Многодетная мать из Бреста создала студию красоты благодаря государственной субсидии

Гаспадыня дзявочага салона

Доўгавалосая бландзінка з пушыстымі вейкамі, акуратным макіяжам і модным манікюрам. 38-гадовая Ганна Лукашэвіч больш нагадвае ляльку Барбі, чым шматдзетную жанчыну. Пасля нараджэння траіх дзяцей яна не толькі не перастала сачыць за сваім знешнім выглядам, але і ператварыла прыгожае хобі — сучасныя б’юці-працэдуры — у прафесію. Не без падтрымкі дзяржавы. Падрабязнасці даведалася карэспандэнт «Р».

Метамарфозы прафесіі: былая медсястра з дыпломам псіхолага цяпер мае ўласную студыю эстэтычнай касметалогіі і перманентнага макіяжу.

Трэцяя спецыяльнасць


Дзевяць гадоў таму Ганна нарадзіла другога сына, Андрэя, а яшчэ праз два — і трэцяга, Кірушу. Звычайна ў «двайным» дэкрэце мамы з галавой паглыбляюцца ў клопаты пра дзяцей і дом. А тут, наадварот, адкрылася другое дыханне — захацелася навучыцца чаму-небудзь новаму. Пайшла дзеля самой сябе на курсы масажу, потым візажу. Асвоіла тэхнікі дэпіляцыі, манікюру і педыкюру, ламініравання веек, касметалогіі і перманентнага макіяжу, міні-тату. Усе тэхналогіі праверыла на сабе, любімай, а потым і на іншых.

— Мы тады жылі ў інтэрнаце, — узгадвае гераіня. — Даведаўшыся, што я магу рабіць вейкі і бровы, да мяне сталі самі звяртацца дзяўчаты, якія жылі па суседстве. Хіба адмовіш! Тым больш трэба практыкавацца.

Па адукацыі Ганна Лукашэвіч медсястра. Працавала ў стацыянары ў розных аддзяленнях — ад неўралогіі да пульманалогіі, а апошнім часам у рэанімацыі. Знаходзіць кантакт з пацыентам дапамагала другая спецыяльнасць — псіхолага-выкладчыка. Сыходзіць з бальніцы думкі не ўзнікала. Але калі выйшла з трэцяга дэкрэтнага на працу, адчула, што стала востра не хапаць часу на мужа і дзяцей. Сышла, як кажуць, у нікуды. А праз некаторы час зарэгістравалася ў службе занятасці насельніцтва.

Яе супрацоўнікі паведамілі, что дзяржава выдае субсідыі на адкрыццё ўласнай справы. Ганна падумала: а чаму б не паспрабаваць рэалізаваць сябе ў новым накірунку? У такім выпадку час можна планаваць з улікам сямейных патрэб.

Перш чым атрымаць субсідыю, Ганна Лукашэвіч прайшла бясплатнае навучанне па прадпрымальніцкай дзейнасці ў Брэсцкім цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых.

— Мала таго што мне трапіліся вельмі добрыя выкладчыкі, якія даступна ўсё тлумачылі і расклалі літаральна па палічках складаныя юрыдычныя пытанні, — падзялілася ўражаннямі прадпрымальніца. — Па сутнасці, пад іх уважлівым кіраўніцтвам я складала неабходны пакет дакументаў для атрымання субсідыі, у тым ліку бізнес-план.

Апартаменты павінны быць сучаснымі


У пачатку сакавіка субсідыя ў памеры дзве тысячы сто шэсцьдзясят рублёў была на руках. Да гэтага часу Ганна зарэгістравала ІП. Спачатку арандавала невялікае памяшканне ў гасцініцы «Беларусь». Пакойчык, які з савецкіх часоў не бачыў рамонту, ператварыўся ва ўтульную сучасную студыю — на гэта патрачана амаль палова сродкаў. Дзяўчаты, якія раней звярталіся да Ганны, наведаўшы студыю ўпершыню, не шкадавалі кампліментаў.

Частка субсідыі выкарыстана на рамонт арандаванага памяшкання.

Іншыя набыткі — апарат для перманентнага макіяжу і якасныя матэрыялы для б’юці-працэдур.

Дэфіцыту ў наведвальніках нават напачатку сваёй дзейнасці прадпрымальніца не адчула. Па сутнасці, змяніліся толькі статус і месца аказання паслугі, а ўсе пастаянныя кліенты засталіся. Тым больш што паўтара месяца таму Ганна пашырыла сваю прадпрымальніцкую дзейнасць — стала займацца падрыхтоўкай іншых спецыялістаў па тэхналогіях ламініравання і нарошчвання, выкладае курс па бровах. Дакументы аб заканчэнні навучання ўжо атрымалі пяць дзяўчат.

Ганна прызнаецца, што ў абласным горадзе вялікая канкурэнцыя ў сферы індустрыі прыгажосці — трэба сачыць за навінкамі і пастаянна павышаць кваліфікацыю. Але адна з яе сур’ёзных пераваг — псіхалагічная і медыцынская адукацыя.

— На маю думку, медыцынская падрыхтоўка павінна быць ва ўсіх, хто займаецца касметычнай справай, — лічыць Ганна. — Бо мы ж маем справу са скурай, валасамі, слізістымі абалонкамі, не выключана рызыка інфекцый, пашкоджанняў.

Сярод паслуг — мадэляванне, афармленне і догляд за брывамі.

У студыю — подбегам


Ламініраванне веек ад Ганны Лукашэвіч абыдзецца ў 40 рублёў, перманентны макіяж губ і броваў — 160, вачэй — 150—160. У асноўным звяртаюцца жанчыны ва ўзросце трыццаць плюс, род заняткаў і статус самы розны.

За дзень прымае ад адной да пяці наведвальніц. Бывае, што дзень пусты, і яго прадпрымальніца праводзіць дома з сям’ёю. Аб радыкальнай змене прафесіі не шкадуе. Канстатуе, што ў заробку адназначна выйграла, а што тычыцца графіка працы, то і тым больш. Сама сабе гаспадыня.

— Шчыра прызнаюся, што мне нават цяжка назваць сваю цяперашнюю працу працай, — дзеліцца новым светаадчуваннем Ганна. — Проста жыву сваёй студыяй. У кабінет іду з радасцю, з радасцю сустракаю кожную жанчыну. Уздымаецца настрой кожны раз, калі ад мяне вяртаюцца са ззяннем у вачах. Нават муж мой, які быў напачатку катэгарычна супраць новага занятку, заўважыўшы такія змены, зразумеў, што не меў рацыі.

Ганна ЛУКАШЭВІЧ: «Іду з радасцю на працу і таму, што мне падабаецца, як кабінет абсталяваны на мой густ».

Зараз прадпрымальніца падумвае над тым, каб узяць да сябе на працу майстра.

— Гэта ўжо больш адказна, чым спраўляцца адной, — гаворыць гераіня. — Хочацца знайсці добрасумленнага чалавека, якому можна давяраць як сабе самой.

ЛІЧБА

Як паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама, у першым паўгоддзі ў рэгіёне атрымалі беззваротныя субсідыі ад дзяржавы 100 чалавек. 82 з іх прайшлі навучанне асновам прадпрымальніцкай дзейнасці за бюджэтныя сродкі. Спецыялісты адзначаюць, што з часам колькасць жадаючых скарыстацца матэрыяльнай падтрымкай на адкрыццё сваёй справы скарачаецца: усе, хто хацеў стартаваць у бізнесе, паспяхова распачалі яго.   Сярод найбольш запатрабаваных відаў дзейнасці, па якіх выдзелены сродкі, — будаўнічыя, аддзелачныя і рамонтныя работы, цырульніцкія і камп’ютарныя паслугі, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт аўтамабіляў.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter