Гаспадар вялiкi Шчучын

Даўно тое было. Шмат гадоў нёс ужо сiвы бацька-Нёман свае воды, калi ўпершыню ў Лiтоўскай метрыцы быў узгаданы Шчучын – 1537-ы. Атрымаўшы ў 1761 годзе Магдэбургскае права, горад набыў i свой герб. Яго выяву i дэманструе педагог-мастак Мiхаiл Чарна­дзедаў: на блакiтным полi шчыта месцiцца залатая карона, а пад ёй — срэбная манаграма “I”, “S”. Менавiта Мiхаiл знайшоў у старадруках фамiльны герб аднаго з уладальнiкаў Шчучына Iгнацiя Сцыпiёна, якi ў свой час быў надворным маршалам Вялiкага княства Лiтоўскага. Той стары герб узялi за аснову, i з 2006 года ён з’яўляецца афiцыйным сiмвалам горада...

Даўно тое было. Шмат гадоў нёс ужо сiвы бацька-Нёман свае воды, калi ўпершыню ў Лiтоўскай метрыцы быў узгаданы Шчучын – 1537-ы. Атрымаўшы ў 1761 годзе Магдэбургскае права, горад набыў i свой герб. Яго выяву i дэманструе педагог-мастак Мiхаiл Чарна­дзедаў: на блакiтным полi шчыта месцiцца залатая карона, а пад ёй — срэбная манаграма “I”, “S”. Менавiта Мiхаiл знайшоў у старадруках фамiльны герб аднаго з уладальнiкаў Шчучына Iгнацiя Сцыпiёна, якi ў свой час быў надворным маршалам Вялiкага княства Лiтоўскага. Той стары герб узялi за аснову, i з 2006 года ён з’яўляецца афiцыйным сiмвалам горада.

…Год 1942-i. Час неверагодных выпрабаванняў. На здымку ўнiзе — Галiна Iванаўна Пагарэлава цяпер i тады, у далёкiя саракавыя. Цяжка знайсцi падабенства, але тая ж цёплая ўсмешка i жывы позiрк вачэй не даюць магчымасцi памылiцца. Пасля заканчэння медыцынскага вучылiшча Галiна Пагарэлава добраахвотнiкам пайшла на фронт. Разам з дзвюма сваiмi сяброўкамi служыла ў санiтарным цягнiку. Пасля чарговага налёту нямецкiх самалётаў (было страшна, вельмi страшна) яе дзве сяброўкi загiнулi. Сама Галiна была паранена. Пасля папраўкi зноўку дапамагала выходжваць параненых байцоў Чырвонай армii. Колькi разоў была на краi гiбелi – i пералiчыць цяжка. Вайна для медсястры Пагарэлавай закончылася толькi ў снежнi 45-га. Лёс закiнуў у горад Шчучын. I з таго часу адважная жанчына жыве тут. Працавала ў мясцовай бальнiцы па сваёй спецыяльнасцi — медыцынская сястра.

Памяць не ахопiць цалкам i адразу тыя векапомныя днi, калi здабывалася Перамога. Вялiкi гэта цуд — жыццё. I дзякуючы непрыкметнаму подзвiгу мiльёнаў такiх простых людзей, як Галiна Iванаўна, мы цяпер можам спакойна жыць, працаваць i быць упэўненымi ў тым, што ў такiм блакiтным, добрым, родным небе нiколi не будуць ракатаць варожыя самалёты.

Трэба жыць i радавацца гэтаму. Маладая мама Вiкторыя Каржова ў час прагулкi са сваёй дачкой i не спадзявалася нават, што сустрэне сталiчнага фотакарэспандэнта. Адно iмгненне – i шчаслiвы момант ужо ў кадры. Хай жа такiх iмгненняў будзе намнога болей.

А цi цяжка ў наш час быць фермерам? Пра гэта лепш за ўсё спытацца ў Iвана Фелiксавiча i Людмiлы Iванаўны Яцэвiч. Новую тады справу яны пачыналi ў 1992 годзе. Былi першапраходцамi ў раёне. Яшчэ на пятым курсе Гро­дзенскага сельскагаспадарчага iнсты­тута яны пажанiлiся. Працава­лi ў саўгасе «Шчу­чынскi». Iшоў час перамен, i яны рызыкнулi весцi сваю спра­ву. Недасканалае на той час заканадаўства, агульная неразбярыха ў гэтай справе не сталi перашкодай, каб «весцi свой рой». Дабiцца вынiкаў i плёну ў працы дапа­маглi не толькi малады запал, натхненне, але i тое (i гэта, мабыць, галоўнае), што Яцэвiчы любiлi сваю зямельку, ведалi, як трэба працаваць, каб атрымаць патрэбны вынiк.

У iх было толькi чатыры тысячы рублёў. Малавата. Але яны дамовiлiся, што грошай у бацькоў браць не будуць. Iмпэт i добрая ўпартасць не дазвалялi гэта зрабiць. Пацiху ўсё наладзiлася. Чым толькi спачатку не займалiся. Урэшце рэшт сканцэнтравалiся на земляробстве. Цяпер у iх карыстаннi знаходзiцца 27 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў. А задумкi яшчэ ёсць. У вёсцы Касцянова зна­ходзiцца паўразваленая ся­дзiба старых часоў. Гэта пры­ваблiвае турыстаў i адпачываючых. Чаму ж не заняцца такiм папулярным цяпер агратурызмам? Сказана — зроблена. Засталося толькi ўзяць крэдыт. Спадзяёмся, што i гэта задумка фермераў Яцэвiчаў здзейснiцца. Нель­га не сказаць хоць адным радком пра iх дзетак. Адметна, што ўсе iмёны iх пачынаюцца з лiтары Д. Даша i Дзмiтрый ужо амаль дарослыя, а васьмiгадовы Данiiл (вельмi прыгожае i рэдкае iмя) жыве з бацькамi.

Калi зойдзеш у фiрменную краму «Шчучынаграпрадукт», то мiжволi ўспомнiцца яшчэ савецкi час, адметнай рысай якога былi чэргi за ўсiм i ўсюды. Дык вось, тут яны таксама маюць быць. А ўсё таму, што прадукты тут таннейшыя, чым у iншых гарадах рэспублiкi. Як кажуць, прыемна здзiўляюць. I гэта пацвярджае афiцыйная статыстыка. Таму пакупнiкi ахвотна наведваюць яе. Iдуць сюды не толькi мясцовыя жыхары, але i спецыяльна прыязджаюць з iншых месцаў. За такiмi да­лiкатэсамi можна i ў чарзе трохi пастаяць.

Марына Арлова (дарэчы, траюрадная пляменнiца Якуба Коласа) яшчэ гадоў дваццаць таму вырашыла займацца бiзнесам. Вялiкiх грошай не атрымалася, але ж яе кафэ «Стары горад» карыстаецца папулярнасцю сярод жыхароў Шчучына. Кропка харчавання стала (сказалiся каранi Коласа) своеасаблiвым культурным цэнтрам горада. Па-першае, тут адметнае меню: беларускiя стравы, якiя каштуюць не так i многа. Тут можна пакаштаваць блiнцоў, дранiкаў, верашчакi. Па-другое, у кафэ ладзяцца розныя творчыя сустрэчы, вечарыны, вернiсажы. Сама гаспадыня займаецца яшчэ i дабрачыннасцю. Стараецца нiкому не адмаўляць у дапамозе. Высакародная справа. Так трымаць i далей!

Галоўны рэдактар мясцовай газеты «Дзяннiца» Таццяна Ступакевiч — сапраўдны знаўца роднага краю, яго патрыёт. У многiм дзякуючы менавiта гэтай таленавiтай журналiстцы зроблены фотаздымкi для рубрыкi. Здаецца, яна ведае ўсё i пра горад, i пра раён, i пра iх жыхароў. За два гады яе працы на гэтай пасадзе тыраж газеты павялiчыўся амаль на тысячу экзэмпляраў, што для невялiкага Шчучына даволi адчувальна. А чаму ж не чытаць родную раёнку, калi тут адчуваецца пульс жыцця ўсяго рэгiёна? На здымку яна каля мясцовай славутасцi — своеасаблiвага Бiг-Бэна. Гэтую старую вежу з гадзiннiкам аднавiлi каля трох гадоў таму назад. Цяпер прыемна па­глядзець на збудаванне, якому ўжо амаль сто гадоў. I што характэрна, гадзiннiк на вежы паказвае дакладны час, можна звяраць па iм i наручныя.

«Харошага чалавека i павiнна быць шмат, — так жартам рэагуе Мiкалай Мiкалаевiч Шалешка, калi хто i зверне ўвагу на яго багатырскую фiгуру. Шчучын – гарадок невялiкi, таму дзядзьку Мiколу ведаюць многiя. А вядомы ён не толькi гэтым, але i тым, што вельмi ж смачныя i арыгiнальныя пячэ пiрагi. Галоўнае, што робiць гэта з вялiкiм задавальненнем, бо прысмакi гатуюцца не для сябе асабiста, а для людзей. А ўсё пачалося з таго, што Мiкалаю Мiкалаевiчу, калi выйшаў на пенсiю, аднойчы стала сумна. Рабiць няма чаго. Чым жа заняцца? I неяк сама прыйшла думка спячы пiрог. Цi стаў ён тым самым першым «камяком» – гiсторыя маўчыць. Але ж цяпер пiрагi ў Шалешкi выходзяць такiя здатныя, што i жанчыны пазайздросцяць. Ад шчырага сэрца Мiкалай Мiкалаевiч дорыць людзям свае вырабы. Проста так. I не толькi па святах, але i ў звычайныя днi. Калi ўзнiкла нейкая нагода наведаць пошту, урача цi майстэрню, усе работнiкi ведаюць, што да чаю будзе ў iх адмысловы дэсерт. Каб трымаць сябе ў форме, Шалешка штодня праязджае на веласiпедзе 20 кiламетраў. А яшчэ ён вялiкi аматар рускай лазнi. А якая ж парылка без венiка? У 45 кiламетрах ад горада ён прыкмецiў бярозавы гаёчак, з таго часу i нарыхтоўвае там для лазнi венiчкi. Атрымлiваюцца яны ў Мiкалая Мiкалаевiча хвацкiя, як i пiрагi. Тут ужо нiводная жанчына гэтак спрытна не ўправiцца.

Алена Яўгенаўна Лiсоўская — намеснiк дырэктара гiмназii па навукова-метадычнай рабоце. Працуе шмат, але калi справа ў радасць, то працаваць няцяжка. Разам з навучэнцамi яна прымае ўдзел у жыццi навучальнай установы. У гiмназii ёсць добрая традыцыя: штогод 21 кастрычнiка навучэнцы саджаюць дрэвы. За ўвесь час пасаджана iх больш як дзве тысячы. Тут, у гiмназii, распрацавана i дзейнiчае так званая экалагiчная сцяжына. Усе жадаючыя могуць ажыццявiць вандроўку па родных мясцiнах. Здаецца, што новага можна ўбачыць у навакольных лясах? Аднак менавiта гiмназiсты адшукалi побач з горадам даволi рэдкiя для Беларусi вiды дрэў: сiбiрскi кедр, шаўкоўнiцу, сасну Веймутава, буйналiстую лiпу, арэх маньчжурскi i г.д. Ну а вучоба? Вядома ж, яна на першым месцы.

Пасля заканчэння Мiнскага тэхналагiчнага тэхнiкума ў раённым Доме культуры працуюць дзве Таццяны – Гаўрылава i Крылуцкая. У кожным горадзе, безумоўна, ёсць свае таленты, свая мастацкая самадзейнасць. I каб яе ўдзельнiкi адрознiвалiся сваiм адзеннем адзiн ад аднаго – у гэтым заключаецца праца i творчы пошук мадэльераў. Касцюмы ў iх атрымлiваюцца прыгожыя i здатныя. Прыемна i самому надзець, i людзям паглядзець.

Тут жа, у РДК, працуе рэжысёрам Веранiка Раманчык. Дастаткова ўважлiва ўгледзецца ў яе фотаздымак, каб убачыць нешта агульнае з рысамi твару знакамiтай зямлячкi Алаiзы Пашкевiч (Цёткi). Веранiка ладзiць розныя культурныя мерапрыемствы i робiць гэта добра, як i належыць маладому спецыялiсту.

Але ж лепшы рэжысёр – само жыццё, якое непрыкметна расстаўляе ўсiх па сваiх месцах. Так яно i цячэ ў прыгожым старадаўнiм гарадку пад назвай Шчучын.

P.S. Дапытлiвы чытач мае поўнае права спытацца, а чаму такая назва артыкула? Адказваем i спадзяёмся, што ўсё стане зразумелым. У час наведвання Шчучына адна з гараджанак сказала прыкладна так: «Наш горад – самы вялiкi з малых гарадоў». Ну i сама сабой з’явiлася фраза: «Гаспадар вялiкi Шчучын»…

 

Вось такi ён, Шчучын.

 

Ветэран вайны Галiна ПАГАРЭЛАВА.

 

Маладая мама Вiкторыя КАРЖОВА з дачкой.

 

Рэдактар раённай газеты «Дзяннiца» Таццяна СТУПАКЕВIЧ. 

 

Фермеры Iван i Людмiла ЯЦЭВIЧ.

 

Гаспадыня кафэ «Стары горад» Марына АРЛОВА.

 

«Савецкая» чарга ў краме.

 

Мадэльеры-канструктары адзення Таццяна ГАЎРЫЛАВА i Таццяна КРЫЛУЦКАЯ.

 

добры чалавек Мiкалай ШАЛЕШКА.

 

Рэжысёр РДК Веранiка РАМАНЧЫК. 

 

Намеснiк дырэктара гiмназii Алена ЛІСОЎСКАЯ. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter