У Мінску адкрылася 21-я Міжнародная спецыялізаваная выстаўка “СМІ ў Беларусі”

Гаворыць i паказвае Мiнск

Новыя фарматы, тэхналогii будучага i шырокая геаграфiя ўдзельнікаў — чым яшчэ здзiўляе XXI Мiжнародная выстаўка «СМI ў Беларусi»

Выставачны цэнтр «БелЭкспа» на чатыры дні стаў адной вялікай рэдакцыяй, у якую адкрыты дзверы ўсім жадаючым. Для чытачоў, слухачоў і гледачоў гэта магчымасць асабіста пагутарыць з журналістамі, за чыімі матэрыяламі яны штодня сочаць на старонках газет і ў тэлерадыёэфірах. 

Фота БЕЛТА

У выставачным павільёне на праспекце Пераможцаў, 14 мнагалюдна з самай раніцы: у гэтым годзе каля сотні ўдзельнікаў выказалі жаданне прыняць удзел у медыяфоруме. Гэта інфармацыйныя агенцтвы, рэдакцыі і медыйныя выдавецкія дамы. Шырокая геаграфія на выстаўцы і замежных прадстаўнікоў.

Выстаўку адкрылі ўрачыста, перарэзаўшы традыцыйную чырвоную стужку. Прывітанне ўдзельнікам медыяфоруму ад Прэзідэнта зачытаў намеснік прэм'ер-міністра Васіль Жарко. Аляксандр Лукашэнка перакананы, што гэта маштабная падзея мае ў нашай краіне вялікі грамадскі рэзананс: «Штогадовая дэманстрацыя магчымасцей нацыянальных сродкаў масавай інфармацыі пераканаўча сведчыць аб іх значным патэнцыяле».

Да гасцей і ўдзельнікаў форуму звярнулася міністр інфармацыі Лілія Ананіч:

— Мы маем паўнавартасную нацыянальную інфармацыйную прастору. Гэта больш за 1,6 тысячы нацыянальных друкаваных СМІ і звыш  270 тэлерадыёпраграм. Наша медыяпрастора з’яўляецца адкрытай, і гэта пацвярджае шырокая геаграфія ўдзельнікаў выстаўкi.

Васіль ЖАРКО, намеснік Прэм'ер-міністра, і першы намеснік галоўнага рэдактара газеты «СБ. Беларусь сегодня» Міхаіл ЛЯБЕДЗІК
 каля аднаго з адметных стэндаў выстаўкi.
Фота Паўла ЧУЙКО

Акрамя нашай краіны, у выстаўцы прымаюць удзел прадстаўнікі Расіі, Украіны, Азербайджана, Балгарыі, Літвы, Латвіі, Індыі, Германіі, Турцыі і Грузіі. У якасці спецыяльнага госця — СМІ Кітая. У гэтыя дні праходзіць прэс-тур прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ гэтай краіны, госці наведваюць знакавыя тэхналагічныя, прамысловыя, сельскагаспадарчыя і гісторыка-культурныя аб’екты. Асаблівую ўвагу яны надаюць сумесным беларуска-кітайскім праектам. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая Цуй Цымін у час размовы з журналістамі адзначыў, што выстаўка «СМІ ў Беларусі» карыстаецца папулярнасцю ў кітайскіх медыя, якія актыўна прымаюць у ёй удзел на працягу многіх гадоў.

Сапраўды, прачытаць свежы нумар газеты на выстаўцы можна не толькі на рускай і беларускай, але і на многіх іншых мовах. Госці разам з нашымі журналістамі праводзяць круглыя сталы, семінары і майстар-класы. Наведвальнікі ж ахвотна бяруць для азнаямлення выданні Саюзнай дзяржавы і тыя, што выходзяць у асяроддзі беларускіх дыяспар у Літве, Латвіі, Украіне і Расіі. 

Удзельнікаў свята забаўляюць робаты, госці не ўпускаюць магчымасці зрабіць сэлфі.
Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА

Цікавую праграму падрыхтавалі рэгіянальныя выданні. У прыватнасці, Віцебшчына здзіўляла наведвальнікаў незвычайнай выпечкай. І сапраўды, якія відовішчы без хлеба! Адным словам, што ні стэнд, то сваё маленькае шоу.

У выставачным цэнтры разгарнуўся і наш стэнд. Праграма па хвілінах распісаная да суботы. Сёння яна пачынаецца а 12-й гадзіне з прэзентацыі запраўкі будучынi. Гэта інавацыйны праект Кірыла Васільева і Кірыла Міхайлава — электразарадныя станцыі для «аўтамабіляў ад разеткі». Хлопцам прыйшлося пастарацца, каб даставіць станцыю ў павільён. Няпроста было знайсці і электрамабіль, бо іх усяго ў краіне каля 30 штук. Не выключана, што пасля прэзентацыі запраўкі будучынi на нашым стэндзе колькасць уладальнікаў электракараў істотна павялічыцца. 

Адным з цэнтральных мерапрыемстваў выстаўкі стала канферэнцыя «СМІ ў свеце, які змяняецца: прафесіяналізм і адказнасць». 

СМІ Кітая ўдзельнічаюць у выстаўцы ў якасці спецыяльнага госця.
Фота БЕЛТА

Удзельнікі вялі размову пра інфармацыйную бяспеку. У прыватнасці, Лілія Ананіч прапанавала ўдзельнікам аб'яднаць намаганні дзеля бяспекі ў інтэрнэце: «Каб інтэрнэт быў бяспечным для дзяцей і грамадства ў цэлым, усе ўдзельнікі інфармацыйнай прасторы павінны аб'ядноўваць свае намаганні. Напрыклад, у фармаце грамадска-дзяржаўных партнёрстваў. Нараўне з творчымі саюзамі, рэдакцыямі СМІ ўдзельнічаць у такіх праектах маглі б правайдары і ўладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў». 

Наперадзе — цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая літара». Адным словам, на бліжэйшыя тры дні выставачны павільён ператварыўся ў вялізны прэс-цэнтр. Журналісты, якія пішуць, гавораць і паказваюць, гатовыя падзяліцца тонкасцямі сваёй прафесіі і рыхтаваць матэрыялы з адзнакай «тэрмінова ў нумар».

gorbatenko_inna@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter