіна глыбінёй 385 метраў, атрыманы водапрыток з дэбітам 2,03 м/c (7,3 кубічнага метра ў гадзіну). Па хімічным саставе вада ўяўляе сабой расол (М 47,7 г/дм куб.) хларыдна-натрыевага складу са слабакіслай рэакцыяй асяроддзя (рН 6,7). Расол утрымлівае ў кандыцыйных колькасцях бром. У адпаведнасці з класіфікацыяй мінеральных вод Мінздрава Расіі, расол са свідравіны паказаны пры разбаўленні прэснай вадой да канцэнтрацыі солі 20 г/л і больш пры захворваннях сістэмы кровазвароту, нервовай сістэмы, касцёва-мышачных хвароб, органаў дыхання, страўніка і іншых. Глей адносіцца да лячэбных слабамінералізаваных сульфідных нізказольных сапрапелевых гразей. Іх лячэбная значнасць абумоўлена высокім утрыманнем арганічных рэчываў, у тым ліку тэрапеўтычна каштоўных гуматаў, бітумаў, фульвакіслот і біялагічных мікрастымулятараў, а ў мінеральным комплексе сульфідаў жалеза».

Такім чынам, і лячэбная каштоўнасць мінеральнай вады і гразей у наваколлі Відзаў- Лаўчынскіх, і іх запасы даказаны шматлікімі даследаваннямі і практыкай. Так, аўтар не агаварыўся. Мінеральнай вадой і гразямі папраўляюць сваё здароўе мясцовыя жахары. Былы старшыня Відзаўскага сельскага Савета Галіна Малахоўская, якая таксама займалася калісьці праблемай санаторыя, прызнаецца, што да гэтай пары перасылае ў Мінск лячэбныя гразі вядомым людзям краіны. Не трэба забываць і пра тое, што ў Відзах быў адзін з першых у Беларусі санаторыяў.

Дык чаму ж, урэшце, затармазілася з такім энтузіязмам пачатае яго аднаўленне?

Як сцвярджае Віктар Раловіч, латвійская фірма «Эфрона» павінна была ўзводзіць санаторый не за свае сродкі, а за кошт швейцарскага інвестара. Апошні ўзяўся аплачваць і праект, заказаны ў Германіі за 500 тысяч еўра. Аднак па невядомай пакуль прычыне інвестар перапыніў фінансаванне, хаця і панёс ужо значныя выдаткі. Толькі дзейнасць дырэкцыі філіяла «Эфрона» ў Відзах абышлася яму ў 30 тысяч еўра.

Аднак старшыня Браслаўскага райвыканкама Сяргей Шматаў і яго каманда не апусцілі рукі. Не выйшла з адным інвестарам – будзе другі. У апошні час дзякуючы інфармацыі, размешчанай на сайце Браслаўскага райвыканкама ў Інтэрнэце, «Лазенкамі» зацікавіліся кітайцы і расіяне. Наведалася нядаўна ў Відзы-Лаўчынскія з Амерыкі і праўнучка двараніна Мінейкі, які зладзіў тут адзін з першых у Беларусі санаторыяў.

Цікавую інфармацыю выдаў начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзяркач. Два падобныя праекты, як у Відзах-Лаўчынскіх, ажыццяўляюць не замежныя, а беларускія бізнесмены — у Плісе Глыбоцкага раёна і Расонскім. Рэальна, што возьмуцца яны і за «Лазенкі».

saulich@bk.ru
Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter