Дзверы Беларускага культурнага цэнтра ў Кішынёве адкрытыя для ўсіх, хто з павагай ставіцца да Беларусі

Гасцінны дом для сяброў

Дзверы Беларускага культурнага цэнтра ў Кішынёве адкрытыя для ўсіх, хто з павагай ставіцца да Беларусі, паважае беларускі народ, яго самабытную культуру і традыцыі
Дзверы Беларускага культурнага цэнтра ў Кішынёве адкрытыя для ўсіх, хто з павагай ставіцца да Беларусі, паважае беларускі народ, яго самабытную культуру і традыцыі


Да адкрыцця Беларускага культурнага цэнтра ў Кішынёве ўсё гатова

Для ўсёй беларускай дыяспары ў Малдове 2 кастрычніка адбылася важная, гістарычная падзея. А да адкрыцця Цэнтра Беларуская грамада Малдовы ішла больш за 5 гадоў. Спачатку мы працавалі са Славянскім універсітэтам Малдовы, некаторымі іншымі арганізацыямі. За апошнія два гады пры супрацы з малдова-беларускім прадпрыемствам “Керамін Груп”, асабіста яго гендырэктарам Ганнай Бабінай мары сталі яваю. Дарэчы, 8 месяцаў ішоў арганізаваны намі міжнародны конкурс на дызайн-праект цэнтра, у якім перамог “Мінскграмадзянпраект”, архітэктар Маргарыта Міклашэвіч. І хоць БКЦ арганізаваны на грамадскіх пачатках, аднак з адабрэння Прэзідэнта Беларусі, пры падтрымцы Амбасады Беларусі ў Малдове, Міністэрства культуры Беларусі, Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

СМІ ўжо расказалі: Беларускі культурны цэнтр быў адкрыты Прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым пад час яго афіцыйнага візіту ў Малдову. На адкрыцці прысутнічалі Міністр культуры Малдовы Моніка Бабук, намеснік Міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік, Амбасадар Беларусі ў Малдове Сяргей Чычук і дыпламаты Амбасады, іншыя афіцыйныя асобы. Былі запрошаны кіраўнікі, актыў васьмі беларускіх суполак у Малдове, кіраўнікі шэрагу этнакультурных арганізацый. Прыйшлі нашы сябры і ўсе, хто мае інтарэс да Беларусі, малдаўскія  беларусы. Спачатку знаёміліся з выставай пейзажаў мастака Вячаслава Ігнаценкі “Беларусь–Малдова”. Пры ўваходзе ў Цэнтр усіх вітаў вакальны гурт беларускай суполкі “Зорачкі” песняй “Хлеб ды соль”. Міністр культуры Малдовы Моніка Бабук, намеснік Міністра культуры Васіль Чэрнік ацанілі адкрыццё Беларускага культурнага цэнтра ў Кішынёве як важную, радасную культурную падзею не толькі для беларусаў, але і для ўсіх жыхароў Малдовы. Яны падарылі БКЦ кнігі ды сувеніры.


Цёплыя сустрэчы на малдаўскай зямлі

Варта сказаць, што сёння Беларускі культурны цэнтр — гэта памяшканне ў 100 квадратных метраў, падзеленае на дзве зоны. Як уваходзіш, то трапляеш у зону экспазіцыйную. Там створана атмасфера Беларусі: на сцяне ёсць дзяржаўны Герб і тэкст Гімну, побач — дзяржаўныя сцягі Беларусі ды Малдовы. Дарэчы, малюнак сцяны з дзяржаўнай сімволікай стылізаваны пад традыцыйнае беларускае ткацтва, мае характэрны фонавы арнамент. Сама ж экспазіцыя, якая распавядае пра Беларусь, —гэта тэматычныя калажы, што ўспрымаюцца адным блокам. Справа ад уваходу ёсць вялікая карта Беларусі: з дзяленнем на вобласці, гербамі сталіцы і абласных цэнтраў. А вакол карты — фотакалажы, на якіх бачым прыроду, вядомыя помнікі архітэктуры розных рэгіёнаў. Унізе ўздоўж сцяны з картай — подыум, на ім чучалы птушак і звяроў, якія жывуць на тэрыторыі Беларусы. Гэта, дарэчы, зрабіў сябар нашай грамады таксідэрміст Анатоль Брэднеў. А побач на манекенах экспануюцца нацыянальныя беларускія строі. На сцяне злева ад уваходу — аб’ёмная абліцоўка складанай формы, нагадвае тамы кніг. І быццам на вокладках тых кніг змешчаны калажы. Гэта аповед пра гісторыю нашай дзяржавы, пра літаратуру, выяўленчае мастацтве, пра ўдзел Беларусі і беларусаў ў Вялікай Айчыннай вайне, сусветна вядомых людзей — выхадцаў з Беларусі.

У цэнтры экспазіцыйнай зоны ёсць магчымасць размяшчаць аб’ёмныя мабільныя канструкцыі: калі рабіць зменныя экспазіцыі. Прычым канструкцыі зборна-разборныя, захоўваюцца ў спецыяльнай шафе. Канферэнц-зона — у другой частцы памяшкання, ля вялікага акна. Там ёсць стол-трансформер для пасяджэнняў на 22 месцы: яго можна і падзяліць на асобныя модулі, вызваліўшы цэнтральную прастору. Збоку ад вакна ў адным блоку з шафай-купэ — адкрыты стэлаж для беларускай атрыбутыкі, сувеніраў, кніг і альбомаў. Вось які прыгожы атрымаўся ў нас Беларускі культурны цэнтр!


Дырэктар Цэнтра Ганна Бабіна знаёміць гасцей з экспазіцыяй

Старшынёй Цэнтра, нагадаю, абрана Ганна Бабіна. Плануем праводзіць там заняткі нядзельнай школы па вывучэнні беларускай мовы і гісторыі Беларусі, заняткі гуртка выяўленчага мастацтва для дзяцей. Там будуць праходзіць імпрэзы з нагоды народных і афіцыйных святаў, вечарыны, прысвечаныя класікам беларускай гісторыі ды культуры, пасяджэнні савета Беларускай грамады ў Малдове, мастацкія выставы і многае іншае. Увогуле ж дзверы БКЦ адкрытыя для ўсіх, хто з павагай ставіцца да Беларусі, паважае беларускі народ, яго самабытную культуру і традыцыі. У нашых планах — праводзіць сумесныя мерапрыемствы для ўмацавання дружбы і супрацоўніцтва з усімі, хто да нас — з адкрытым сэрцам і дабром.

АД РЭДАКЦЫІ

Беларускі культурны цэнтр размясціўся ў Кішынёве ў Цэнтры па продажах керамічнай пліткі, санітарнай керамікі і спадарожных матэрыялаў “Keramin: Grand Ceramica”, адкрыццё якога адбылося пры ўдзеле Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў верасні 2014 года. Для напаўнення БКЦ выкарыстаны матэрыялы, што былі перададзены Мінкультуры, Мінінфармацыі Беларусі. З улікам того, што ў 2017 годзе будзе адзначацца 500-годдзе пачатку беларускага кнігадрукавання, ёсць ідэя: устанавіць бюст Францыска Скарыны каля аднаго з уваходаў у будынак Цэнтра.

Як стала вядома, прыгожыя словы пад час адкрыцця БКЦ казала кіраўніца Беларускага культурнага руху Малдовы Ганна Мазур. Па нашай просьбе яна даслала прамову ў рэдакцыю. “Мой родны кут, як ты мне мілы!../ Забыць цябе не маю сілы!/ Не раз, утомлены дарогай,/ Жыццём вясны мае убогай,/ К табе я ў думках залятаю/ І там душою спачываю”. Такімі радкамі пачынаецца геніяльная паэма “Новая зямля” беларускага песняра Якуба Коласа. Беларускі культурны цэнтр… Як прыгожа, як годна і прыцягальна гучыць гэта для кожнага беларуса Малдовы! Беларускі культурны цэнтр — гэта як “новая зямля” для беларускай дыяспары: і мара, і вера, і надзея на тое, што кожны просты беларус Малдовы знойдзе тут свой родны куток. І сваю раллю, на якой будзе руплiва тварыць на карысць дзвюх радзім: Беларусі ды Малдовы. А пры тым, што немалаважна, будзе яшчэ і адчуваць сябе гаспадаром сваёй працы... То хай жа так і будзе! Шчыра дзякуем мецэнатцы беларускай дыяспары ў Малдове спадарыні Бабінай Ганне Яўгенаўне за нашу новую зямлю. У добры шлях! Усіх са святам!”

Спадзяемся, дапамогуць напаўняць жыццём, цікавымі справамі БКЦ і актывісты з розных беларускіх суполак свету. І чаму б, напрыклад, не расказаць у Малдове й пра тое, што беларусы жывуць у розных краінах, у тым ліку і на лацінаамерыканскім кантыненце. А можа і гасцей-супляменнікаў з часам змогуць беларусы Малдовы ў сябе прымаць? Так што – хай родзіць на славу гэтая “новая зямля”! Ды плёнам сваёй працы дзеліцца з “Голасам Радзімы”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter