Гасцей паклiкаў Анненскi кiрмаш

У Зэльве аднавiлi традыцыю васемнаццатага стагоддзя

У Зэльве аднавiлi традыцыю XVIII стагоддзя

Са слаўнае Зэльвы спяшае дадому

Купец, распрадаўшы тавары,

Вязе з кiрмашу па дарозе знаёмай

Дукаты свае i таляры.

Так вядомы паэт Ян Чачот узгадвае ў сваёй паэме «Свiцязь» адну з найбольш яскравых па-дзей на беларускiх землях XVIII стагоддзя – Анненскi кiрмаш.

У 1720 годзе ўладальнiк Зэльвы князь Антонi Казiмiр Сапега атрымаў ад польскага караля i вялiкага князя лiтоўскага Аўгуста II прывiлей на правядзенне ў мястэчку штогоднiх таргоў у гонар Дня святой Ганны. Яны доўжылiся цэлы месяц, пачынаючы з 26 лiпеня, i ў хуткiм часе набылi славу аднаго з найбольш буйных кiрмашоў Еўропы. Сюды сцякаўся гандлёвы люд не толькi з Беларусi i Лiтвы, але i з Масквы i Пецярбурга, Варшавы, Рыгi, шматлiкiх расiйскiх губерняў, Прусii i нават экзатычнай Турцыi. Прадавалi шкло i жалеза, хлеб, вiно, тытунь, соль, тканiны. Адмыслова iшоў гандаль коньмi. Як бачна з дакументаў, здаралiся гады, калi лiк iх iшоў на тысячы.

Аб Анненскiм кiрмашы апавядалi падарожнiкi i гiсторыкi, яго згадвалi ў сваiх творах знакамiтыя пiсьменнiкi i паэты. 

 Напрыканцы 30-х гадоў мiнулага стагоддзя традыцыя прыпынiлася. Але, як высветлiлася, не была забыта. Зэльвенцы помнiлi пра сваё свята, i ў 2001-м аднавiлi славуты тутэйшы кiрмаш. Пакрысе ўзнаўляючы традыцыi, правялi тры, апошнi – у 2004-м. Потым – зноў перапынак.

I вось кiрмаш атрымаў яшчэ адзiн шанец – у раёне вырашылi, што унiкальнае свята з магутнымi гiстарычнымi каранямi павiнна стаць вiзiтнай карткай Зэльвеншчыны. Iдэя мясцовых улад знайшла разуменне не толькi сярод жыхароў, якiя пералiчылi ў фонд кiрмашу грошы, заробленыя на суботнiку, але i ва ўпраўленнi культуры Гродзенскага аблвыканкама, якое таксама выдаткавала на добрую справу сродкi. Падтрымка прыйшла i ад аўтарытэтнай мiжнароднай арганiзацыi – ПРААН. Структура Арганiзацыi Аб’яднаных Нацый палiчыла Анненскi кiрмаш годным адра-джэння i развiцця i выдзелiла на яго ўзнаўленне грант у 18 мiльёнаў рублёў.

— Дзякуючы гэтаму мы змаглi ажыццявiць нестандартную iдэю – апрануць удзельнiкаў Анненскага кiрмашу ў касцюмы XVIII стагоддзя, тым самым зрабiўшы крок да гiстарычнай рэкан-струкцыi традыцыйнага свята, — патлумачыў намеснiк старшынi Зэльвенскага райвыканкама Валянцiн Семяняка. – Прадугледзець iншыя дэталi, якiя дапамаглi адрадзiць непаўторную атмасферу беларускага кiрмашу.

I сапраўды, на запрэжаных коньмi брычках, пралётках, вазах перад зэльвенцамi i iх гасцямi праехалi ўсе, хто калiсьцi збiраўся сюды ўлетку: ганарыстая шляхта, яўрэйскiя гандляры, купцы з розных краiн свету, яскравыя цыганы i вясёлыя брадзячыя артысты. Вiтаў гасцей, як i падабае, вяльможны князь Сапега. А ганаровае права адкрыць Анненскi кiрмаш-2010 было даверана старшынi Зэльвенскага райвыканкама Яну Пальчысу.

Вiравала свята ў кожным кутку пасёлка. На цэнтральнай плошчы ў кiрмашовым карагодзе спявалi, iгралi i танчылi гурт старадаўняй музыкi «Корна копiя», фальклорны ансамбль «Сваякi» з Валожына, цыганскi тэатр «Вочы чорныя», шоу «Усходняе». На коннай пляцоўцы праходзiлi конкурс на лепшую павозку, выстава коней розных парод, выступленне Ваўкавыскай конна-спартыўнай школы. У скверы прапанавалi свае творы мясцовыя i заезджыя рамеснiкi. У парку людзей збiралi беларускiя забавы. Хтосьцi спрабаваў адным ударам загнаць у калоду цвiк, хтосьцi з завязанымi вачыма злавiць у начоўцы рыбку, а хтосьцi нават прайсцiся памiж развешанымi гаршкамi, надзеўшы такi самы гаршчок на галаву… Прыемнымi пахамi манiлi ў гандлёвых радах «Смакi па-зэльвенску». 

Канцэрты, гульнi, танцы доўжылiся да позняга вечара, калi аб заканчэннi свята абвясцiлi агнi развiтальнага феерверку.

— Для зэльвенцаў гэты дзень стаў сапраўдным святам, — так падвёў першыя вынiкi кiрмашу старшыня раённага выканаўчага камiтэта Ян Пальчыс. – Тым больш што заснавана яно на багатых гiстарычных традыцыях, якiя заслугоўваюць адра-джэння. Анненскi кiрмаш набу-дзе рэгулярнасць i атрымае новае жыццё. Мы будзем працаваць над тым, каб узнаўляць яго атрыбуты, гiстарычныя рэалii, каб ён стаў сапраўдным кiрма-шом, вядомым, як гэта было раней, ва ўсёй Беларусi. Зэльвеншчына мае магчымасць запрасiць гасцей не на адзiн дзень. Тут ёсць добрыя гасцiнiцы, прыгожыя аграсядзiбы. Зацiка-вiўшыся нашым краем, людзi могуць застацца на адпачынак i, упэўнены, правесцi яго так, што хопiць энергii, сiл i жадання плённа працаваць увесь год.

Што ж датычыць Гродзеншчыны ў цэлым, то нельга не адзначыць: асаблiвыя, арыгiнальныя святы тут ладзяцца ў большасцi раёнаў. Бадай што кожны мае сваю культурную вiзiтную картку. Вось i мiнулыя выхадныя вызначылiся трыма: апрача Зэльвы, фестывалi прайшлi на Ашмяншчыне, ля сцен Гальшанскага замка, i на Аўгустоўскiм канале, дзе адбылося свята трох культур – беларускай, лiтоўскай i польскай. Аб iх таксама паведамiць наша газета.

На здымку: у час свята.

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter