Падручнік “Белорусский язык для стран СНГ” — добры памочнік для тых, хто жадае вывучыць мову як з дапамогай выкладчыка, так і самастойна

Гаворым і разумеем

Падручнік “Белорусский язык для стран СНГ” — добры памочнік для тых, хто жадае вывучыць мову як з дапамогай выкладчыка, так і самастойна


Урокі беларускай мовы — гэта ўрокі патрыятызму

Электронная версія дапаможніка “Белорусский язык для стран СНГ”, падрыхтаванага выкладчыкамі кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, з’явілася ў вольным доступе на сайце Маскоўскага лінгвістычнага ўніверсітэта. Знайсці яго можна па спасылцы  http://www.linguanet.ru/collaboration/uis/ResursSNG-2012/belorusSNG-2012.pdf. “Па гэтым падручніку можна вывучыць беларускую мову як “з нуля”, так і аднавіць былыя веды”, — упэўнены адзін з яго аўтараў, загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры МДЛУ Пятро Васючэнка. Займацца можна і самастойна. Выданне добра ілюстраванае, мае пры сабе і аўдыякурс на CD-дыску. А ў электроннай версіі дапаможніка гукавыя файлы можна спампаваць асобна.

Даступнаю мовай выкладзены асновы граматыкі, сабраны заданні па маўленні, чытанні, аўдзіраванні, пісьме. Ёсць і розныя дыдактычныя матэрыялы: фанетычныя, граматычныя, камунікатыўныя заданні. Сярод тэкстаў для чытання знаходзім пазнавальныя: напрыклад, пра развіццё беларускай мовы. Прадстаўлены і шэраг даведачных матэрыялаў, даволі вялікія руска-беларускі ды беларуска-рускі слоўнікі.

Дапаможнік “Белорусский язык для стран СНГ” прызначаны перш за ўсё для замежнікаў. Па ім навучаюцца студэнты-замежнікі і ў МДЛУ. Пятро Васючэнка мае водгукі самыя станоўчыя. Нават навучэнцы з Аргенціны ды Конга авалодваюць моваю: пад канец навучальнага курса свабодна гавораць па-беларуску. Упершыню падручнік выйшаў у 2012-м, да 20-годдзя заснавання СНД. Тады кожная з краін-удзельніц выдала такі дапаможнік па сваёй мове па-руску. Тыраж быў невялікі, і кнігі хутка разышліся. Іх атрымалі Цэнтры беларускай культуры ў краінах СНД, пасольствы розных краін у Беларусі. Пятро Васючэнка паведаміў: сёлета запланавана перавыданне дапаможніка, будзе рыхтавацца таксама падручнік па беларускай мове для больш глыбокага яе вывучэння.


Дарэчы


З 1 лютага ў маскоўскай “Школе моваў суседзяў” адкрыліся бясплатныя курсы па вывучэнні беларускай ды іншых моваў краін СНД. Першымі вучнямі беларускага класа сталі 30 чалавек. Большасць з іх — этнічныя беларусы, іншыя — студэнты-філолагі, дыпламаты. Урокі праходзяць раз на тыдзень. І да канца мая слухачы змогуць навучыцца чытаць, пісаць, перакладаць і больш-менш гаварыць па-беларуску. “Школа моваў суседзяў” — гэта яшчэ і адмысловы лекторый: гісторыкі, культуролагі, журналісты, падарожнікі расказваюць навучэнцам розныя гісторыі ды цікавыя факты пра народы і краіны СНД. Увогуле ж “Школа моваў” — некамерцыйны праект, арганізаваны пры садзеянні Фонду падтрымкі публічнай дыпламатыі імя А. Гарчакова. Цяпер, хто пажадае,  можа вывучыць адну з моваў дзесяці краін СНД: як беларускую, так і азербайджанскую, армянскую, казахскую, кыргызкую, малдоўскую, узбекскую, таджыкскую, туркменскую, украінскую. Адбор слухачоў — па матывацыйных лістах.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter