У Беларусі сёння прывыкаюць да міру перасяленцы з Украіны, Сірыі, Йемена, Афганістана

Гасцінны водбліск дабрыні

Ваенныя канфлікты, якія ўсё часцей успыхваюць у розных кутках свету, прымушаюць мільёны людзей пакідаць родныя дамы. Шлях да звычайнага жыцця для многіх часам вымяраецца тысячамі кіламетраў. У Беларусі сёння прывыкаюць да міру перасяленцы з Украіны, Сірыі, Йемена, Афганістана. Сотні сем’яў знайшлі прытулак на паўднёвым усходзе краіны.

Гомельская вобласць у выніку геаграфіі апынулася бліжэйшай для грамадзян Украіны, якія вырашылі пакінуць зону ваеннага канфлікту на Данбасе. Другі год бясконцы паток украінскіх перасяленцаў ідзе праз паўднёва-ўсходні рэгіён Беларусі. Маладыя людзі, старыя, сем’і з маленькімі дзецьмі асядаюць у раёнах, якія мяжуюць з радзімай. На новым месцы галоўнае — дах над галавой і работа.

Аграгарадок Урыцкае — буйны населены пункт, куды першапачаткова накіраваліся сем’і з Данецкай і Луганскай абласцей. У пасёлку ёсць два буйныя аграпрадпрыемствы, дзе разам з работай прапаноўвалася і жыллё. У адным з іх — ААТ  “Камбінат “Усход” — цяпер па-новаму будуюць жыццё амаль 15 украінскіх сем’яў. Дырэктар камбіната Дзмітрый Корж дзеліцца ўражаннямі, назапашанымі за апошні год:


Перасяленец з Украіны Уладзімір Стахаў
— Магу сказаць, што прыехалі людзі з жаданнем працаваць і зарабляць. Старанныя, адказныя. Ніякіх нараканняў. Затое ёсць відавочныя “набыткі”. Перасяліўся да нас з Горлаўкі малады чалавек з жонкай. Прынялі гандлёвым агентам. Яго веданне замежных моў вельмі дапамагае нам у стасунках з замежнымі партнёрамі. Спатрэбіўся і досвед яго работы ў сродках масавай інфармацыі. Цяпер выпускаем уласную газету “Усходнія ведамасці”.

Намеснік дырэктара прадпрыемства Наталля Самафалава адгукаецца на маё жаданне сустрэцца з тым самым гандлёвым агентам Уладзімірам Стахавым з Горлаўкі. У Беларусі ён і яго жонка сярод першых перасяленцаў. Наталля Мікалаеўна апярэджвае знаёмства:

— Вельмі пазітыўная моладзь. Нягледзячы на тое, што прайшлі і перажылі, заўсёды з добрым настроем. Таму ў калектыў лёгка ўліліся, усё ў іх паступова складваецца. А нашы людзі, вядома, падтрымліваюць. Бо ўсе разумеюць, што не ад добрага жыцця яны пакінулі сваю краіну.

І сапраўды — спачатку з’яўляецца ўсмешка, потым узнікае Уладзімір. Гатовы гаварыць пра ўсё, толькі не пра вайну. Ва Урыцкім — не выпадкова. У жонкі тут сваякі. Таму перш за ўсё, калі дома пачалі развівацца сумныя падзеі, вырашылі адправіцца ў Беларусь. За плячыма Уладзіміра выкладанне англійскай мовы, работа ў камерцыйных кампаніях, інтэрнэт- і тэлежурналістыцы:

— Шчыра кажучы, мяне дагэтуль не пакідае адчуванне, што ўсё неяк лёгка атрымалася, хоць былі апаскі, што ў чужой краіне можа ўзнікнуць шмат цяжкасцяў. Але прайшоў афармленне ў міграцыйнай службе Беларусі. І вось нармальная работа — на прадпрыемстве прынялі і паверылі, дах над галавой — далі  службовае жыллё, заняткі для душы — тая ж газета і яшчэ занятак музыкай. Адкрыліся магчымасці, і хочацца іх дастойна выкарыстаць, давер апраўдаць. Адносіны людзей добрыя. Усе стараюцца дапамагчы.

Па новым адрасе

Для першых сірыйскіх сем’яў, якія ў лютым гэтага года прыехалі абжывацца ў Беларусь, пунктам адліку стаў пункт часовага размяшчэння, сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі бежанцаў Гомельскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей. Менавіта тут 14 грамадзян блізкаўсходняй дзяржавы пачыналі жыццё з чыстага ліста.

Некалькі месяцаў пайшло на афармленне патрэбных дакументаў, прывыканне да простых рэчаў, навучанне рускай мове на курсах. Увесь гэты час ім дапамагалі работнікі цэнтра. Па многіх жыццёвых пытаннях суправаджаюць і сёння. Аднак цяпер у сем’яў з’явілася ўласнае жыллё. Тут ужо ўключыўся іншы рэсурс. Падрабязней пра гэта падчас чарговага візіту ў Гомель расказаў прадстаўнік упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН) Жан Іў Бушардзі:

— Кватэры былі купленыя ў рамках сумеснага з Урадам Беларусі праекта УВКБ ААН. Акрамя таго, гэтым сем’ям выплачваем штомесячную дапамогу, суправаджаем юрыдычна, дапамагаем у пошуку работы, адаптацыі. Падобная практыка будзе распаўсюджвацца і на іншыя рэгіёны Беларусі. Паводле апошніх дадзеных, сёння каля 100 сірыйскіх грамадзян папрасілі прыстанішча ў Рэспубліцы Беларусь.

Шматпавярховыя дамы, дзе новыя кватэры абжываюць тры сірыйскія сям’і, размешчаныя ў мікрараёне новабудоўляў. Побач дзіцячая паліклініка, буйныя гандлёвыя цэнтры, школа, Лядовы палац і Палац водных відаў спорту. Месца сапраўды камфортнае. З галавамі дзвюх сірыйскіх сем’яў дамаўляемся сустрэцца ля пад’езда. Ужо ведаю, што абодва нядрэнна валодаюць рускай мовай. Дзеля цікавасці ўдакладняю:

— Асвоілі мову за паўгода жыцця ў Гомелі?

Аказваецца, Мухамед Чэко, які прыехаў з Сірыі з жонкай і двума дзецьмі, раней бываў у Маскве:

— Даводзілася некаторы час там працаваць. Таму ведаю рускую мову на простым бытавым узроўні. І калі прапанавалі асталявацца ў Беларусі, мы пагадзіліся. Бо ў нас вайна. Быў дом, свой магазін — нічога не засталося. Мы па нацыянальнасці курды. Так што наўрад ці выжылі б. Два гады назад перабраліся ў Ліван. Потым вось у Беларусь.

Яго таварыш па перасяленні Чабат Хаісам, у якога жонка і двое дзяцей, з рускай мовай знаёмы не па чутках. У Харкаве (Украіна) атрымліваў фармацэўтычную адукацыю. Гаворыць, калі пасля ўцёкаў з Сірыі з’явіўся беларускі варыянт, доўга не разважалі. У цэлым уяўлялі, куды едуць:

— Я разумею тутэйшых людзей і магу гаварыць. Жонцы і дзецям, вядома, больш складана. Таму адразу ж адправіліся на курсы рускай мовы пры мясцовым універсітэце.


У сірыйскіх перасяленцаў Імада і Сазы Ахмад чацвёра дзяцей

 У гэтым сэнсе складаней за ўсё аказалася трэцяй сям’і — шматдзетнай. У Імада і Сазы Ахмад чацвёра дзяцей. Чакаюць пятага малога. У іх сям’і ён стане першым, які нарадзіўся ў Беларусі. На рускай мове з дамачадцаў ніхто не гаворыць. Тым не менш, напрошваюся госцем у іх новы дом. Дзятва адразу з’яўляецца з пакояў. Малодшыя члены сям’і, аказваецца, гатовыя мець зносіны. Маё пытанне з парога:

— Як справы?

У адказ хорам з-за бацькавай шырокай спіны:

— Добра!

Сустракае гаспадыня дома: маладая жанчына з пакрытай галавой. Паказвае прасторную кватэру. Імад усміхаецца:

— Жыллё — добрае. Пакоі вялікія. Мова — вось што пакуль самае складанае. Вядома, паволі асвойваем. Я ўжо магу вымавіць назвы страў.  

 Імад — повар. З работай яму пашанцавала практычна адразу. Суайчыннік, які даўно пераехаў у Беларусь, валодае ў Гомелі прыватнам рэстаранам. Ён і прапанаваў яму вакантнае месца:

— Я не проста знайшоў работу. Я займаюся справай, якую ведаю і якую люблю.

У рэстаране не хаваюць: Імад — знаходка. Не проста адказны, старанны, дружалюбны, але і прафесіянал сваёй справы. Гатуе так, што ўжо ёсць свае кліенты:

— Заказваюць стравы ў яго выкананні.



З Йемена да беларускіх каранёў

Апошнія некалькі гадоў Гомельскі гарадскі пункт часовага размяшчэння, сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі бежанцаў, на жаль, не пустуе. Колькі ж людзей з самых розных куткоў свету, якія шукаюць спакойнае жыццё, тут ужо пабывала. Мяне знаёмяць з побытам, які чакае вымушаных мігрантаў  у пункце перасяленцаў.

Прасторныя пакоі — “кватэры”, неабходная мэбля, двух’ярусныя ложкі. Санітарна-бытавыя ўмовы на паверсе. Прадумана і тое, чым сябе заняць, калі ёсць вольны час. Расказваюць і паказваюць работнікі пункта:

— Перасяленцы прыязджаюць цэлымі сем’ямі. Шмат дзяцей. Таму ў нас прадугледжаны розныя віды вольнага часу. Напрыклад, заняткі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Нашы жыхары паказваюць, што яны ўмеюць. Мы навучаем іх беларускай народнай творчасці.

Ідзём  далей па калідоры. У адным з жылых пакояў перасякаемся з “навасельцамі” з Йемена. У Беларусь прыехалі два тыдні назад. Кіраўнік сям’і Ахмеда Аль-Фідзіі бярэ на рукі маленькую дачушку:

— У нас чацвёра дзяцей. Дзеля іх і пакінулі дом. Зусім блізка падышлі баявыя дзеянні. Абстрэлы, выбухі. Вырашылі ратавацца. Але Беларусь выбралі не выпадкова. Жонка адсюль родам.

Пазнаёміцца з жонкай, на жаль, не ўдаецца. Аказалася, той самы час, калі яна пайшла з двума старэйшымі хлопчыкамі на курсы рускай мовы. Дзецям трэба падцягнуць веды, каб лягчэй было на занятках у школе:

— Мы не сталі адкладаць гэта на потым. Важна, каб дзеці хутчэй адаптаваліся ў новым асяроддзі, у іх з’явіліся сябры. Мы і самі з першых дзён прыезду ў пошуках работы. Абодва — медыкі. Я хірург. Працаваў у клініцы. Трэба будзе пацвердзіць сваю ўрачэбную кваліфікацыю, як таго патрабуе беларускае заканадаўства. Спадзяюся, у нас тут усё складзецца.

Віялета Дралюк, dralukk73@mail.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter