Родина двух министров — Слуцкий агрогородок Гацук

Гацук: тут у пашане розум і працавітасць

На Тураўскай зямлі ў 1260 годзе асобна вылучылася буйное феадальнае Слуцкае княства. Праз стагоддзі ў яго паўночнай частцы ўзнікла вёска Гацук.

Княжылі ў гэтых мясцінах, большасць якіх займалі лясы і балоты, прадстаўнікі тураўскай лініі Рурыкавічаў. У 1395 годзе вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Вітаўт перадаў слуцкія ўладанні брату польскага караля Ягайлы князю Уладзіміру Альгердавічу. Нашчадкі яго на працягу некалькіх стагоддзяў уладарылі ад рэк Лані да Нёмана і ад Пцічы да Прыпяці.



Пісьмова Гацук упершыню ўзгадваецца ў другой палове ХІХ стагоддзя як маёнтак заможнага князя Вітгенштэйна. Архіўны дакумент «Мінская губернская па сялянскіх справах прысутнасць» 1862 года сведчыць, што першымі жыхарамі паселішча сталі сем’і Казячыцаў, Каляд, Зайцаў і Хоцькаў з суседняй Буды Грэскай. Перасяленцы выкупілі княжацкую выспу, акружаную векавой дрыгвой. Намасцілі грэблю. Пастаянна яе аднаўлялі — гацілі. Таму і вёску назвалі Гацук.

Ваенныя падзеі мінулага стагоддзя закранулі вёску. У Першую міравую яе папераменна захоплівалі кайзераўскія войскі і белапалякі.


Пасля ўсталявання савецкай улады сяляне Гацука аб’ядналіся ў калгас «Бальшавік», які ў 1970 годзе рэарганізаваны ў саўгас «50 гадоў БССР», а зараз гэта філіял Слуцкага сыраробчага завода.

З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі ў навакольных лясах дзейнічалі партызанскія атрады. Мемарыяльным помнікам ушанавана памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

У 2005 годзе цэнтральная сядзіба сельгаспрадпрыемства — вёска Гацук — атрымала статус аграгарадка Слуцкага раёна.

Ажыўленая аўтамагістраль перасякае Случчыну. Па ёй маршрутка са сталіцы за гадзіну даімчала да аграгарадка Гацук. Мая чарговая вандроўка пачалася ад прыпынку. Перад сядзібамі цэнтральнай вуліцы за маладым хвойнікам прыгожа паўстала новая чырвонакаменная царква. Над дахам будынка зіхаціць залатым колерам укрыжаваны купал. Па высокай бетоннай лесвіцы падняўся ў храм. Чацвёра рабочых абівалі драўлянымі планкамі цагляныя сцены. Адзін з будаўнікоў Мікалай Лапковіч прынёс з бытавога вагончыка праект. На тытульным лісце пазначана: «Праваслаўны храм Святой праведнай княгіні Соф’і і мучаніка младзенца Гаўрыла Слуцкіх».

Старшыня сельвыканкама Уладзімір ЧЭЧКА.

Заклапочаны будоўляй настая­цель храма іераманах Серафім. Ён родам з Пінска. Бацька Сяргей Паўлючэнка ўзначальваў інжынерную службу ў слынным на ўсю былую вялікую краіну пінскім калгасе «Аснежыцкі». Бабуля Таісія Аляксандраўна маленькага ўнука вадзіла ў храм. Хлопчык вырас, скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію. Першую службу ў новай царкве мае намер правесці на Раство Хрыстова. Асвячацца храм будзе вясною, у дзень Ушанавання святых, у гонар якіх ён названы.

Будаўнікі завяршаюць унутранае аздабленне памяшкання. У залітую бетонам падлогу ўманціравалі элементы ацяплення. Узводзіцца святыня на ахвяраванні прыхаджан. Ініцыятыўную групу ўзначальвае Валянціна Закрэўская. Чвэрць стагоддзя яна кіравала Домам фальклору, які адкрылі амаль сорак гадоў таму. Пасля выхаду на пенсію Валянціна Канстанцінаўна больш актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю. І дома клопатаў стае. Глядзіць за маці.

Прыхаджанка Валянціна ЗАКРЭЎСКАЯ і настаяцель храма іераманах Серафім (ПАЎЛЮЧЭНКА).

Соф’я Пятроўна сустракае 93-ці Новы год. За доўгі век ёй давялося шмат перажыць. З далёкай маладосці засталіся ўспаміны пра даваенную вёску Гацук. Калгасы толькі мацаваліся. Моладзь заставалася працаваць на зямлі. Вечарамі звінеў гармонік то ў адным канцы вёскі, то ў другім. Зімой з сяброўкамі трапалі лён у калгасным свірне. Ад стомы ноччу не ведала, куды рукі пакласці. А потым уцягнулася.

Узгадала Соф’я Пятроўна і пра перажытае ў вайну. Разам з бацькамі падалася ў партызаны. Многія хлопцы з Гацука не вярнуліся з франтоў. Вяскоўцы цяжка перажывалі страты.

Педагог Людміла СКАЛАБАН з дзесяцікласніцамі Юліяй ЦВІРКО і Ганнай СІПАЧ у кабінеце батанікі.

У пасляваенныя гады з сяброўкамі ездзіла ў Германію за каровамі, якіх фашысты ў акупацыю нарабавалі. У мясцовасці, дзе трэба было забіраць жывёлу, у тыя часы было неспакойна. Часам бамбілі. Больш як месяц гналі дамоў статак праз Польшчу і Літву. Начавалі, дзе ноч заставала. Прыгналі кароў на Віцебшчыну. Змучаныя за доўгі шлях, яны на грузавіку паехалі на Случчыну. У вёсцы яе чакаў Канстанцін Заяц. У вайну яны былі ў адным партызанскім атрадзе. Згулялі вяселле. Дом пабудавалі. Трох сыноў і дачку выхавалі. Сын Леанід пасля сельгастэхнікума працаваў аграномам. Атрымаў вышэйшую адукацыю. Кіраваў калгасам, узначальваў Мінскі аблсельгасхарч, а потым і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Зараз ён старшыня Магілёўскага аблвыканкама. Пры вялікай занятасці Леанід Канстанцінавіч выкройвае час, каб завітаць у родны куток. Цікавіцца клопатамі землякоў. Пры яго непасрэднай падтрымцы за кароткі тэрмін паўстаў у Гацуку праваслаўны храм. Не мінае родную школу, сустракаецца з настаўнікамі, вучнямі.

Школьны краязнаўчы музей упрыгожваюць па-майстэрску вырабленыя чучалы мацёрага ваўка, савы, цецерука і іншых паляўнічых трафеяў. Іх падарыў Леанід Заяц. Упрыгожваюць выставу і экспанаты, атрыманыя ад работнікаў суседняга Вараб’ёўскага лясніцтва і студэнтаў Белдзяржуніверсітэта, якія тут праходзілі вытворчую практыку.

93-ці Новы год сустракае Соф’я Пятроўна ЗАЯЦ.

Уражвае багаццем унікальных прадметаў і этнаграфічны пакой. Тут прадстаўлены палатняныя, гліняныя, драўляныя вырабы сялянскага побыту мінулых часоў. У некалькіх альбомах сабраны матэрыялы пра гісторыю вёскі. Юныя краязнаўцы зафіксавалі, што 55 гадоў таму да Гацука далучаны рабочы пасёлак торфапрадпрыемства, якое стала філіялам ААТ «Старобінскі торфабрыкетны завод». Выраб брыкетаў спынены. Назапашваецца толькі торфакрошка для мясцовай кацельні.

Амаль трыццаць гадоў таму адкрылася ў Гацуку дзіцячая музычная школа, якая пашырылася ў школу мастацтваў. У 1994 годзе мемарыяльным комплексам ушанавана памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Адзначылі краязнаўцы, што дзесяцігоддзе таму адкрыўся фірменны магазін «Фабрыка здароўя» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі». Летапіс аграгарадка працягваецца.

Жыхар аграгарадка Мікалай КУДЗЁЛКА.

Праз калідор ад музейных пакояў зімовым садам красуе кабінет біялогіі. З-за густапераплеценых экзатычных ліян, пышных вазонаў нібыта з джунгляў выйшла педагог Людміла Скалабан. Амаль трыццаць гадоў яна ўзначальвала педкалектыў. Эстафету кіраўніцтва перадала выпускніку Беларускага дзяржпедуніверсітэта імя Максіма Танка Віталю Грушы. Але не развіталася са школай: выкладае біялогію. Два дзесяцігоддзі таму па ініцыятыве Людмілы Мікалаеўны на паўгектарнай плошчы заклалі дэндрарый. Побач з бярозкамі, вербамі і іншымі тыповымі для беларускага лесу дрэвамі пасадзілі сасну Дугласа, піхту белую, дуб чырвоны, канадскую елку, розныя кусты. Па суседстве роўнымі радкамі высаджаны садовыя дрэўцы. Тут старшакласнікі практыкуюцца па садоўніцтву. Заняткі вядзе педагог Святлана Нямковіч. Дзяўчаты выпускных класаў засвойваюць прафесію швачкі, а юнакі — механізатара. Вучыцца кіраваць трактарам яны ездзяць у суседні аграгарадок Грэск.

Невыпадкова многія вы­пускнікі школы выбіраюць аграрныя прафесіі. Кацярына Пісарык і Аляксандр Ткачук вучацца ў сталічным аграрна-тэхнічным універсітэце. У Мар’інагорскім дзяржагратэхкаледжы імя Ула­дзіміра Лабанка тэхнічныя спецыяльнасці атрымліваюць Дзяніс Масейкін і Аляксандр Кумагер, а Настасся Ліпская і Сяргей Слабко — ва Уздзенскім дзяржпрафтэхліцэі.

Механізатар Анатоль ЧАРНЯК.

Пасля заканчэння сярэдняй школы пачынаў з трактарыста Уладзімір Чэчка. Адслужыў у арміі і паступіў на заатэхнічны факультэт Белдзяржсельгасакадэміі. Працаваў заатэхнікам. Дзясяты год кіруе мясцовай уладай. Яго аднакласнік Анатоль Чарняк таксама пайшоў у механізатары. На камбайне «Мега-350» убіраў збожжавыя. Сыну Арцёму перадаў магутную машыну, а сам на трактары «Беларус 82МК» падвозіць кармы на жывёлагадоўчы комплекс.

Разам з атэстатам сталасці пасведчанні трактарыста атрымлівалі ў Гацукоўскай сярэдняй школе будучыя міністры сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц і Анатоль Хацько. У суседняй вёсцы Буда Грэская жывуць бацькі Анатоля Мікалаевіча. Маці Любоў Іванаўна да выхаду на пенсію даіла кароў, бацька Мікалай Міхайлавіч працаваў жывёлаводам. На Вежаўскай жывёлагадоўчай ферме РУП «Саўгас «Слуцк» даглядае цялят сястра Валянціна. Вадзіцелем у Капыльскім раёне працуе брат Валерый. Пуцёўку ў жыццё дзецям Любові і Мікалая Хацько дала Гацукоўская сярэдняя школа.

Будаўнікі Мікалай ЛАПКОВІЧ, Дзяніс ХАДАРОВІЧ, Станіслаў ЛАПКОВІЧ і Аляксандр НАЧЫНА.

Мураванаму будынку храма навукі больш як паўвека. Чысціня і парадак пануюць навокал. Дырэктара Віталя Грушу радуе, што колькасць навучэнцаў расце. Летам развітаюцца з дзіцячым садзікам 13 будучых першакласнікаў.

Моладзь будуе жыллё ў аграгарадку. Дзясятак катэджаў упрыгожылі Сонечную і Мала­дзёжную вуліцы. Жывуць у іх сем’і механізатараў, жывёлаводаў, педагогаў, медыкаў. Забу­доўваюцца тры новыя сядзібы побач з сельвыканкамам.

Шматдзетная маці Яўгенія АНАНЧАНКА з сынамі і дочкамі.

Цэнтральную частку аграгарадка ўпрыгожваюць трохпавярховыя шматкватэрныя жылыя дамы. Пацікавіўся ў старшыні сельвыканкама пра аўкцыёны па продажы зямельных надзелаў. Уладзімір Іванавіч адзначыў, што адпала патрэба іх ладзіць. Пустуючых участкаў у аграгарадку няма. Сялянскія дамы гараджане выкупаюць у гаспадароў пад лецішчы. Ёсць і перасяленцы з горада.

Са старшынёю сельвыканкама завіталі ў двухпавярховы катэдж шматдзетнай сям’і Яўгеніі і Дзяніса Ананчанкаў, якія сем гадоў таму пераехалі са сталіцы. Гаспадыня сустрэла нас на парозе з немаўлём на руках. Муж на працы, а з шасцярых дзяцей пяцёра — школьнікі. Старэйшай Аляксандры 12 гадоў, а найменшаму Андрэйку няма і годзіка. Каля дома невялікі на 7 сотак прысядзібны ўчастак. Вясною яго засяваюць гароднінай, кветкамі.

Пакуль размаўлялі з Яўгеніяй Аляксандраўнай, са школы вярнуліся прыгожа апранутыя старэйшыя дзеці. Усе паспяхова вучацца і працы не цураюцца. Гаспадыня адзначыла, што дзяржава фінансава падтрымлівае іх вялікую сям’ю.

Навучэнцы Яраслаў ДАБРУК і Вераніка ГРУША ў школьным краязнаўчым музеі.

У шматдзетнай сям’і Ніны і Анатоля Аўтушкаў выраслі сыны Дзяніс, Ілья і Кірыл. Гаспадар працуе слесарам на жывёлагадоўчай ферме, а жонка прымае малако ад насельніцтва. Усе сыны пасля заканчэння сярэдняй школы засталіся працаваць механізатарамі. Ілья і Кірыл займелі сем’і. Гаспадарка забяспечыла іх жыллём. Новы катэдж атрымала і сям’я перадавога трактарыста Анатоля Гоўшы.

Шэсць гадоў таму сельгас­прадпрыемства стала філі­ялам ААТ «Слуцкі сыраробчы камбінат». Кіруе калектывам хлебаробаў Уладзімір Крыжаноўскі. Эканамічную службу ўзначальвае выпускніца Белдзяржсельгасакадэміі На­дзея Бароўка. Роднай для расіянкі стала Случчына. Засталі Надзею Васільеўну за выдачай навагодніх пачастункаў механізатарам, жывёлаводам, спецыялістам. Даставяць падарункі і ветэранам працы.

Дырэктар сярэдняй школы Віталь ГРУША (у цэнтры) са старшакласнікамі.

Адказваючы на пытанне, як адбілася рэфармаванне на дзейнасць сельгаспрадпрыемства, галоўны эканаміст назвала найбольш характэрныя эканамічныя паказчыкі. Да 25 працэнтаў павысілася рэнтабельнасць асноўнай прадукцыі — малака. Прагназуемая гадавая валавая вытворчасць яго 8200 тон. Летась надой ад кожнай з больш як 1000 кароў перавысіў 7000 кілаграмаў. Штодзённа на перапрацоўку адпраўляецца да 25 тон малака. Высакаякасныя слуцкія сыры ў асноўным рэалізуюцца на экспарт. Прыбытак, што атрымлівае камбінат, накіроўваецца на мадэрнізацыю вытворчасці, набыццё новай тэхнікі, развіццё сацыяльнай сферы. У вёсцы Крывая Града пабудавана малочна-таварная ферма з даільным блокам. Плануецца абнавіць машынна-трактарны парк.

У ПАШАНЕ ў Гацуку розум і працавітасць. Вы­пускніцамі Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта Аленай Чэрняй і Ганнай Раманчук папоўніўся атрад спецыялістаў. Сярэдні заробак па гаспадарцы перавышае 800 рублёў. У аграгарадку створаны ўвесь комплекс сацыяльна-бытавых умоў для жыхароў. Прыгожым і заможным сустракае Гацук чарговы Новы год.

Слуцкі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter