Гавораць i паказваюць Калодзiшчы

За 135 гадоў маленькая вёсачка ля чыгуначнай станцыi ператварылася ў вялiкi пасёлак

Да апошняга часу гэты пасёлак атаясамлiваўся ў мяне толькi з Мiнскiм абласным вузлом радыёвяшчання i тэлебачання. Пакуль не з’ездзiла ў Калодзiшчы на святкаванне 135-годдзя пасёлка. Ехала ў сталiчны прыгарад з вялiкiм жаданнем паглядзець на прыгожыя вулiцы, шыкоўныя катэджы з незвычайнымi клумбамi побач, пазнаёмiцца з людзьмi, якiя там жывуць.

Сапраўды, Калодзiшчы сёння можна назваць “модным” пасёлкам. Тут больш за 150 вулiц, каля 14 тысяч жыхароў. Шмат мiнчукоў будуюць тут сабе дамы i пераязджаюць жыць з сям’ёй. Многiя iншагароднiя, што ўладкоўваюцца на працу ў сталiцу, шукаюць тут сабе прапiску. I гэта нядзiўна, дабiрацца сюды вельмi зручна (ад апошняй станцыi метро сюды можна даехаць усяго за пятнаццаць хвiлiн на аўтобусе цi “маршруткай”). Так, Калодзiшчы назваць вёскай складана, але калi апынешся там, адразу адчуеш, як час быццам запавольваецца.
...З самага ранку ля Дома культуры пачалi збiрацца людзi. Святочна апранутыя, з кветкамi ў руках, вiншавалi адзiн аднаго са святам. А потым пад музыку аркестра прайшлi па вулiцы Цэнтральнай да Каладзiшчанскай сярэдняй школы, дзе адбылося ўрачыстае адкрыццё свята. Сярод самых пачэсных гасцей — ветэраны Аляксей Аляксандравiч i Зоя Iванаўна Голiкавы, Дзмiтрый Мiхайлавiч i Нiна Iванаўна Смiрновы, якiя нядаўна адзначылi брыльянтавыя вяселлi.
“Не старэюць душой ветэраны”
Шмат жыхароў пасёлка, калi пачалася вайна, пайшлi на фронт. Многiя не вярнулiся. А тыя, што засталiся жывымi, шануюць памяць пра сваiх сяброў, што аддалi жыццё за свабоду нашай радзiмы. Па iнiцыятыве мясцовых ветэранаў у Калодзiшчах узведзены мемарыял, на гранiтных плiтах якога высечаны iмёны герояў. Аляксей Аляксандравiч i Зоя Iванаўна, Дзмiтрый Мiхайлавiч i Нiна Iванаўна часта прыходзяць да помнiка ўшанаваць памяць сваiх аднавяскоўцаў. I сёння яны гавораць загiнуўшым сябрам вялiкi дзякуй за тое, што падаравалi мiр на зямлi i магчымасць спазнаць простае чалавечае шчасце.
Зоя Iванаўна Голiкава нарадзiлася ў Калодзiшчах, вырасла тут. Калi ёй споўнiлася шаснаццаць, пачалася вайна. Была разведчыцай. Дужая, спрытная, яна магла на любое дрэва ўзлезцi, хутка саскочыць з таварнага поезда, што рухаўся. З дзяўчатамi не сябравала, лепшымi таварышамi яе былi хлопцы. Узялi шлюб з Аляксеем Аляксандравiчам у 1942 годзе. Цяжка было iм адразу.
— Будавалi хату, а самi, бывала, галадалi, — расказвае Зоя Iванаўна. — Iдуць людзi ў кiно, а я не ведаю, дзе ўзяць тры бульбiны, каб павячэраць. Памятаю, купiла мужу галёшы, дык гэта было сапраўднае свята для яго. Але ўсё роўна не засмучалiся, верылi, што калiсьцi i ў нашым двары будзе свята. Нарадзiлi дваiх дзяцей. Цяпер у нас пяцёра ўнукаў, адзiн праўнук.
Зоя Iванаўна размяняла ўжо дзевяты дзесятак, але яна не падобная на тых бабулек, што прывыклi крактаць, як што-небудзь забалiць. Прызнаецца, што, калi няма чым заняцца, ходзiць у грыбы аж за сем кiламетраў.
— Набяру поўныя вёдры, лягу на мох i ляжу, — дзелiцца са мной Зоя Iванаўна. — Так прывыкла, калi была разведчыцай, i ў дождж, i ў снег спаць на зямлi! I цяпер не баюся нi халоднай вады, нi марозу. I вы ведаеце, не хочацца яшчэ памiраць. У нас яшчэ многа сiл, столькi ўсяго яшчэ мы не дарабiлi!..
Яшчэ доўгi час словы Зоi Iванаўны стаялi ў вушах. “Вось у каго трэба вучыцца жыццю, вось з каго трэба браць прыклад!”, — думалася мне.
Мода не значыць узорны парадак?
На свяце я даведалася, што ў Калодзiшчах ёсць жыхары, якiх прызналi самымi лепшымi гаспадарамi, а iх хату — домам узорнага парадку, але, колькi я нi блукала па вулiцах пасёлка, так i не ўбачыла той таблiчкi, якая звычайна вывешваецца на фасадзе. Асаблiва мяне ўразiла карцiна: ля катэджа чысцiня i парадак, усё аж блiшчыць, а за метр ад веснiц — неабкошаная трава, гурбы смецця. Як пасля даведалася ў Таццяны Бонды, выконваючай абавязкi старшынi сельскага выканаўчага камiтэта, сёння ў камунальнага унiтарнага прадпрыемства, што створана ў Каладзiшчанскiм сельскiм савеце, нямала праблем. I не таму, што яно дрэнна працуе, а таму, што 12 чалавек (менавiта столькi прадугледжана штатным раскладам) на двух трактарах не могуць абслужыць такую колькасць насельнiцтва. Для параўнання: у Заслаўi, якое па колькасцi жыхароў прыкладна такое ж, як i Калодзiшчы, у камунальнай гаспадарцы працуе 86 чалавек.
Эх, дарогi...  
Непакоiць жыхароў пасёлка i якасць дарог, па якiх складана праехаць нават грузавому аўтамабiлю. Вядома, каб пакласцi асфальт, патрэбны немалыя грошы. А дзе iх сёння можа зарабiць сельсавет? Таццяна Паўлаўна адзначае, што пасля таго, як было дазволена праводзiць аўкцыёны па продажы зямельных участкаў, мясцовая ўлада стала вырашаць больш сацыяльных пытанняў. I каб у бюджэце сельскага Савета заставалiся ўсе сто працэнтаў заробленых грошай, магчыма, удалося б не толькi “залатаць” выбоiны на дарогах, але i пакласцi ў Калодзiшчах асфальт. А пакуль са 150 вулiц, што ёсць у пасёлку, 95 працэнтаў грунтовыя.
— Мы падрыхтавалi праектна-каштарысную дакументацыю па артыкулу “добраўпарадкаванне тэрыторыi” на 380 мiльёнаў рублёў, а выдалi нашаму сельсавету толькi 10 мiльёнаў у год, — расказвае Таццяна Паўлаўна. — Ды нам штомесяц толькi на вываз смецця патрэбна ўдвая больш. Акрамя таго, неабходна праектаваць i будаваць сiстэму водазабеспячэння. Гэта ж якое глупства: у такiм вялiкiм пасёлку ў кожным двары бурыцца свiдравiна!
Сёння i заўтра
Важным пытаннем для мясцовай улады з’яўляецца ўзвядзенне ў пасёлку аб’ектаў сацыяльнага i культурнага абслугоўвання насельнiцтва. У пачатку гэтага года пачала работу новая амбулаторыя, адкрыцця якой чакалi ўсе жыхары. Адкрыўся комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельнiцтва. Зараз вядуцца работы па праектаванню спартыўна-культурнага цэнтра. Але i гэтага недастаткова, лiчыць Таццяна Бонда.
— Наш пасёлак, нягледзячы на тое, што тут не вельмi развiта iнфраструктура, з кожным годам расце, — расказвае Таццяна Паў-лаўна. — Пад iндывiдуальныя жылыя забудовы выдзелена больш за 3,5 тысячы зямельных участкаў. А апошнiм часам ў Калодзiшчах у многiх сем’ях з’яўляецца трэцяе, чацвёртае дзiця. У нас ёсць усе падставы меркаваць, што праз пяць—дзесяць гадоў колькасць насельнiцтва наблiзiцца да дваццацi тысяч. Таму мы вельмi заклапочаны тым, каб маленькiм каладзiшчанцам было камфортна ў дзiцячых садках, у школе.
Сёння ў пасёлку працуюць два дзiцячыя садкi. Адзiн з iх, якi разлiчаны на 120 дзяцей (1963 года пабудовы), зараз патрабуе замены даху. А другi пабудаваны яшчэ ў 1949 годзе i знаходзiцца амаль у аварыйным стане: пайшла трэшчына ў апорнай сцяне. Зiмой садок ацяпляецца кацельняй, якая працуе на дровах. Iх нарыхтоўваюць самi выхавацелi. У садку нават няма чалавека, якi б нёс адказнасць за гэту работу. Ён проста не прадугледжаны штатам. Але нават пры такiх умовах i калi ўлiчыць тое, што многiя бацькi вязуць сваiх дзяцей у сталiчныя дзiцячыя садкi, на чаргу каладзiшчанскiя бацькi запiсваюцца адразу пасля нараджэння дзiцяцi.
Мясцовая школа таксама не скардзiцца на адсутнасць дзяцей, але некаторыя вучнi пасля заканчэння пачатковай школы iдуць вучыцца ў школы Мiнска. Свой крок бацькi i вучнi тлумачаць тым, што ў сталiчных школах большы выбар курсаў па профiлю, якiя вельмi спатрэбяцца пры паступленнi. Але, як адзначае дырэктар Франц Гедроіць, намецiлася i такая тэндэнцыя: многiя з тых, хто пайшоў пасля чацвёртага класа вучыцца ў Мiнск, у восьмым-дзевятым вяртаюцца назад. Многiя гэта робяць для таго, каб атрымаць атэстат аб заканчэннi сельскай школы i мець дадатковыя балы пры паступленнi ў ВНУ. Але i вучнi Каладзi-шчанскай сярэдняй школы могуць выбраць фiзiка-матэматычны, фiлалагiчны профiлi, на павышаным узроўнi вывучаць матэматыку, англiйскую мову, у кожнай “паралелi” працуюць гiмназiчныя класы.   
...Ад’язджала са свята з адчуваннем суму. Не таму, што не ўбачыла шырокiх вулiц з высаджанымi каля iх кветкамi, а таму, што ў якi раз давялося быць сведкай “спажывецкiх” адносiн людзей да прыгарада. Мы прывыклi ездзiць у вёску да бабулi па свежае малако i сала i пацiху забываемся пра тое, што нарадзiлiся i выраслi там. Але ўсё ж надзея, што Калодзiшчы, як i многiя iншыя пасёлкi Беларусi, з цягам часу расквiтнеюць, не згасла. Я радавалася за тых жыхароў, вочы якiх свяцiлiся гонарам за свой родны край. Пад святочныя гукi аркестра брыльянтавыя “маладыя” Голiкавы i Смiрновы вiншавалi са шлюбам сваiх аднавяскоўцаў Генадзя Сапранькова i Святлану Каленiк. Прыгожай пары, якая ступала на сцяжыну сямейнага жыцця, я таксама жадала шчасця.

Каранi
Сто трыццаць пяць гадоў таму на сучаснай тэрыторыi Калодзiшчаў быў лес, якi належаў памешчыку Анiсону. У 1870 годзе расiйскi цар Аляксандр II выдаў указ аб будаўнiцтве чыгункi, якая б злучала Варшаву i Маскву. Праз год чыгунка была пабудавана, а разам з ёй i станцыя Калодзiшчы. Такую назву яна атрымала з-за вялiкай колькасцi калод, якiя выкарыстоўвалiся ў будаўнiцтве палатна. Акрамя чыгуначнай станцыi, тут былi пабудаваны тартак i вузкакалейка, дом для чыгуначнiкаў. Перад Першай сусветнай вайной усiмi ляснымi ўгоддзямi завалодалi купцы Саламон i Лазар Каўфманы. У 20-я гады ў Калодзiшчах адкрыўся першы медпункт, некалькi магазiнаў. У перыяд калектывiзацыi вёскi Рап’ё, Сухарукiя, а таксама Калодзiшчы былi аб’яднаны ў калгас “Бальшавiк”. У гэты час тут быў пабудаваны ваенны гарадок, размясцiлася воiнская часць па падрыхтоўцы сабак для пагранiчнай службы. У 70-я гады ў пасёлку быў узведзены Беларускi рэспублiканскi радыёцэнтр
(з 1996-га — Мiнскi абласны вузел радыёвяшчання i тэлебачання), якi i сёння з’яўляецца сiмвалам Калодзiшчаў.


 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter