Гайда ў падарожжа!

ТАДЫ быў заклік да аматараў падарожжаў: «Вывучай свой край!» У новыя раёны яны накіроўваліся ці водным шляхам, ці з дарожным посахам. Прапануем чытачам «БН» «сюжэты» з даўніх часопісаў.

У 1924—1926 гадах адбылося ўзбуйненне Беларускай ССР. Рэспубліка прырасла на поўначы і ўсходзе новымі тэрыторыямі, дзе большасць насельніцтва складалі беларусы.

ТАДЫ быў заклік да аматараў падарожжаў: «Вывучай свой край!» У новыя раёны яны накіроўваліся ці водным шляхам, ці з дарожным посахам. Прапануем чытачам «БН» «сюжэты» з даўніх часопісаў.

Дняпро цягне да сабе

* З рання трэба агледзець ваколіцы Дуброўны.

* Мястэчка вялікае, каля 17 тысяч насельнікаў.

«На Дняпры стаіць больш за два дзясяткі лайб, якія тут жа будуюцца і ходзяць адсюль аж да Магілёва, а можа і ніжэй. Грузяць галоўным чынам вапну і каменне.

Насельніцтва ў большасці — майстры (гарбарства); трымае быдла (багата авец і коз), але быдла на выгляд худое. На рынку па крамках сядзяць тыповыя дробныя гандляры, малым, здаецца, задаволеныя.

Мястэчка нядаўна далучылася да БССР». («Наш край», 1926 г.).

Па Дзвіне ў Сураж

* 13 чэрвеня роўна а 12-й гадзіне параход на Веліж выходзіць з Віцебска, і мы плывем па Дзвіне.

«Шмат народу едзе, а параходзік зусім маленькі, цяжка яму справіцца з яшчэ поўнай вадой і плысці ўверх па рачной плыні. Да Суражу, кажуць, будзе цягнуць не меней 9 гадзін, хоць тут усяго ад Віцебска 50 вёрст. Але не прыходзіцца шкадаваць, што так доўга будзе цягнуцца гэтае рачное вандраванне. Прыгаство Дзвіны і ўзгоркаў над ёю прымушае неадрыўна глядзець на зелянеючыя бярозавыя гайкі, цёмна-зялёныя стромкія хвоі і падобныя на кіпарысы высачэзныя елкі. А надвор’е, як у ліпені, — цёплае, пахучае. Неба чыстае, сіняе, як келіх бірузовы.

Едуць госці з Ленінграда — рабочыя, служачыя з сем’ямі, едуць адпачыць у ціхіх вёсках Беларусі. Тут яны маюць сваякоў. Едуць сяляне дамоў пасля розных клапот у Віцебску, і яны трымаюцца асобай купкай. Паціху гамоняць між сабою. Можна наперад сказаць, аб чым гавораць яны: хлеб, саўгасы, камуны.

Пад вечар прыязджаем у Сураж. На беразе ўсё «насяленне» прыйшло сустракаць параход. Кожны грамадзянін мястэчка лічыць сваім абавязкам увечары сустрэць параход, а ўранні яго праводзіць. Кожнага суражане пытліва аглядаюць, асабліва, калі прыезджы для іх незнаёмы...

На другі дзень уранні я іду ў вёску Храпыльню. Па праўдзе кажучы, гэта ўжо не вёска. Яна ўся рассялілася хутарамі. На Віцебшчыне, асабліва ў Суражскім і Межанскім раёнах, ужо няма вялікіх вёсак.

Іду на хутар. Прашу вады. Гаспадыня прапануе бярозавіку, якога ўжо гадоў дзесяць я не смакаваў. Прагна п’ецца.

Заходжу ў хату. Саджуся на лаву і аглядаюся. У хаце чыста, светла. У пярэднім куце два вялікія «лубачныя» абразы і побач з імі, з аднаго боку, — партрэт Леніна, з другога — Маркса, за імі, уздоўж сцен, партрэты правадыроў — Сталіна, Рыкава, Калініна... У самым канцы ёсць і нашы, беларускія, правадыры. Вісяць прыгожыя набожнікі.

Яшчэ адна цікавая этнаграфічная дэталь, якая смешна злучае нейкія старыя перажыткі з новымі з’явамі. Перад абразамі я заўважыў на нітачцы... духа святога, які сам сабою, аўтаматычна, увесь час кружыўся. Гэты святы «душок» зроблены нібы мадэль самалёта: хвост з паперы, крыллі таксама, дзюба — не ведаю з чаго, а тулава сплецена з саломы. Такім чынам, была няўстойлівая раўнавага, і галубок увесь час на пацеху дзецям кружыўся. Пад абразамі, на століку, — елачка з насаджанымі на яе галінкі пафарбаванымі велікоднымі яйкамі. Фарбоўка вельмі разнастайная, і можна зрабіць вывад аб вельмі значным ліку прыродных фарбаў, якія вядомыя мясцовым сялянам, і значным развіцці мастацкага густу ва ўзорах». («Наш край», 1929 г.)

У новых, далучаных да БССР раёнах сялянская газета «Беларуская вёска» старалася набыць сваіх падпісчыкаў. Вось якую рэкламу змясціла ў сакавіку 1929 г. гомельская газета «Полесская правда»:

«Выпісвайце і чытайце «Беларускую вёску»!

На Гомельшчыне газета «Беларуская вёска» яшчэ мала пашырана. Вельмі мала гэтай газеты выпісваюць сяляне Камарынскага, Лоеўскага раёнаў. А між тым «Беларуская вёска» — гэта цэнтральная беларуская сялянская газета, якая з’яўляецца адной з самых простых, танных, зразумелых газет для кожнага, нават малапісьменнага, селяніна.

«Беларуская вёска» вельмі шмат надае ўвагі сельскай гаспадарцы, яе калектывізацыі, вучыць селяніна, як лепш апрацоўваць глебу, каб з маленькага кавалачка зямлі збіраць больш ураджаю, чым збіраюць сяляне зараз. «Беларуская вёска» вучыць, як даглядаць жывёлу, як выбраць добрую карову, каня...

...Спяшайцеся падпісацца на «Беларускую вёску» на бліжэйшай пошце ці ў пісьманосца, і вы атрымаеце каляндар і будзеце ўдзельнічаць у латарэі!»

На гэтым мы закончым рэтрападарожжа з 20-х гадоў мінулага веку. Па новых раёнах, якія з’явіліся тады на карце Беларусі. Іх было больш, але ў сённяшнім апавяданні мы выбралі Дуброўна і Сураж.

Мне давялося пабываць у гэтых кутках беларускай зямлі праз паўвека. Знаёмілася з імі ў час журналісцкіх камандзіровак. Радавала, як многа тут рукатворнай прыгажосці.

У вёсках паблісквалі люстэркі сажалак, дзе вадзіліся не толькі карасі-«скавароднікі», але і вялікія карпы...

За багатым узяткам вывезлі пасекі. Да палёў — там, на радасць пчолам, у кіпені сваім купаецца грэчка...

Шэфствавалі над Дняпром. Засеялі лубінам пагоркі — гэта ўмацоўвала яго берагі...

Рыхтаваліся да рэйду актывісты — на абарону фаўны мясцовага заказніка...

Ніхто цяпер не ўспамінае аб далёкім закліку да краязнаўцаў — прайсці ўсюды з дарожным посахам, вывучаючы новае памежжа.

Хаця, здаецца, усё тут вывучана і асвоена, аднак не будзем пагардлівымі і да посаха. Некаторыя падарожжы дасягальны толькі пешай назе. Бо трэба прыкмячаць у дарозе як мага больш добрага.

Архіварыус Леніна ШУМАН, журналіст-ветэран «Белорусской нивы»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter