Бясконца чароўная... Аўтарскi праект Уладзiмiра Цвiркi. Гаспадарчыя пабудовы

Гаспадарчыя пабудовы

У вясковай сядзiбе ўсё падпарадкавана строгаму парадку, заснаванаму на жыццёвай мудрасцi продкаў


Забег праведаць сваiх суседзяў i блiзкiх сваякоў — дзядзьку Уладзiка i вельмi ветлiвую, здаецца, заўсёды ў добрым настроi цётачку Марыльку.

На вулiцы, на лаўцы, дзядзькi не было, у двары таксама. Гучна патупаўшы па шырачэзных дошках невялiчкага ганка i прайшоўшы ў трохi цьмяныя сенцы, пастукаў у дзверы, якiя вялi ў пакоi хаты.

— Ой, што ты ўжо так тупаеш‑грукаеш, — пачуўся трошкi сiплы галасок суседкi. — Уваходзь ужо. Я цябе заўважыла праз акно, калi ты яшчэ па вулiцы iшоў. Адразу здагадалася, што да нас. А да каго ж яшчэ, калi не да нас завiтаць, справiцца, як тут старыя патроху кiдаюцца? Дзякуй.

У той жа момант на стале ў кухнi з’явiлася мiска з жаўцюткiмi пернiкамi i невялiкi сподачак з варэннем прыкладна таго ж колеру.


— Частуйся. Не пагрэбуй, пачастуйся, чым я яшчэ пад старасць магу здзiвiць, — тупаючы ля стала, гаманiла цётачка. — Як у горад з’ехаў, ты ў нас рэдкi госць. Вось гэты, гэты надта ж румяны. Дзе такiя пакаштуеш? Ды цi ўмее хто яшчэ, каб вось так? Ты, мо, па справе, а я тут язык не ўкладаю.

Частуючыся пернiкамi, распавёў, што я, вядома ж, забег наведаць iх, а заадно звярнуцца да гаспадара па параду невялiчкую. Спытаўся, дзе ён, дарэчы, падзеўся. У двары не вiдаць было.

— Дык ён на задворку, у майстэрнi ўжо зранку сядзiць, — адказала гаспадыня. — Нарэшце зэдлiк для мяне даробiць, даўно пачаў. Кароўку каб даiць зручней, а то стары зэдлiк ушчэнт рассыпаўся. Ну ты ж ведаеш, там за хлявом, пад дахам гумна, невялiчкi трохсценак прыбудаваны. Там ён i будзе.


Падзякаваўшы за пачастунак, выйшаў у двор. Сонца паднялося яшчэ вышэй i пачало прывольна i бадзёра пераскокваць з даху на дах вясковых хатак ды гаспадарчых пабудоў, якiх было неверагоднае мноства. Розных памераў i расфарбовак, а галоўнае, рознага прызначэння.

Вось менавiта пра гаспадарчыя пабудовы i пойдзе размова ў маёй чарговай замалёўцы.

На першы погляд, будынкi ў гаспадарцы туляцца хаатычна, неўпарадкавана. Дзе было месца, там i збудавалi, там яны i стаяць. Але гэта далёка не так.

А вось i дзядзька Уладзiк, убачыўшы мяне, выйшаў насустрач яшчэ здалёк, павiтаў добрымi словамi i шчырай усмешкай. Пачуўшы, што мяне гэтым разам цiкавяць гаспадарчыя пабудовы, iх прызначэнне i назвы, ён з задавальненнем пагадзiўся правесцi экскурсiю, а заадно — а чаму б i не? — пахвалiцца, якую ён за сваё жыццё пабудаваў нерухомасць.


— Адразу ж агаваруся, — пачаў ён, — падчас майго расповеду буду даволi многа ўспамiнаць ды ставiць у прыклад гаспадарку маiх бацькоў, якая была ўзорам ў гэтым плане, мо, нават лепшай ва ўсёй вёсцы. Ну што, патаньчым да хаты? Тут у мяне невялiчкi прыбудовак, цi навес, якi выкарыстоўваецца як драўнiца. Асноўныя дровы, яны далей, у канцы хлява. А сюды я iх таксама прыношу, каб гаспадыньцы браць у печ было блiжэй, калi мяне няма дома, напрыклад, пайшоў да суседкi, — смяецца. — У бацькi майго на гэтым месцы стаяла клець, цi свiран, дзе надзейна захоўвалiся нейкiя прадукты, сезонная адзежа, частка зерня для памолу на хлеб цi на тыя ж аладкi. На палатках у клецi цi на паддашку можна было нават пераначаваць. Што моладзь часта i рабiла, каб бацькоў не турбаваць, калi позна вярталiся з гулянак.

— Далей у мяне хлеў, якi ў бацькоў маiх пачынаўся са стопкi, што стаяла, здаецца, пад адным з iм дахам. Тут захоўвалася частка бульбы, iзноў жа, каб блiжэй да хаты. У стопцы нават былi невялiчкiя печы: i прыгатаваць жывёле, свiнням, напрыклад, i каб у халодны час цяплей было i бульба не памерзла, асаблiва калi яна iшла на пасеў.

— Хлеў, бачыш, у мяне на двое дзвярэй, — працягваў дзядька Уладзiк. — За першымi ў загародках кароўка стаяла, цялушка аднагадовая, ну i парка цi болей парасят. Калолi пад восень ды пад Калядкi. За другiмi дзвярыма раней авечкi былi, чародка галоў на пяць‑сем, ды да iх яшчэ ягняты прыкiдвалiся. Там жа стаяла сячкарня. Палок для яе на калодках, а на палатках ва ўсю даўжыню — сена пад страхою. У бацькоў жа для сена была ўзведзена асобная пабудова, адрынай называлася. У ёй таксама маглi захоўвацца снапы, а пасярэдзiне нават быў прасторны ток для малацьбы снапоў. 


Больш за ўсё ў адрыне мне падабалiся вароты — шырачэзныя! Адчынiш — поўны будынак святла! Заязджалi з вазамi туды праз тыя вароты. Дах вышынёю з два хатнiх. Колькi там птушак розных тулiлася! Кажанам i тым даспадобы бэлькi ды кроквы прыходзiлiся. Яшчэ пабудовы для захоўвання сена называлi сяннiцамi, пунямi. 

Будавалi iх у залежнасцi ад таго, наколькi вялiкi статак жывёл быў у гаспадароў. А коней калi парка — вось i лiчы, колькi таго сена на ўсiх патрэбна. Ды зiмы былi некалi, о! Не тое што цяпер. Якая цяпер зiма — сморгi нейкiя, прабач.

Стары падвёў мяне да невялiчкага гумна, якое стаяла за хлявом.

— У свой час яно, вядома ж, выкарыстоўвалася па прызначэннi. А зараз якiя снапы, якая малацьба. Але яно ў мяне не пустуе. Там i старыя жорны, i плуг з баранамi. Граблi, косы, сякеры з лапатамi на падворку не валяюцца. Таму жонка мяне хвалiць трохi, нават суседу ў прыклад ставiць. Ён менавiта за гэта яе i недалюблiвае… А вось i мая майстэрня.


Ад гумна амаль да тарцовай сцяны хлява цягнуўся, абапiраючыся на тоўстыя слупы, навес. Сцяна была толькi ад бульбянога поля, што надавала гэтай пабудове ўтульнасць. Тут стаяў дзядзькаў драўляны вярстак, старое кавадла i мноства iншых прылад ды прыстасаванняў. Там‑сям ляжалi дошкi, жэрдкi, нейкiя чурбiны, падобныя на калоды вуллi.

— Як холадна — у гумне калупаюся, а калi цяплей — свае косцi сюды цягну, — прамовiў Уладзiк. — Адсюль уся гаспадарка як на далонi. Сюды нават мая Марылька есцi прыносiць. Бывае, проста разам пасядзiм па‑старыкоўску.

— Ну што яшчэ? А! Вунь там, за садам, склеп. Ён у мяне i сёння ў зямлю ўкапаны. Толькi час ад часу сценкi папраўляю, глебу, што абрушылася, на паверхню высыпаю. Колькi год, а сухi ў любую паводку. Пакуль не бачу патрэбы перарабляць. А ў самiм садзе, у куце, невялiчкая лазня. Заходзь пад вечар, калi па гаспадарцы ўправiшся. Мо, з горада пiўка прывёз? Захапi бутэлечку, па шклянцы пацягнем, а астатняе на камянi… пах такi мне дужа падабаецца. Ад квасу хлебнага лепшы, але ўжо ўвесь разышоўся. Ну дык што? Зойдзеш? А потым… У мяне недзе кiлiшак моцнай захаваны, з табой i мне Марылька дазволiць трошкi прыкласцiся.

v‑cvirko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter