Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Прыгожае Свята беларускай песні зладзіў Беларускі культурны цэнтр “Крок”

Гасцінны горад Вісагінас

Хоць песня аніколі не лішняя, аднак найлепш яна гучыць, калі — да месца й да часу прыйдзецца. І якраз так усё гарманічна й было ў Вісагінасе: там 24 лютага, на Масленіцу, беларускай песняй праводзілі Зіму. А зладзіў Свята беларускай песні Беларускі культурны цэнтр “Крок”. Шаноўнымі гасцямі на свяце былі прадстаўнікі гарадской улады Вісагінаса, сябры-беларусы з латышскага Даўгаўпілса.

Спявае саліст “Світанка” Сяргей Шабадалаў

У вялікай зале з сімвалічнай назвай “Дружба” паўтары гадзіны гучалі беларускія народныя і аўтарскія песні. Выконваў іх вядомы й за межамі Літвы мясцовы беларускі гурт “Світанак”. І слухачы разам з артыстамі спявалі такія песні, як “За Беларусь”, “Ой, братка беларус”, “Гаворка беларуская”, “Сустрэча з домам”, “Вёсачка”, “Добрым людзям” “Цешчыны дранікі”, “Ночка цёмная”, “Цячэ рэчанька”, “Ой, каліна-маліна”, “Шэрая лашадачка” ды іншыя. Гучала й песня на літоўскай мове “Duetas”.

Ганаровымі гасцямі свята былі мэр Вісагінаса Даля Штраўпайце, віцэ-мэр Наталля Гайваронская, дырэктар адміністрацыі Сяргей Міцкевіч, дэпутат гарадскога самакіравання і кіраўнік Беларускага культурнага цэнтра “Крок” Алег Давыдзюк, кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская.

У канцэрце хораша паўдзель­нічалі й госці з Даўгаўпілса. Паэт Станіслаў Валодзька прачытаў свой верш “На Масленку”: бо якраз быў Масленічны тыдзень. А спявак Павел Прозар выканаў тры вядомыя песні на біс. Як знак вялікай павагі да гасцей з Даўгаўпілса прагучала песня “Чаромха” (музыка Альберта Белуся, словы Станіслава Валодзькі) — яе выканаў саліст “Світанка” Сяргей Шабадалаў. І яшчэ ўвесь гурт “Світанак” выканаў песню “Беларускі дом” (музыка Аляксандра Рудзя, словы Станіслава Валодзькі), якая стала гімнам беларусаў Літвы.

Прыгожае, душэўнае Свята беларускай песні атрымалася ў Вісагінасе. Што ж, нашым сябрам можна ганарыцца тым, што ёсць у іх такі знатны, моцны, спеўны гурт “Світанак”. У наступным годзе, дарэчы, Беларускі культурны цэнтр “Крок” адзначаць яго 20-годдзе.

Варта дадаць, што Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры і Вісагінаскі Беларускі культурны цэнтр “Крок” — даўнія сябры, у нас моцныя шматгадовыя дзелавыя і культурныя стасункі. А ў 2016 годзе на Міжнародным фестывалі “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” дзве беларускія ўстановы, з Латвіі ды Літвы, падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Як сведчанне таго, што дзяржаўныя межы для сяброўства — зусім не перашкода.

Марыя Астраўцэвіч, г. Вісагінас, Літва

Голас Радзімы № 11 (3515), чацвер, 16 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter