Народная газета

Гаспадыня Дварца

На якіх людзях сяло трымаецца

Сустрэнь Веру Сямёнаўну дзе-небудзь у таўханіне мегаполіса — больш як шэсцьдзясят ёй не даў бы. Бойкая, усмешлівая. З абурэннем адмовілася ад маёй рукі, узбіраючыся на высокую прыступку сельскага Дома культуры. Спраўна расцягваючы мяхі цяжкага баяна, галасіста зацягнула крык душы ўсіх часоў і народаў: “Навошта вы, дзяўчаты, прыгожых любіце?” Чалавек-эпоха — інакш і не скажаш пра гэтую дзіўную жанчыну, якая сціпла жыве ў 12 кіламетрах ад Дзятлава.


У канцы пяцідзясятых — пачатку шасцідзясятых гадоў у СССР прагрымела некалькі гучных крымінальных працэсаў па нацысцкіх паслугачах. Палонныя гітлераўцы да таго часу нашу краіну пакінулі, але для былых паліцаяў і іншых карнікаў з мясцовых адплата не мела часавага абмежавання. Адзін з працэсаў праходзіў у 1960 годзе — гаворка ішла пра забойства на Дзятлаўшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны 7870 яўрэяў. Гэтыя няшчасныя былі вязнямі гета, арганізаванага карнікамі ў вялікай вёсцы Дварэц. Нядзіўна, што ўвесь Дзятлаўскі раён у 1960-м жыў пачуццём праведнага абурэння і адплаты. Менавіта на такім эмацыянальным фоне ў гэты год прыйшла працаваць у Дварэцкі сельсавет 23-гадовая Вера Сёмуха. І праз сем гадоў узначаліла яго — на цэлыя тры дзесяцігоддзі.

— Я доўга не давала згоды, — смяецца Вера Сямёнаўна. — Прыехаў асабіста старшыня райвыканкама Сяргей Кабяк, правёў сход. Мяне выбралі старшынёй, уручылі ключы ад сельсавета, а я іх Кабяку на стол: “Не буду працаваць!”. А ён мне іх назад: “Будзеш!” Паставіла ўмову: “Дапамажыце будматэрыяламі”.

Гэта было адно з самых балючых пытанняў у той час. Рэспубліка ўжо акрыяла ад вайны, нават аднаўляла разрабаваную гітлераўцамі гістарычную спадчыну. Велізарная вёска Дварэц у гэтым плане магла даць фору многім іншым: вядомы з пачатку XV стагоддзя маёнтак князёў Даўгалдовіча і Свідрыгайлы, літоўскага канцлера Кезгайловіча і магнатаў Завішаў меў багатае мінулае. Але вельмі незайздроснае ў тыя гады сучаснае:

— Пабудаваць або пашырыць свой дом для вяскоўцаў было велізарнай праблемай. Шыфер, лесаматэрыялы — усё ў дэфіцыце. Людзі ішлі ў сельсавет, я тузала райвыканкам і райкам партыі. Прасіла, угаворвала. Другой па значнасці была праблема недахопу паліва. Спецыяльна ездзіла на торфазавод у Ліду, дамаўлялася пра пастаўкі торфабрыкетаў. З аднаго боку, усё гэта было вельмі няпроста. З другога — не перадаць адчуванні, калі атрымлівалася зняць тую ці іншую праблему з парадку дня. Аўтарытэт Дварэцкага сельсавета ў вяскоўцаў рос устойліва.

Ды не толькі ў вяскоўцаў. Паўнапраўны гаспадар Дзятлаўшчыны — першы сакратар райкама партыі Іван Крыжаноўскі — па прыездзе ў Дварэц перш за ўсё ішоў у сельсавет. А Веру Сёмуху ўсё часцей запрашалі ў райкамаўскую залу прыёмаў. Слава пра нетрывіяльную, бескарыслівую і працавітую сельсаветчыцу, узорнага прадстаўніка савецкай улады дасягала і Мінска, і Масквы. Яе ўзнагародзілі ордэнамі “Знак Пашаны”, Дружбы народаў. У постсавецкі час паслужны спіс Веры Сямёнаўны папоўнілі Лісты падзякі Прэзідэнта, шматлікія граматы Гродзенскага абласнога і Дзятлаўскага раённага выканкамаў. Ёсць і падзяка мясцовага аддзела ўнутраных спраў, атрыманая ў 1997-м. Зрэшты, падобная грамата магла б з’явіцца і раней. Напрыклад, у васьмідзясятыя, калі ціхую Дзятлаўшчыну шакіравала агідная вестка.

— Вучаніцу другога класа нашай школы знайшлі згвалтаванай і забітай, — успамінае тыя страшныя дні Вера Сёмуха. — На пошукі злачынцы былі мабілізаваны ўсе — і раённыя ўлады, і міліцыя, і насельніцтва. Сельсавет быў у эпіцэнтры гэтай работы. А ў мяне — нейкае чуццё, ці што? — усё не выходзіў з галавы мясцовы хлопец, якога сустрэла напярэдадні. Неяк дзіўна сагнуўшыся, ён прамільгнуў міма, несучы батон пад пахай. Падзялілася з міліцыяй. Затрыманы неўзабаве злачынец і быў менавіта ім.

Непаўналецце выратавала яго ад немінучага расстрэлу, а сельсавет — ад суда Лінча. Вера Сямёнаўна і сёння ўздыхае:

— Вельмі няпроста было перажыць тое, што здарылася. Але яшчэ цяжэй — ўтрымаць людзей ад новага злачынства. У сельсавет ішлі цэлымі групамі, абрывалі мой тэлефон — патрабавалі назваць імя нягодніка. З вялікай цяжкасцю ўдалося захаваць гэта да пары да часу ў таямніцы. На пахаванне дзяўчынкі прыйшлі людзі з усіх навакольных вёсак, сітуацыя магла ў любы момант стаць некіруемай. Прыйшлося супакойваць людзей, тлумачыць, што злачынец атрымае сваё па законе. Ён атрымаў 10 гадоў турмы, а па выхадзе на свабоду змяніў месца жыхарства.
Нават нядоўгіх асабістых зносін з гэтай жанчынай хапіла, каб у галаве самі сабой усплылі словы Аляксандра Салжаніцына: “Усе мы жылі побач з ёй і не зразумелі, што ёсць яна той самы праведнік, без якога, паводле прымаўкі, не стаіць сяло. Ні горад. Ні ўся зямля наша”. Жыхары Дварца, зрэшты, выдатна гэта разумеюць.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Калодка распавядае:

— Сёмухі — дынастыя юрыстаў у нашым раёне. Чалавечная, адказная і працавітая. Пагадзіцеся, вельмі нетрывіяльны патомны выбар, але гэта факт. Сама Вера Сямёнаўна, якая трыццаць гадоў узначальвала найбуйнейшы сельсавет Дзятлаўшчыны, пастаянна сутыкалася ў працы з юрыдычнымі спрэчкамі. Пазней скончыла Усесаюзны юрыдычны завочны інстытут. Юрыстам працуе і яе нявестка. А сын, Сяргей Сёмуха, ужо два дзесяцігоддзі з’яўляецца старшынёй Дзятлаўскага раённага суда.

Нават будучы на пенсіі, Вера Сямёнаўна застаецца нефармальным цэнтрам душэўнага прыцягнення. А сама гаспадыня, паміж справай кормячы курэй, кажа:

— Ну чаго пра мяне пісаць? Пра маладых лепш пішыце. Бо цяперашняя моладзь вельмі добрая. Проста сёння шмат хто хоча ўсё і адразу. А так не бывае. Вось, калі папрацуеш, тады ўсё і будзе.

Автор фото: Сергей ЛОЗЮК
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?